§ 26-1. Адукацыя на беларускіх землях у другой палове ХVI — ХVIII ст.

4. Рэформы Адукацыйнай камісіі

У 1773 г. папа рымскі забараніў дзейнасць ордэна езуітаў. Гэтая падзея была выкарыстана ў Рэчы Паспалітай для ажыццяўлення кардынальных змен у адукацыі. Не толькі езуіцкая сістэма адукацыі, але і ўся маёмасць ордэна былі перададзены спецыяльна створанай Адукацыйнай камісіі. Яна стала першым у свеце міністэрствам адукацыі — дзяржаўным органам, які павінен быў адкрываць навучальныя ўстановы, заказваць напісанне падручнікаў, набіраць настаўнікаў. Адметнасцю Адукацыйнай камісіі быў яе цалкам свецкі характар.

Сярод прадметаў вылучаліся прыродазнаўчыя і гуманітарныя, а таксама дысцыпліны аб маральнасці  пра добрыя і дрэнныя ўчынкі, адносіны да слуг і паноў. Асаблівая ўвага надавалася фізічнаму выхаванню. Мовай навучання была польская, але не выключалася вывучэнне іншых моў. Адукацыя насіла ўсесаслоўны характар.

У 1783 г. быў прыняты адзіны для ўсіх школ Рэчы Паспалітай Статут навучання, які прадугледжваў падзел школ на тры тыпы: пачатковыя (парафіяльныя), сярэднія (акруговыя, падакруговыя), вышэйшыя (Галоўныя школы). На тэрыторыі Беларусі былі адкрыты каля 200 пачатковых і 20 сярэдніх школ, у Галоўную школу ВКЛ была пераўтворана Віленская езуіцкая акадэмія.

З дапамогай магнатаў адукацыя распаўсюджвалася і на прыватных землях. Для сваіх сялян магнаты маглі адкрываць спецыялізаваныя прафесійныя школы: медыцынскія, сельскагаспадарчыя, фінансавыя. З’яўляліся ваенныя і мастацкія навучальныя ўстановы. Адна з самых вядомых такіх устаноў  медыцынская школа ў Гародні, арганізаваная Антоніям Тызенгаўзам. Пад кіраўніцтвам француза Жана Жылібера яна змагла падрыхтаваць тры выпускі спецыялістаў.

Адукацыйная камісія стварыла падручнікі для ўсіх тыпаў школ. У якасці выкладчыкаў працавалі прафесары піярскіх, езуіцкіх і іншых каталіцкіх царкоўных школ.

На жаль, правядзенне адукацыйнай рэформы было спынена падзеламі Рэчы Паспалітай. Вопыт дзейнасці Адукацыйнай камісіі пазней быў увасоблены ў адукацыйнай рэформе імператара Аляксандра І.