§ 24. Культура беларускіх зямель у другой палове ХІV—ХVI ст.

1. Характар культурных працэсаў у ВКЛ

Адметнай асаблівасцю культуры Беларусі ХIV—ХVI стст. быў яе паступовы пераход ад візантыйскіх да заходнееўрапейскіх узораў архітэктуры, выяўленчага мастацтва і літаратуры. Пашырэнне заходнееўрапейскай культуры адбывалася праз кантакты з крыжацкімі ордэнамі, стасункі з Каралеўствам Польскім, уплыў каталіцкай царквы.

Паступова фарміравалася тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага. Пры Гедзіміне новая дзяржава выступала ў якасці цэнтра збірання зямель былой Кіеўскай Русі. Дзейнасць вялікіх князёў літоўскіх стала падавацца як працяг старажытнарускай гісторыі. Але ў пачатку XVІ ст. адбыліся карэнныя змены ў палітычнай культуры. У летапісах замацавалася ўяўленне аб «рымскім» (антычным) паходжан­ні дынастыі Ягелонаў, яе сувязі з заходнееўрапейскай італьянскай культурай. Пры гэтым у асяродку шляхты на польскі ўзор пашыралася ідэя аб выключнай ролі ў грамадстве сар­матаў — ​старажытных плямёнаў, ад якіх нібыта паходзіць шляхта. Таму лічылі, што сапраўдным шляхціцам можна толькі нарадзіцца. Саслоўе шляхты паступова ператварылася ў дамінуючы стан, а князь успрымаўся як першы сярод роўных.

Актыўныя стасункі з Тэўтонскім ордэнам, Польшчай і Чэхіяй па-свойму адбіваліся на развіцці элітарнай культуры Беларусі: узбраенні, архітэктуры, культуры двара. У працэсе хрысціянізацыі літоўскіх зямель ВКЛ склаўся народны культ святога Казіміра. Ён спалучаў у сабе гістарычную постаць Казіміра (сына вялікага князя Казіміра Ягайлавіча) і старажытныя ўяўленні пра Казіміра як ахоўніка рамяства і гандлю. У XV ст. набылі папулярнасць паданні пра пакутнікаў-францысканцаў і трох віленскіх пакутнікаў, у якіх раскрываецца пераход грамадства ад язычніцтва да хрысціянства.