§ 26-1. Адукацыя на беларускіх землях у другой палове ХVI — ХVIII ст.

1. Царкоўны характар адукацыі

У канцы XVI ст. у ВКЛ пад уплывам Рэфармацыі і Контррэфармацыі адбыліся значныя змены ў сістэме адукацыі, звязаныя са з’яўленнем новых навучальных устаноў рознага адукацыйнага ўзроўню і розных канфесій (каталіцкіх, пратэстанцкіх, праваслаўных, уніяцкіх). Выключнай з’явай стала адкрыццё ў 1579 г. у ВКЛ Віленскай езуіцкай акадэміі (Віленскага ўніверсітэта).

Пры Акадэміі існавалі бібліятэка, друкарня, астранамічная лабараторыя.

У лік першых выкладчыкаў універсітэта ўваходзілі шырока вядомы заснавальнік эканамічнай тэорыі, прадстаўнік фармальна-рэлігійнай логікі, філосаф  Марцін Сміглецкі (яго «Логіка» тройчы перавыдавалася ў Англіі для студэнтаў Оксфардскага ўніверсітэта), прафесар матэматыкі Освальд Крыгер (адзін з першых стаў знаёміць студэнтаў з геліяцэнтрычнай сістэмай Каперніка).