§ 26. Уплыў Асветніцтва на развіццё культуры Беларусі

1. Асаблівасці культуры Асветніцтва на беларускіх землях

Моцны ўплыў на беларускія землі ў другой палове XVIII ст. аказалі ідэі Асветніцтва, накіраваныя на ўсталяванне буржуазнага ладу і барацьбу супраць феадальных парадкаў.

На тэрыторыі Беларусі Асветніцтва не набыло рэвалюцыйнага характару, як у Францыі. Новыя ідэі ўкараняліся шляхам рэформаў, а іх праваднікамі з’яўляліся прагрэсіўныя прадстаўнікі шляхты і духавенства. Асветніцтва было арыентавана на вырашэнне сялянскага пытання. Грамадскія дзеячы хацелі, каб сяляне мелі роўныя правы з іншымі саслоўямі і маглі вучыцца ў школе.

Да вядомых прадстаўнікоў Асветніцтва адносіцца Іахім Храптовіч (1729—1812). Ён пісаў вершы на польскай мове, заснаваў у Варшаве «Таварыства сяброў навук». У маёнтку Шчорсы пад Новагародкам І. Храптовіч арганізаваў узорную сельскагаспадарчую абшчыну, якая стала вядомая далёка за межамі краіны, а таксама вялікую бібліятэку, якая налічвала звыш 10 тыс. кніг.

На аснове ідэй Асветніцтва ствараліся палітычныя праекты, накіраваныя на ліквідацыю магнацка-шляхецкага безуладдзя, права «ліберум вета», саслоўнай нераўнапраўнасці. Адна частка асветнікаў выступала за дзяржаву з моцнай каралеўскай уладай, іншыя лічылі, што ў Рэчы Паспалітай улада павінна належаць парламенту і падзяляцца на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.