Print bookPrint book

§ 26. Уплыў Асветніцтва на развіццё культуры Беларусі

 1. Што такое Асветніцтва?
2. Назавіце асноўныя ідэі, прапанаваныя ідэолагамі Асветніцтва.

Site: Профильное обучение
Course: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Book: § 26. Уплыў Асветніцтва на развіццё культуры Беларусі
Printed by: Guest user
Date: Saturday, 18 May 2024, 2:15 PM

1. Асаблівасці культуры Асветніцтва на беларускіх землях

Моцны ўплыў на беларускія землі ў другой палове XVIII ст. аказалі ідэі Асветніцтва, накіраваныя на ўсталяванне буржуазнага ладу і барацьбу супраць феадальных парадкаў.

На тэрыторыі Беларусі Асветніцтва не набыло рэвалюцыйнага характару, як у Францыі. Новыя ідэі ўкараняліся шляхам рэформаў, а іх праваднікамі з’яўляліся прагрэсіўныя прадстаўнікі шляхты і духавенства. Асветніцтва было арыентавана на вырашэнне сялянскага пытання. Грамадскія дзеячы хацелі, каб сяляне мелі роўныя правы з іншымі саслоўямі і маглі вучыцца ў школе.

Да вядомых прадстаўнікоў Асветніцтва адносіцца Іахім Храптовіч (1729—1812). Ён пісаў вершы на польскай мове, заснаваў у Варшаве «Таварыства сяброў навук». У маёнтку Шчорсы пад Новагародкам І. Храптовіч арганізаваў узорную сельскагаспадарчую абшчыну, якая стала вядомая далёка за межамі краіны, а таксама вялікую бібліятэку, якая налічвала звыш 10 тыс. кніг.

На аснове ідэй Асветніцтва ствараліся палітычныя праекты, накіраваныя на ліквідацыю магнацка-шляхецкага безуладдзя, права «ліберум вета», саслоўнай нераўнапраўнасці. Адна частка асветнікаў выступала за дзяржаву з моцнай каралеўскай уладай, іншыя лічылі, што ў Рэчы Паспалітай улада павінна належаць парламенту і падзяляцца на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.

   

2. Грамадска-палітычная думка

З другой паловы XVIII ст. можна казаць пра пашырэнне французскіх ідэй вальнадумства і грамадзянскасці, якія патрабавалі вызваліць грамадства з-пад кантролю царквы, ператварыць патрыятызм у агульную справу.

З мая 1776 г. пачала выходзіць першая газета на тэрыторыі Беларусі — «Газета Гродзенская». Раней пачаўся выпуск «Кур’ера Віленскага». На старонках гэтых выданняў змяшчалася інфармацыя пра паўсядзённае жыццё людзей, навіны краю, гістарычныя нарысы. Папулярнасцю сярод адукаваных колаў грамадства карысталіся «каляндарыкі» — ​зборнікі карыснай інфармацыі па штодзённых справах, гісторыі. «Палітычныя каляндарыкі» ў 1730—1740-я гг. выдаваў Ян Пашакоўскі, пазней яго справу працягнуў Францішак Папроцкі.

Пашыралася ідэя адукацыі грамадства. Традыцыйная сармацкая культура шляхты пачала разглядацца як з’ява, якая запавольвала развіццё дзяржавы. З такімі ідэямі выступалі фізіякраты. Ствараліся грамадскія таварыствы, якія займаліся пашырэннем ведаў сярод шляхты і нават простага народу. Асноўная ўвага надавалася выхаванню, таму ідэі Ж. Ж. Русо набылі папулярнасць у Рэчы Паспалітай. Ідэалізацыя выхавання прывяла да пераасэнсавання ролі простага чалавека. Як у Францыі, так і ў Рэчы Паспалітай пашыраліся ідэі вызвалення сялян ад прыгону. Напрыклад, ураджэнец Берасцейшчыны багаслоў Міхал Карповіч асуджаў прыгоннае права. Падобных ідэй прытрымліваўся і Іахім Храптовіч. Адам Нарушэвіч адкрыта называў прыгон прычынай крызісу Рэчы Паспалітай.


У другой палове XVIII ст. з’явіліся палітычныя праекты ўзмацнення краіны.

 

3. Навуковыя дасягненні

У пашырэнні навуковых ведаў і развіцці розных галін навукі на беларускіх землях Рэчы Паспалітай эпоха Асветніцтва займае вядучае месца. Падрыхтоўку будучых навукоўцаў ажыццяўлялі піярскія школы ў другой трэці XVIIІ ст. Іх выпускнікі спрыялі развіццю навуковай думкі і свецкай адукацыі ў ВКЛ.

