§ 24-1. Культура Адраджэння (Рэнесансу) на тэрыторыі Беларусі

3. Дзеячы эпохі Адраджэння на тэрыторыі Беларусі

Галоўным дасягненнем эпохі Адраджэння ў Беларусі стала ўзнікненне беларускага кнігадрукавання, заснавальнікам якога быў выбітны дзеяч культуры еўрапейскага ўзроўню, мысліцель і гуманіст Францыск Скарына (каля 1490 — каля 1551). Яго кнігавыдавецкая дзейнасць была накіравана ў асноўным на выданне кніг Бібліі. У іх Скарына, як і іншыя еўрапейскія гуманісты, у тым ліку дзеячы Рэфармацыі, шукаў абгрунтаванне сваіх рэлігійных, ідэйных і асветніцкіх поглядаў. Звяртаючыся да Бібліі, Скарына меў мэту падараваць усяму «посполитому люду языка руского» поўны звод Свяшчэннага Пісання на роднай мове для ўдасканалення ў веры, дзейнасці, дабрачыннасці, «абы совершенен был человек божы и на всякое доброе дело уготован».

Кнігавыдавецкая дзейнасць і асветніцка-гуманістычныя погляды Скарыны непасрэдна паўплывалі на далейшае развіццё кнігадрукавання ў ВКЛ. Шэдэўрам рэнесансава-рэфармацыйнага кнігадрукавання стала берасцейская Біблія 1563 г., у падрыхтоўцы перакладу якой удзельнічала вялікая група заходнееўрапейскіх тэолагаў і філолагаў. Некалькі перакладаў асобных кніг Бібліі падрыхтавалі дзеячы рэфармацыйнага руху ў ВКЛ Сымон Будны, Мацей Кавячынскі і Лаўрэнцій Крышкоўскі ў Нясвіжы.

Адным з самых паслядоўных прадаўжальнікаў традыцый Скарыны быў небагаты шляхціц Васіль Цяпінскі. Ён стаў першым у Еўропе, хто ўзяўся ў 70-х гг. ХVI ст. за пераклад і паралельнае выданне Евангелля на дзвюх мовах: царкоўнаславянскай і беларускай.

У апошнія дзесяцігоддзі XVI ст. вядучым цэнтрам беларускага кнігадрукавання стала Вільня, дзе працавалі друкарні Васіля Гарабурды, Пятра Мсціслаўца, братоў Мамонічаў, Святадухаўскага брацтва. Мноства выданняў на польскай і лацінскай мовах для ўсяго ВКЛ выпусціла друкарня Віленскай акадэміі, заснаваная Мікалаем Крыштофам Радзівілам (Сіроткам).

 

Гуманістычныя погляды знайшлі ўвасабленне ў літаратурнай дзейнасці Міколы Гусоўскага (1470-я — пасля 1533). Ён стаў заснавальнікам новалацінскай рэнесансавай паэзіі ВКЛ. У сваёй ліра-эпічнай паэме «Песня пра зубра» (1523 г.) адлюстравалася гуманістычнае бачанне Гусоўскім прыроды, айчыннай гісторыі. Твор прасякнуты не толькі любоўю да прыроды Беларусі, але і глыбокім патрыятызмам.

Разам з гістарычнымі творамі распаўсюджанымі відамі літаратуры былі перакладныя кнігі і лацінамоўная паэзія. М. Гусоўскі лічыцца заснавальнікам жанру новалацінскай паэзіі ў ВКЛ, да якога адносіцца творчасць Яна Радвана (? — пасля 1591). Паэт быў паслядоўнікам Вергілія. Яго паэма «Радзівіліяда», стылізаваная пад «Іліяду», прасякнута патрыятызмам, услаўленнем Радзімы і яе абаронцаў.

Рэнесансавы характар маюць творы батальна-эпічнай і панегірычнай паэзіі, тэмай якіх стала гераічная гісторыя ВКЛ. Падзеям Лівонскай вайны прысвечана паэма Андрэя Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць вайсковых спраў Крыштафа Радзівіла» (1585 г.). Паэт нарадзіўся ў вёсцы Пеньчын (сучасны Баранавіцкі раён) каля 1550 г. Вучыўся, магчыма, у Астрожскай школе на Валыні. Быў на ваеннай службе ў Крыштофа Радзівіла Перуна. Рымша лічыцца заснавальнікам жанру панегірычнай паэзіі ў беларускай літаратуры. Ён таксама пісаў панегірычныя эпіграмы. Вось, напрыклад, адна з іх, яна прысвечана Льву Сапегу: «Живете жъ, Сапегове, вси въ многие лета, Ваша слава слыть будеть, покуль станеть света!»

Знамянальна, што ў Беларусі, упершыню ва Усходняй Еўропе, былі надрукаваны пераклады заходнееўрапейскіх твораў з асуджэннем рэлігійных і палітычных ганенняў, у тым ліку кніга Францішка Хотмана пра Варфаламееўскую ноч у Парыжы (Лоск, 1576 г.).

Новыя духоўныя каштоўнасці запатрабавалі звароту да антычнай і раннехрысціянскай філасофска-літаратурнай спадчыны. Так, напрыклад, у каментарах да берасцейскіх выданняў апісваліся антычныя філасофскія школы стоікаў, перыпатэтыкаў, эпікурэйцаў, асаблівая ўвага надавалася творам Платона, Цыцэрона, Арыстоцеля, Сакрата. У Берасці ў 1577 г. на сродкі полацкага ваяводы былі надрукаваны кнігі вядомага польскага гуманіста і правазнаўцы Андрэя Маджэўскага «Аб паправе Рэчы Паспалітай».

Яшчэ адзін вядомы дзеяч Адраджэння ў Беларусі Гальяш Пельгрымоўскі (сярэдзіна ХVI ст. — 1604) займаў пасаду каралеўскага сакратара пры Стафане Баторыі, прымаў удзел у Лівонскай вайне і, магчыма, быў адным з аўтараў Статута ВКЛ 1588 г. Пельгрымоўскі быў уключаны ў склад пасольства Рэчы Паспалітай у Маскву, што дазволіла яму напісаць паэму «Пасольства Льва Сапегі да вялікага князя маскоўскага».

Новым жанрам стала літаратура падарожжаў, прадстаўленая «Перэгрынацыяй» Мікалая Крыштофа Радзівіла (Сіроткі). Князь праславіўся не толькі дзяржаўнай і ваеннай дзейнасцю. Менавіта яму Нясвіж абавязаны вядомым Фарным касцёлам, а Віленскі ўніверсітэт — пастаяннай апекай і дапамогай бедным студэнтам. У 1585 г. ён выехаў у Італію, а адтуль як паломнік накіраваўся ў Святую Зямлю, наведаў Крыт, Кіпр, Сірыю, Палесціну, Егіпет. Прычынай паломніцтва Сіротка назваў цяжкую хваробу, якую ён успрыняў як Божае пакаранне за грахі маладосці. У 1601 г. у Прусіі выйшаў яго падарожны дзённік «Перэгрынацыя» на лацінскай мове. «Перагрынацыя» была складзена ў форме лістоў да аднаго з сяброў. Гэта першае ў Беларусі навукова-геаграфічнае выданне.

Эпоха Адраджэння ў Беларусі завяршылася па сутнасці ў канцы XVI — пачатку XVII ст. На гэта паўплывала Контррэфармацыя, а таксама змены ў становішчы ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, размежаванне шляхты па культурна-канфесійнай прыкмеце, пашырэнне каталіцтва.