§ 25. Барока ў культуры Беларусі

1. Літаратура і кніжная справа

У першай палове XVIІ ст. працягвалася развіццё друкарскай справы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Друкаваная кніга стала даступнай для больш шырокага кола людзей. Яна выконвала адукацыйныя і асветніцкія функцыі. У той час вучыліся чытаць не толькі па Псалтыры, але і з дапамогай буквароў — ​напрыклад, выкарыстоўвалі Еўеўскі буквар 1618 г. (Еўе — ​зараз г. Вевіс у Літве).

У першай палове XVII ст. актыўна развівалася палемічная літаратура. Аўтары — ​праваслаўныя, каталікі, уніяты, пратэстанты — ​імкнуліся даказаць слушнасць свайго хрысціянскага веравучэння. Утварыўся саюз праваслаўных і пратэстанцкіх прапаведнікаў супраць каталіцкіх ідэолагаў. Сярод апошніх вылучаецца постаць першага рэктара Віленскага ўніверсітэта Пятра Скаргі — ​майстра палемікі ў друку.

Пошук знакамітых продкаў з боку шляхты і магнатаў садзейнічаў стварэнню гербоўнікаў і родавых легендаў. У сярэдзіне XVII ст. прафесар Віленскага ўніверсітэта езуіт Альберт Віюк-Каяловіч напісаў «Гісторыю Літвы», у якой шмат увагі надаў паходжанню шляхецкіх родаў. Гісторыя паступова аддалялася ад багаслоўя і займала сваё асобнае месца сярод навук пра чалавека.

Пашыралася мемуарная літаратура ў форме дыярыушаў (дзённікаў) — ​напрыклад, дыярыушы Фёдара Еўлашоўскага, Афанасія Філіповіча; літаратура падарожжаў («Перэгрынацыя» Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі); біяграфіі («Аван­туры майго жыцця» Саламеі Пільштыновай-Русецкай).

Магнацкія роды спрабавалі сцвердзіць сваю ролю ў гісторыі не толькі ў творах літаратуры, але і іканаграфічнымі сродкамі. У іх рэзідэнцыях сталі з’яўляцца родавыя галерэі і альбомы.