§ 25-1. Ідэалогія «сарматызму» ў культурных працэсах

2. Шляхціц-сармат. Місія Рэчы Паспалітай як «ідэальнай дзяржавы»

Трэба заўважыць, што ўяўленне пра шляхціца-сармата складвалася паступова. У яго аснове знаходзіўся вобраз воіна, які бярэ на сябе адказнасць за лёс дзяржавы, за залежных ад яго людзей, у тым ліку сялян і мяшчан. Паступова фарміраваліся адметныя рысы сармата-патрыёта, вызначаныя паходжаннем, верай і мовай.

Менавіта гісторыя роду пачала фарміраваць светаўспрыманне шляхты. Гербавая традыцыя і родавыя легенды звязвалі шляхціца з гісторыяй дзяржавы, маёмасцю і стваралі рэгіянальную і агульнадзяржаўную шляхецкую салідарнасць.

Эпоха барока шчыльна звязана з Контррэфармацыяй і ўзмацненнем пазіцый каталіцкай царквы ў грамадстве. Гэта адчула на сябе шляхта ВКЛ. За рэдкім выключэннем, большасць шляхты беларуска-літоўскіх зямель да сярэдзіны XVIІ ст. перайшла ў каталіцтва. Гэтаму спрыялі спецыфіка сістэмы адукацыі і ваенныя паходы супраць Расіі і запарожскіх казакоў. З 1696 г. агульнай мовай справаводства ў Рэчы Паспалітай стала польская мова, але да гэтага часу яна ўжо была мовай шляхты ўсёй дзяржавы.

Рэч Паспалітая на працягу ўсяго часу свайго існавання вяла амаль бесперапынныя войны на поўдні, усходзе і поўначы. Калі на поўначы і ўсходзе ёй супрацьстаялі хрысціянскія Швецыя і Расія, то ворагамі з поўдня былі Крымскае ханства і Турцыя — ісламскія краіны, якія лічыліся аб’ектам свяшчэннай вайны. Нездарма пасля шэрагу перамог над туркамі ў XVIІ ст. (Хоцінская бітва, бітва пад Венай) шляхта Рэчы Паспалітай  разглядала сябе як «вызваліцеля Еўропы» і «ўсходні мур Еўропы». Войскі шляхты з усёй дзяржавы змагаліся супраць турак і паміралі ў Малдавіі і Аўстрыі дзеля ідэі абароны Еўропы ад турэцкага панавання. Вобразам-ідэалам палітыка, вызваліцеля, узорам сармата стаў кароль Ян ІІІ Сабескі.

Паступова сармацкая ідэя эвалюцыянавала ў кансерватызм шляхты, якая не жадала новаўвядзенняў і рэформаў, лічыла палітычны лад краіны ўзорам для ўсяго свету. У другой палове XVIII ст. з пачаткам рэформаў слова «сармат» змяніла сваё значэнне. Пад ім сталі разумець кансерватара ў палітыцы, неадукаванага, пазбаўленага культурных манер чалавека.