§ 26. Уплыў Асветніцтва на развіццё культуры Беларусі

2. Грамадска-палітычная думка

З другой паловы XVIII ст. можна казаць пра пашырэнне французскіх ідэй вальнадумства і грамадзянскасці, якія патрабавалі вызваліць грамадства з-пад кантролю царквы, ператварыць патрыятызм у агульную справу.

З мая 1776 г. пачала выходзіць першая газета на тэрыторыі Беларусі — «Газета Гродзенская». Раней пачаўся выпуск «Кур’ера Віленскага». На старонках гэтых выданняў змяшчалася інфармацыя пра паўсядзённае жыццё людзей, навіны краю, гістарычныя нарысы. Папулярнасцю сярод адукаваных колаў грамадства карысталіся «каляндарыкі» — ​зборнікі карыснай інфармацыі па штодзённых справах, гісторыі. «Палітычныя каляндарыкі» ў 1730—1740-я гг. выдаваў Ян Пашакоўскі, пазней яго справу працягнуў Францішак Папроцкі.

Пашыралася ідэя адукацыі грамадства. Традыцыйная сармацкая культура шляхты пачала разглядацца як з’ява, якая запавольвала развіццё дзяржавы. З такімі ідэямі выступалі фізіякраты. Ствараліся грамадскія таварыствы, якія займаліся пашырэннем ведаў сярод шляхты і нават простага народу. Асноўная ўвага надавалася выхаванню, таму ідэі Ж. Ж. Русо набылі папулярнасць у Рэчы Паспалітай. Ідэалізацыя выхавання прывяла да пераасэнсавання ролі простага чалавека. Як у Францыі, так і ў Рэчы Паспалітай пашыраліся ідэі вызвалення сялян ад прыгону. Напрыклад, ураджэнец Берасцейшчыны багаслоў Міхал Карповіч асуджаў прыгоннае права. Падобных ідэй прытрымліваўся і Іахім Храптовіч. Адам Нарушэвіч адкрыта называў прыгон прычынай крызісу Рэчы Паспалітай.


У другой палове XVIII ст. з’явіліся палітычныя праекты ўзмацнення краіны.