§ 26-1. Адукацыя на беларускіх землях у другой палове ХVI — ХVIII ст.

2. Брацкія праваслаўныя і пратэстанцкія школы

Да 1658 г. у Рэчы Паспалітай дзейнічалі арыянскія школы. Існавалі яны ў Іўі, Клецку, Любчы, Лоску, Нясвіжы і іншых гарадах. Школы мелі 3–5 класаў. Вучні апрача багаслоўя вывучалі творы старажытных мысліцеляў, грэчаскую, лацінскую, польскую і беларускую мовы, рыторыку, этыку, музыку, медыцыну. У дзяцей выхоўвалі павагу да чалавека і яго розуму, вучылі мысліць самастойна. Самай вядомай лічылася школа ў мястэчку Іўе (раённы цэнтр Гродзенскай вобласці). Яе рэктар Ян Намыслоўскі (пачатак 1560-х – 1633/1636 гг.) распрацаваў спецыяльную праграму навучання і напісаў некалькі падручнікаў.

У другой палове XVI — першай палове XVII ст. у Віцебску, Глыбокім, Заслаўі, Івянцы, Менску, Оршы і іншых гарадах дзейнічалі кальвінісцкія школы. У 1617 г. у Слуцку Янушам Радзівілам была заснавана кальвінісцкая гімназія, якая праіснавала да 1918 г. Асноўная ўвага ў іх надавалася рэлігійнаму навучанню. Таксама вывучаліся старажытнагрэчаская, лацінская, беларуская і польская мовы, рыторыка, гісторыя, матэматыка, антычная паэзія і інш. Навучанне прыцягвалася ад 6 да 10 гадоў.

У ліку першых брацкіх праваслаўных школ былі адкрыты школы ў Вільні (каля 1585 г.), Магілёве (1590 г.), Берасці (1591 г.). Пасля пачатковай адукацыі ў іх вывучалі скарочаныя цыклы «трывіуму» (граматыка, рыторыка, дыялектыка), і «квадрывіуму» (арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка). Асаблівая ўвага надавалася вывучэнню царкоўнаславянскай мовы, у якой бачылі сродак процістаяння каталіцтву. У дзейнасці ўніяцкіх навучальных устаноў выразна прасочвалася тэндэнцыя да сінтэзу духоўных уплываў праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Ва ўсе вышэйназваныя навучальныя ўстановы ВКЛ, як і ў астатнія,  вучні прымаліся незалежна ад іх паходжання, рэлігійнай ці саслоўнай прыналежнасці.