Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 25-1. Ідэалогія «сарматызму» ў культурных працэсах

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Падручнік: § 25-1. Ідэалогія «сарматызму» ў культурных працэсах
Надрукаваны: Гость
Дата: Субота 18 Травень 2024 3:50

1. Легенда аб сармацкім паходжанні шляхты Рэчы Паспалітай

У палітычнай культуры вельмі важную ролю адыграла шляхецкая ідэалогія сарматызму. Ідэя выключнага становішча знаці ў грамадстве, абумоўленага яе паходжаннем, бярэ вытокі ў творах польскага гісторыка Яна Длугаша, дзе ён спрабуе абгрунтаваць права асобных катэгорый насельніцтва ўдзельнічаць у палітычным жыцці дзяржавы.

Легенда аб сармацкім паходжанні шляхты з’яўлялася агульнаеўрапейскай тэндэнцыяй мяжы XV—XVI стст., калі знатныя людзі шукалі свае карані ў антычнай гісторыі. Ідэі Я. Длугаша  былі своеасабліва перапрацаваны ў хроніках XVI ст., складзеных М. Кромерам, А. Гваньіні, М. Стрыйкоўскім.

Шляхта беларускіх зямель паступова далучылася да шляхты-сарматаў. Гэтаму спрыялі ўяўленне пра магчымасць атрымання «залатых шляхецкіх вольнасцяў», сумесная ваенная барацьба супраць Швецыі, Расіі і Турцыі. Аднак не ўсе прадстаўнікі шляхты ВКЛ былі згодныя адразу стаць нашчадкамі сарматаў. У публіцыстычным творы «Размова паляка з ліцвінам» дакладна размяжоўваюцца два народы, якія мелі ўласныя краіны і асобнае паходжанне. Так, у сваім творы «Аб норавах» Міхалон Літвін рашуча выказаўся супраць паходжання шляхты ВКЛ ад італьянскіх продкаў, якія прыбылі ў ВКЛ разам з князем Палемонам. Ён лічыў, што тэрыторыя Княства была некалі заваявана Юліем Цэзарам і ператворана ў правінцыю Рыма. Большасць жа шляхты прыняла ідэю сармацкага паходжання.

2. Шляхціц-сармат. Місія Рэчы Паспалітай як «ідэальнай дзяржавы»

Трэба заўважыць, што ўяўленне пра шляхціца-сармата складвалася паступова. У яго аснове знаходзіўся вобраз воіна, які бярэ на сябе адказнасць за лёс дзяржавы, за залежных ад яго людзей, у тым ліку сялян і мяшчан. Паступова фарміраваліся адметныя рысы сармата-патрыёта, вызначаныя паходжаннем, верай і мовай.

Менавіта гісторыя роду пачала фарміраваць светаўспрыманне шляхты. Гербавая традыцыя і родавыя легенды звязвалі шляхціца з гісторыяй дзяржавы, маёмасцю і стваралі рэгіянальную і агульнадзяржаўную шляхецкую салідарнасць.

Эпоха барока шчыльна звязана з Контррэфармацыяй і ўзмацненнем пазіцый каталіцкай царквы ў грамадстве. Гэта адчула на сябе шляхта ВКЛ. За рэдкім выключэннем, большасць шляхты беларуска-літоўскіх зямель да сярэдзіны XVIІ ст. перайшла ў каталіцтва. Гэтаму спрыялі спецыфіка сістэмы адукацыі і ваенныя паходы супраць Расіі і запарожскіх казакоў. З 1696 г. агульнай мовай справаводства ў Рэчы Паспалітай стала польская мова, але да гэтага часу яна ўжо была мовай шляхты ўсёй дзяржавы.

Рэч Паспалітая на працягу ўсяго часу свайго існавання вяла амаль бесперапынныя войны на поўдні, усходзе і поўначы. Калі на поўначы і ўсходзе ёй супрацьстаялі хрысціянскія Швецыя і Расія, то ворагамі з поўдня былі Крымскае ханства і Турцыя — ісламскія краіны, якія лічыліся аб’ектам свяшчэннай вайны. Нездарма пасля шэрагу перамог над туркамі ў XVIІ ст. (Хоцінская бітва, бітва пад Венай) шляхта Рэчы Паспалітай  разглядала сябе як «вызваліцеля Еўропы» і «ўсходні мур Еўропы». Войскі шляхты з усёй дзяржавы змагаліся супраць турак і паміралі ў Малдавіі і Аўстрыі дзеля ідэі абароны Еўропы ад турэцкага панавання. Вобразам-ідэалам палітыка, вызваліцеля, узорам сармата стаў кароль Ян ІІІ Сабескі.

Паступова сармацкая ідэя эвалюцыянавала ў кансерватызм шляхты, якая не жадала новаўвядзенняў і рэформаў, лічыла палітычны лад краіны ўзорам для ўсяго свету. У другой палове XVIII ст. з пачаткам рэформаў слова «сармат» змяніла сваё значэнне. Пад ім сталі разумець кансерватара ў палітыцы, неадукаванага, пазбаўленага культурных манер чалавека.

3. Уплыў сарматызма на мастацкую культуру

У культуры Усходняй Еўропы сарматызм звязаны з арыенталізмам (усходнімі матывамі). Развіваючы тэму стэпавых войнаў, мастакі і літаратары з XVII ст. бралі за ўзор сармацкасці ў адзенні, побытавай архітэктуры і элементах дэкору дэталі асманскай і персідскай культуры. Асноўнымі атрыбутамі сармацкага стылю ў дэкоры з’яўляліся ўсходняя зброя (шабля, калчан, круглая тарча-шчыт), балдахін. У адзенні пачалі дамінаваць расшытыя золатам і срэбрам шырокія паясы і ўсходнія халаты-кунтушы.

Як асобы элемент мастацкай культуры можна вылучыць парадны сармацкі партрэт. Ён набыў папулярнасць у часы Стафана Баторыя. Прызначаўся партрэт для фарміравання калектыўнай памяці аб шляхецкім родзе.

У XVIII ст. пачалося стварэнне спецыяльных партрэтаў фундатараў касцёлаў і манастыроў. Гэтыя выявы размяшчаліся на сценах храмаў і ўтрымлівалі акрамя постаці чалавека дар, прынесены ім на карысць храма.

Такім чынам, ідэалогія сарматызму аказвала істотны ўплыў на культурныя працэсы XVI—XVIII стст. Былі сфарміраваны жанры літаратурнага, выяўленчага, тэатральнага мастацтваў, своеасаблівыя элементы палітычнай культуры, якія дазволілі стварыць адзіную шляхецкую культуру.

 

Пытанні і заданні

 1. Вызначце аснову, на якой грунтуецца ідэалогія сарматызму.
2. Выкажыце думку, навошта была неабходная легенда аб сармацкім паходжанні шляхты. Якія перадумовы садзейнічалі таму, што шляхта беларуска-літоўскіх зямель паступова была запісана ў склад шляхты-сарматаў?
3. Складзіце партрэт шляхціца-сармата ў выглядзе сінквейна.
4. Назавіце прычыны складвання жанру сармацкага партрэта ў мастацтве.
5. Які ўплыў аказвала ідэалогія сарматызму на культурныя і палітычныя працэсы на тэрыторыі Беларусі XVI—XVIII стст.? Для адказу складзіце схему (карту памяці).