§ 24-1. Культура Адраджэння (Рэнесансу) на тэрыторыі Беларусі

2. Этапы культуры Адраджэння

Традыцыйна вызначаюцца два этапы развіцця культуры Рэнесансу на беларускіх землях. Першы з іх прыпадае на першую палову ХVІ ст. Ён характарызуецца развіццём кнігадрукавання, з’яўленнем агульнадзяржаўнага заканадаўства, новалацінскай паэзіі. У гэты час пашыралася свецкая культура, адбываліся глыбокія змены ў духоўным і бытавым жыцці грамадства. Другі этап ахоплівае сярэдзіну ХVІ — пачатак ХVІІ ст., калі адчуваўся моцны ўплыў Контррэфармацыі на свецкую і царкоўную культуру на Беларусі.

Пераход да культуры Адраджэння на беларускіх землях не меў дакладнай мяжы, асобныя мастацтвы (выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное, музыка) павольна ўспрымалі заходнееўрапейскія сюжэты і тэхнікі. Аднак літаратура імкліва развівалася пад уплывам лацінамоўных заходнееўрапейскіх твораў і перакладаў свяшчэнных тэкстаў на нацыянальныя мовы, што не ў малой ступені было абумоўлена пашырэннем кнігадрукавання і выдавецкай дзейнасці.