4. Мастацкая культура

На тэрыторыі Беларусі мастацкая культура ў другой палове XVIII ст. так і не стала цалкам свецкай. Па-ранейшаму захоўваліся традыцыі іканапісу, аднак абразы сталі ствараць не толькі на дрэве, але і на палатне. Акрамя таго, адчувалася набліжэнне да асноўных заходнееўрапейскіх мастацкіх стыляў. Так, «Мадонна ў вянку» з Докшыц нагадвае па стылі школу П. Рубенса. Шматпланавы алтар­ны роспіс XVIII ст. стаў вельмі блізкім да графікі і жывапісу Заходняй Еўропы. Падобныя працэсы назіраліся не толькі ў каталіцкай і ўніяцкай, але і ў права­слаўнай царкве.

Адбыліся змены ў стылі напісання абразоў. Малюнак стаў больш зразумелым для шырокіх слаёў насельніцтва (магілёўская школа, «Нараджэнне Хрыстова» з Баркулабаўскага манастыра). Калі чалавек прыходзіў у храм, то павінен быў адчуць падабенства вобразаў прыроды, горада, адзення да сучаснасці. Цыкл «Страсці Хрыстовы», як і цыклы, прысвечаныя жыццю святых, імкнуўся раскрыць сэнс Евангелля і закласці адпаведную манеру паводзін.

Для эпохі Асветніцтва характэрнае распаўсюджанне асаблівага стылю познебарочнага прымітыву. Большасць уніяцкіх абразоў выкананы мастакамі, якія недахоп прафесійнай падрыхтоўкі кампенсавалі рэалізмам і экспрэсіяй. Такі стыль захоўваўся ва ўніяцкай царкве і ў пачатку ХІХ ст.

Аднак найбольшага развіцця дасягнуў партрэтны жанр. У першай палове XVIII ст. у ім адчуваўся ўплыў французскай школы і дрэздэнскага каралеўскага двара, калі пачалі з’яўляцца вялікія серыі парадных сядзібных партрэтаў — ​на­прыклад, партрэты Радзівілаў, аздобленыя лаўравымі вянкамі. Ствараліся спецыяльныя партрэты, якія прысвячаліся першапродкам роду ці памерлым асобам, чые выявы не захаваліся. Падобныя партрэты павінны былі паказаць сувязь паміж прадстаўнікамі розных родаў і легендарную гісторыю сям’і.

У канцы XVIII ст. сфарміравалася акадэмічная мастацкая школа жывапісу ў Вільні. Францішак Смуглевіч не толькі заснаваў кафедру жывапісу і малюнка, але і прымаў удзел у фіксаванні і рэканструяванні мастацкага мінулага ВКЛ. Яго алоўку належаць замалёўкі інтэр’ераў Трокскага замка князя Вітаўта, страчаныя сёння.



Манументальны жывапіс зрабіўся больш дасканалым. Ад XVIII ст. захавалася каля 15 помнікаў, большасць з якіх знаходзілася ў сталіцы ВКЛ (напрыклад, універсітэцкі касцёл Св. Яна) ці магнацкіх рэзідэнцыях (Нясвіж). Размалёўкі 1760-х гг., што аздаблялі будынкі знутры, — гэта паасобку размешчаныя сцэны аднаго цыкла ці сюжэтныя кампазіцыі.

Уражвае каларыстыка: адценні розных колераў ствараюць ілюзію аб’ёму прасторы. Цікава тое, што кампазіцыі часам пераймаюць працы галандскага мастака П. Рубенса. Зварот да яго творчасці быў характэрны для тагачаснага жывапісу.

У падобнай манеры ўпрыгожваліся ў асноўным нешматлікія манастырскія касцёлы (піяраў, базыльян). Прыходскія цэрквы мелі больш танны інтэр’ер, у якім акцэнт рабіўся на алтарнай частцы. Асобныя мастакі і арцелі мастакоў працавалі па ўсёй дзяржаве. Таму адны і тыя ж аўтары маглі пакінуць свае творы і ў Шчучыне, і ў Луцку, і ў Любліне.

  

Пытанні і заданні

 1. На якія праблемы звярнулі ўвагу прадстаўнікі грамадска-палітычнай думкі ў другой палове ХVІІ—​ХVІІІ ст.? Выкарыстайце для адказу табліцу «Прадстаўнікі грамадска-палітычнай думкі ВКЛ і іх галоўныя ідэі». Складзіце ментальную карту.
2. Вызначце асаблівасці развіцця мастацтва і архітэктуры ў другой палове XVIII ст.
3. Якія галіны навукі пачалі развівацца ў Беларусі ў эпоху Асветніцтва і чаму?
4. Вызначце асноўныя ідэі і асаблівасці эпохі Асветніцтва ў ВКЛ. Пабудуйце схему, гекс або ментальную карту.
5. Падрыхтуйце інфаграфіку, прысвечаную аднаму з дзеячаў эпохі Асветніцтва.