§ 26-1. Адукацыя на беларускіх землях у другой палове ХVI — ХVIII ст.

3. Езуіцкая сістэма адукацыі

З’яўленне езуітаў у ВКЛ у 1560-х гг. абумовіла распаўсюджанне іх школ – калегіумаў. Віленскі езуіцкі калегіум у 1579 г. быў ператвораны ў вышэйшую навучальную ўстанову — Віленскі ўніверсітэт. Выпускнікі калегіумаў добра валодалі лацінскай і польскай мовамі, мелі трывалыя навыкі ў рыторыцы, што асабліва цанілася шляхтай у прадбачанні соймавай ці прыдворнай кар’еры нашчадкаў. Езуіцкая сістэма адукацыі была дэталёва рэгламентавана, жорстка кантралявалася настаўнікамі і кіраўніцтвам ордэна, мела мэтай умацаванне пазіцый каталіцтва ў ВКЛ.

Асноўным стымулам у навучанні езуіты лічылі спаборніцтва. Кожны вучань меў свайго саперніка, і вялікім гонарам лічылася пераўзысці ў ведах равеснікаў. Пераможцы атрымлівалі ўзнагароды — напрыклад, займалі ганаровыя месцы ў класным пакоі. А вось тыя, хто адставаў, нават насілі «асліныя вушы». Настаўнікі карысталіся аўтарытэтам у навучэнцаў з прычыны сваіх багатых ведаў, педагагічнага таленту і строгасці. Фізічныя пакаранні (розгі) выкарыстоўваліся зрэдку. Пакаранне ажыццяўляў спецыяльны чалавек — карэктар.