§ 25. Барока ў культуры Беларусі

2. Театр

На тэрыторыі Беларусі актыўна развіваўся школьны тэатр. Ён паходзіў са шкалярскіх і студэнцкіх пастановак на рэлігійныя тэмы. Пастаноўкі арганізоўвалі навучэнцы каталіцкіх і ўніяцкіх калегіумаў, пратэстанцкіх школ. Але і вуч­ні праваслаўных школ не адмаўляліся ад удзелу ў падобных відовішчах. Сюжэты ствараліся на евангельскія, старазапаветныя або антычныя тэмы, а пры іх рас­крыцці выкарыстоўвалася шматмоўе (латынь, польская, старабеларуская мовы).

Яшчэ адным запатрабаваным сярод простага насельніцтва відам тэатральнага мастацтва заставаўся лялечны тэатр — ​батлейка. Яго пастаноўкі ажыццяўлялі таленавітыя акцёры-самародкі. Сюжэты датычыліся гісторыі Божага нараджэння, а ў якасці інтэрмедый уключаліся сцэнкі з удзелам персанажаў са штодзённага жыцця. Батлеечныя пастаноўкі былі разлічаны на простага гледача, і тэксты гаварылі пераважна на стара­беларускай мове.

Пры магнацкіх рэзідэнцыях пастаянна знаходзіліся артысты, пастаноўшчыкі і музыканты. Яны ўдзель­нічалі ў правядзенні пахавальных цырымоній, баляў, маскарадаў і г. д. Таксама артысты выступалі ў прыват­ных пастаноўках, дзе гледачамі былі сем’і магнатаў. Да ўдзелу ў пастаноўках прыцягвалася мясцовая шляхта. Фактычна да XVIII ст. такія напалову аматарскія трупы ператварыліся ў прыдворныя тэатры. Пры рэзідэнцыях магнатаў адкрываліся школы для навучання музыкантаў, артыстаў балета. Рэжысёрамі прыватных пастановак з’яўляліся замежныя драматургі.

Пры двары нясвіжскага магната Міхала Казіміра Радзівіла (Рыбанькі) быў арганізаваны прыватны тэатр, у спектаклях якога ўдзельнічалі (на ўзор французскіх каралёў) сям’я князя, кадэты яго ваеннай школы і нават прыгонныя сяляне. Апош­нія пасля мастацкай падрыхтоўкі атрымлівалі заробак за ўдзел у пастаноўках. Жон­ка магната — ​Францішка Уршуля — ​пісала лібрэта да опер. Радзівілы мелі некаль­кі пляцовак для сцэнічных пастановак, што стварала магчымасць паказаць розныя сюжэты: ад камерных сцэн да ваенных баталій. Падобныя тэатры і музычныя калек­тывы мелі Агінскія ў Слоніме, Сапегі ў Ружанах. У літаратуры такі тып тэатра атрымаў назву прыгоннага. Аднак у пастаноўках былі занятыя пераважна прафесійныя артысты і музы́кі, запрошаныя з-за мяжы. Удзелу прыгонных сялян ніхто не адмаўляе. Іх падрыхтоўка і ўдзел у пастаноўках дазвалялі зрабіць творчую кар’еру і ўзняцца па сацыяльнай лесвіцы за кошт свайго таленту і працаздольнасці.