§ 25. Барока ў культуры Беларусі

5. Музыка

Музычнае мастацтва было прадстаўлена царкоўнай і свецкай музыкай. У праваслаўных і ўніяцкіх храмах, манастырах развіваліся харавыя спевы. Хары выконвалі творы на 4 і болей галасоў. Захаваліся запісы асноў набажэнства і спеваў — напрыклад, рукапісныя ірмалоі. Яны прызначаліся для аднагалосага вакалу і так званага знаменнага распеву — па знаменным (крукавым) запісе. У ХVІІ ст. распаўсюдзіліся мясцовыя варыянты спеву — слуцкі, супрасльскі, магілёўскі і інш.

З другой паловы ХVІ ст. у Беларусі пачалі друкавацца зборнікі пратэстанцкіх песнапенняў з пяцілінейнымі еўрапейскімі нотамі. У беларускіх літургічных кнігах такія ноты ўпершыню былі выкарыстаны ў зборніку «Супрасльскі  Ірмалагіён», які стварыў Багдан Анісімавіч з Пінска ў 1598 г. Вядомым помнікам беларускай музыкі гэтага часу з’яўляецца таксама «Полацкі сшытак», запісаны круглымі італьянскімі нотамі, якія леглі ў аснову сучаснай нотнай граматы.  

Цэнтрам каталіцкай музыкі быў Віленскі ўніверсітэт. Там працавалі адукаваныя еўрапейскія кампазітары, якія рыхтавалі і друкавалі музычныя творы. У другой палове ХVІІ ст. Сігізмунд Лаўксмін выдаў першы ў Вялікім Княстве Літоўскім падручнік  па тэорыі харальных спеваў на лацінскай мове.

У касцёлах і ўніяцкіх храмах гучала арганная музыка, для якой патрабаваліся высокі ўзровень рамесніцкай тэхнікі і адпаведная акустыка. Арган — гэта клавішна-духавы музычны інструмэнт, самы вялікі ў свеце. З прычыны значнага памеру, асаблівасцяў гуку і тэмбру, ён лічыцца «каралём інструментаў». У Берасці ў сярэдзіне ХVІ ст. сваім майстэрствам славіўся арганіст Трошка. У 1611—1615 гг. на сродкі шляхціца Андрэя Скарульскага быў пабудаваны вялікі арган для нясвіжскага касцёла езуітаў. Адным з найлепшых арганаў ХVІІ ст. лічыцца інструмент Жыровіцкага базыльянскага манастыра.

Пры каралеўскім двары, у сядзібах магнатаў дзейнічалі прыгонныя аркестры і капэлы. Аркестравая музыка суправаджала спектаклі, балі, паляванні, ваенныя парады і рэлігійныя службы. Выконвалі творы як заходнееўрапейскіх, так і мясцовых кампазітараў — Міхала Казіміра Агінскага, Яна Давіда Голанда, Мацея Радзівіла і інш. Кіравалі аркестрамі знакамітыя еўрапейскія музыканты. Прыдворных аркестрантаў і спевакоў рыхтавалі ў прыватных школах. Такія навучальныя ўстановы былі ў Слуцку, Нясвіжы, Гародні, Паставах, Слоніме.

У школьных тэатрах езуітаў, дамініканцаў і іншых манаскіх ордэнаў пастаноўкі п’ес таксама суправаджаліся музыкай. Часам гучалі народныя мелодыі, а ў XVIІІ ст. вучні сталі выконваць нават оперныя творы.