§ 24. Культура беларускіх зямель у другой палове ХІV—ХVI ст.

4. Агульнадзяржаўнае летапісанне ў ВКЛ

Агульнадзяржаўнае летапісанне склалася на тэрыторыі ВКЛ дастаткова позна — ​толькі ў першай палове XV ст. На гэта паўплывалі працэсы дэцэнтралізацыі ў Княстве да канца XIV ст., а таксама адсутнасць патрэбы ў запісе дзяржаўных падзей з боку вялікага князя і яго двара. Бо толькі са з’яўленнем складанай сістэмы кіравання (канцылярыі, Паноў-Рады) узнікла неабходнасць у захоўванні і выкарыстанні інфармацыі гістарычнага харак­тару: міжнародных дагавораў і велікакняжацкай карэспандэнцыі.

Адбылася падзея, якая змяніла стаўленне феадалаў да гісторыі ВКЛ. У першай трэці XV ст. было прынята рашэнне аб каранацыі вялікага князя Вітаўта і ператварэнні ВКЛ у новае еўрапейскае каралеўства. Для падмацавання высокага статусу і дасягненняў вялікага князя ў Смаленску быў створаны «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». Галоўнай мэтай твора з’яўлялася адлюстраванне ролі ВКЛ у выратаванні рэгіёна ад мангола-татараў і ўслаўленне імя Вітаўта. Праца над летапісам перапынілася ў 1446 г.

Верагодна, пры вялікім князю Казіміру Ягайлавічу першы агульнадзяржаўны летапіс яшчэ задавальняў палітычную эліту дзяржавы. Аднак з узмацненнем ролі Паноў-Рады, асобных магнацкіх родаў узнікла патрэба ўпісаць іх продкаў-заснавальнікаў у гісторыю Княства. Пры гэтым вялікія князі ў пачатку XVI ст. выступалі за адасабленне ад усходнееўрапейскай гісторыі, і хуткі пераход у заходнееўрапейскую гістарычную традыцыю быў прадвызначаны. Гэта прывяло да разумен­ня гісторыі дзяржавы як гісторыі ўладароў і народаў. Была складзена «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага». У ёй гісторыя ВКЛ паказана праз паходжанне княжацкай дынастыі і асобных магнацкіх родаў ад рымляніна Палямона і яго падручных, якія збеглі з Рыма да Літвы. Важнай зрабілася інфармацыя аб першых хрысціянах-каталіках на землях ВКЛ. Так, Гаштаўты сцвярджалі, што іх продак Пётр быў каталіком раней за Ягайлу.

У другой трэці XVI ст. адбываўся паступовы заняпад дзяржаўнага летапісання ў ВКЛ. Створаная ў сярэдзіне XVI ст. «Хроніка Быхаўца» знаходзілася пад моцным уплывам польскіх хронік, часам пераказвала іх змест. Шляхта імкнулася ўсвядоміць сваю ролю ў грамадстве, не ўспрымала выключную ролю магнатаў і вялікіх князёў. Адбыўся перагляд падыходаў да дзяржаўнай гісторыі.