§ 24-1. Культура Адраджэння (Рэнесансу) на тэрыторыі Беларусі

1. Перадумовы распаўсюджання ідэй Адраджэння (Рэнесансу) на тэрыторыі Беларусі

Перыяд XІV — першай паловы XVI  ст. у гісторыі Заходняй Еўропы атрымаў назву Адраджэнне, або Рэнесанс. Ён характарызуецца ўздымам навукі і мастацтва, пашырэннем гуманізму. Галоўнымі дасягненнямі эпохі еўрапейскага барока сталі: Вялікія геаграфічныя і астранамічныя адкрыцці, развіццё прыродазнаўчых навук і навук пра чалавека (медыцыны, свецкай філасофіі, філалогіі), кнігадрукаванне, тэхналагічны прагрэс і інш. Вяртанне да ўзораў антычнай культуры падкрэслівала адзінства чалавечага роду, веліч яго мінулага і яго будучыні.

Хаця Вялікае Княства Літоўскае знаходзілася на ўскраіне тагачаснай Еўропы, тут ужо ў канцы ХV — першай палове ХVІ ст. фарміраваліся перадумовы для развіцця культуры Адраджэння. Адбывалася эканамічнае і сацыяльна-палітычнае ўзмацненне гарадоў,  упершыню былі праведзены грунтоўныя рэформы (аграрная Боны Сфорца, судовая, адміністрацыйная), у 1563 г. прынята Віленская пастанова аб верацярпімасці. У гэты час ішоў працэс фарміравання беларускай народнасці, адбываліся секулярызацыя духоўнага жыцця, пашырэнне міжнародных культурных сувязяў. На беларускіх землях з’явілася разнастайная кніжная прадукцыя з-за мяжы. Магнаты сталі ствараць уласныя бібліятэкі і ажыццяўляць мецэнацкую дзейнасць. Атрымала распаўсюджанне легенда пра Палемона, якая вывела продкаў магнацкіх родаў з Італіі, звязала гісторыю Вялікага Княства і Антычнага свету.

На Беларусі Адраджэнне адбывалася ў спецыфічных умовах узаемадзеяння рэлігійнай і духоўнай культуры. Свецкая літаратура толькі зараджалася. Грамадская думка канчаткова не была аддзелена ад царквы і арыентавалася на яе аўтарытэт.

Тым не менш культура беларускіх зямель XVI ст. удала ўпісалася ў тагачасную еўрапейскую культуру. Гісторыкі лічаць, што рэнесансная культура Беларусі была блізкай да Паўночнага Адраджэння, характэрнага для Германіі, Нідэрландаў і іншых краін Еўропы. Там новы тып культуры фарміраваўся пад уплывам Рэфармацыі і колькасць антычных помнікаў была значна меншай, чым у Італіі, зварот да антычнай спадчыны не лічыўся істотным.