§ 26. Уплыў Асветніцтва на развіццё культуры Беларусі

4. Мастацкая культура

На тэрыторыі Беларусі мастацкая культура ў другой палове XVIII ст. так і не стала цалкам свецкай. Па-ранейшаму захоўваліся традыцыі іканапісу, аднак абразы сталі ствараць не толькі на дрэве, але і на палатне. Акрамя таго, адчувалася набліжэнне да асноўных заходнееўрапейскіх мастацкіх стыляў. Так, «Мадонна ў вянку» з Докшыц нагадвае па стылі школу П. Рубенса. Шматпланавы алтар­ны роспіс XVIII ст. стаў вельмі блізкім да графікі і жывапісу Заходняй Еўропы. Падобныя працэсы назіраліся не толькі ў каталіцкай і ўніяцкай, але і ў права­слаўнай царкве.

Адбыліся змены ў стылі напісання абразоў. Малюнак стаў больш зразумелым для шырокіх слаёў насельніцтва (магілёўская школа, «Нараджэнне Хрыстова» з Баркулабаўскага манастыра). Калі чалавек прыходзіў у храм, то павінен быў адчуць падабенства вобразаў прыроды, горада, адзення да сучаснасці. Цыкл «Страсці Хрыстовы», як і цыклы, прысвечаныя жыццю святых, імкнуўся раскрыць сэнс Евангелля і закласці адпаведную манеру паводзін.

Для эпохі Асветніцтва характэрнае распаўсюджанне асаблівага стылю познебарочнага прымітыву. Большасць уніяцкіх абразоў выкананы мастакамі, якія недахоп прафесійнай падрыхтоўкі кампенсавалі рэалізмам і экспрэсіяй. Такі стыль захоўваўся ва ўніяцкай царкве і ў пачатку ХІХ ст.

Аднак найбольшага развіцця дасягнуў партрэтны жанр. У першай палове XVIII ст. у ім адчуваўся ўплыў французскай школы і дрэздэнскага каралеўскага двара, калі пачалі з’яўляцца вялікія серыі парадных сядзібных партрэтаў — ​на­прыклад, партрэты Радзівілаў, аздобленыя лаўравымі вянкамі. Ствараліся спецыяльныя партрэты, якія прысвячаліся першапродкам роду ці памерлым асобам, чые выявы не захаваліся. Падобныя партрэты павінны былі паказаць сувязь паміж прадстаўнікамі розных родаў і легендарную гісторыю сям’і.

У канцы XVIII ст. сфарміравалася акадэмічная мастацкая школа жывапісу ў Вільні. Францішак Смуглевіч не толькі заснаваў кафедру жывапісу і малюнка, але і прымаў удзел у фіксаванні і рэканструяванні мастацкага мінулага ВКЛ. Яго алоўку належаць замалёўкі інтэр’ераў Трокскага замка князя Вітаўта, страчаныя сёння.



Манументальны жывапіс зрабіўся больш дасканалым. Ад XVIII ст. захавалася каля 15 помнікаў, большасць з якіх знаходзілася ў сталіцы ВКЛ (напрыклад, універсітэцкі касцёл Св. Яна) ці магнацкіх рэзідэнцыях (Нясвіж). Размалёўкі 1760-х гг., што аздаблялі будынкі знутры, — гэта паасобку размешчаныя сцэны аднаго цыкла ці сюжэтныя кампазіцыі.

Уражвае каларыстыка: адценні розных колераў ствараюць ілюзію аб’ёму прасторы. Цікава тое, што кампазіцыі часам пераймаюць працы галандскага мастака П. Рубенса. Зварот да яго творчасці быў характэрны для тагачаснага жывапісу.

У падобнай манеры ўпрыгожваліся ў асноўным нешматлікія манастырскія касцёлы (піяраў, базыльян). Прыходскія цэрквы мелі больш танны інтэр’ер, у якім акцэнт рабіўся на алтарнай частцы. Асобныя мастакі і арцелі мастакоў працавалі па ўсёй дзяржаве. Таму адны і тыя ж аўтары маглі пакінуць свае творы і ў Шчучыне, і ў Луцку, і ў Любліне.