§ 25. Барока ў культуры Беларусі

4. Архітэктура

Асабліва яскрава культура барока праявілася ў архітэктуры, як царкоўнай, так і свецкай. Рас­працоўваліся каноны архітэктуры барока — своеасаблівыя порцікі, праёмы і аздаб­ленне вокнаў, унутраны і знешні дэкор. Усё гэта знайшло ўвасабленне ў магнацкіх рэзідэнцыях. Першым узорам такіх навацый стала рэзідэнцыя Радзівілаў у Нясвіжы. Палацавы комплекс складаўся з асноўнага будынка, узмоцненай земляной фартыфікацыі, уязной брамы, замкнёнага двара і асобнага парку.

Новыя палацава-замкавыя комплексы былі закладзены ў Быхаве, Ляхавічах, Слуцку. Сталі перабудоўваць дзяржаўныя замкі. У гарадах ратушы пачалі ўзводзіць у стылі барока. Яны сталі шматфункцыянальнымі. Некаторыя ратушы ўпрыгожваў гарадскі гадзіннік.

Аднак перамены ў свецкай архітэктуры непараўнальныя з тымі, што адбываліся ў сакральным будаўніцтве. Храмавае будаўніцтва ў стылі барока пачалі развіваць розныя манаскія каталіцкія ордэны. Першынство сярод іх належала езуітам. Яны стваралі не проста храм, а цэлы царкоўны комплекс, які ўключаў храм, прыбудаваны да яго калегіум, кляштарныя памяшканні. Для аздаблення звонку і ўнут­ры храма дазвалялася выкарыстоўваць як роспіс сцен, ляпніну, так і розныя скульп­турныя фігуры святых. Многія абразы займелі сваю цудатворную гісторыю, якая прадугледжвала вылучэнне для яе своеасаблівай прасторы ў храме.

Асноўным тыпам храма стала трохнефавая базіліка. Шматпавярховасць да­зваляла выкарыстоўваць хоры для размяшчэння вялікіх арганаў і ўладкавання спецыяльных гаспадарчых памяшканняў. Знешне храм ператвараўся ў дамінуючы манументальны аб’ект гарадской ці сельскай прасторы. Будынак храма на высокім месцы быццам узносіўся над горадам.

У пачатку XVIII ст. на тэрыторыі ВКЛ атрымаў пашырэнне стыль т. зв. вілен­скага барока. Яго з’яўленне стала вынікам змен у прапорцыях званіц-вежаў і дэкоры храмаў, прыўнесеных стылем ракако. Узорам гэтага архітэктурнага кірунку стала творчасць Яна Глаўбіца (перабудова Сафійскага сабора ў Полацку, бернардынскага касцёла ў Менску).

У стылі барока будавалі не толькі каталіцкія храмы, але і праваслаўныя цэрквы і сінагогі. Асаблівасцю апошніх з’яўлялася захаванне функцыянальнасці — ​храмы служылі не толькі для малітвы, яны таксама былі месцам уратавання для яўрэяў горада.

Эпоха барока далучыла культуру беларускіх зямель да заходнееўрапейскай культуры. Аднак з прычыны шматканфесійнасці і поліэтнічнасці дзяржавы гэтыя працэсы праходзілі шляхам прыстасавання розных відаў мастацтва да мясцовых умоў, што заклала асновы самабытнай культуры барока ва Усходняй Еўропе.