§ 25. Барока ў культуры Беларусі

3. Выяўленчае мастацтва

У ХVІІ — ​першай палове ХVІІІ ст. эстэтычныя прынцыпы барока праніклі ў розныя віды выяўленчага мастацтва. Свецкі жывапіс характарызуецца развіццём такіх жанраў, як партрэт і батальнае мастацтва. Гэта забяспечвала патрэбы шляхты і магнатэрыі ў візуалізацыі гісторыі свайго роду і яго ўнёску ў праслаўленне дзяржавы. Даследчыкі вылучаюць рыцарскі, парад­ны, пахавальны партрэты.

Найбольшай папулярнасцю сярод шляхты карыстаўся так званы «сармацкі партрэт».  Ён характарызуецца сімвалічнымі ў сваіх элементах адзеннем і ўпрыгажэннямі, рэалістычнай выявай асобы, атрыбутамі годнасці і прыналежнасці да роду і дзяржаўнай сістэмы ВКЛ.

Сярод партрэтаў другой паловы XVI — ​першай паловы XVIII ст. вылучаюцца парадны і пахавальны партрэты. Іх мэта — ​прадставіць асобу. Але прызначэнне зусім роз­нае. Парадны партрэт сведчыў аб статусе асобы: атрыман­не дзяржаўнай пасады, шлюб, прыдбанне маёмасці, змена тытула ці герба ўладальніка. Магнацкія роды Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх стварылі цэлыя галерэі фа­міль­ных партрэтаў, каб пацвердзіць сваю магутнасць і шматлікасць. Для размяшчэння партрэтаў выкарыстоўваліся доўгія прахадныя галерэі палацаў, а таксама залы бібліятэк.

Ва ўмовах безупынных баявых дзеянняў шляхціц або магнат маглі памерці далёка ад месца пахавання роду — ​радавой усыпальніцы. Таму ўзнікла традыцыя прымацавання да трунаў партрэта і герба, па якіх труны распазнавалі. З часам такі партрэт зрабіўся сімвалам памяці аб продку. На выяве сталі з’яўляцца элементы гер­ба, імя, пасады, тытулы і нават звесткі пра маёмасць. Ствараліся не толькі мужчынскія, але і жаночыя пахавальныя партрэты.

Батальны жанр у выяўленчым мастацтве прадстаўляў знакавую бітву ці падзею дыпламатычнага характару — ​напрыклад, «Прыезд Міхала Казіміра Радзівіла з пасольствам да Рыму», з імкненнем прадставіць яе як мага падрабязней. Для такіх твораў была характэрная прамалёўка не толькі асноўных дзеючых асоб, але таксама прыроды і ўмоў асяроддзя.

У іканапісе таксама намеціліся істотныя змены. Пад уплывам еўрапейскага малюнка і друкаванай прадукцыі ў аснову сюжэта абразоў сталі ўключацца выявы горада, прыроды, дэкору. Уніяцкія і праваслаўныя іканапісцы актыўна адыходзілі ад агульнапрынятых канонаў, перасталі выкарыстоўваць адваротную перспектыву, пачалі ўключаць паўсядзённыя сюжэты ў сюжэты біблейскія.

Так, месца чорта заняў асман ці татарын, а рымскія воіны «апранулі» сучасныя даспехі. У каталіцкай царкве пачалося шанаванне абразоў Багародзіцы. Гэта праяўлялася ў іх каранацыі — ​спецыяльным рытуале, стварэнні адмысловых срэбных ці залатых акладаў-рамак на абраз.