§ 24. Культура беларускіх зямель у другой палове ХІV—ХVI ст.

3. Беларуская готыка

Беларуская готыка — ​стыль у архітэктуры XV — першай трэці XVI ст., для якога характэрнае спалучэнне раманскага, гатычнага стыляў, стылю рэнесанс і традыцый візантыйскай архітэктуры. Асаблівасцю храмаў беларускай готыкі з’яўляецца пераход ад сіметрычных двухвежавых будынкаў да чатырохвежавых. Гэта давала магчымасць выкарыстоўваць іх у абарончых мэтах.

На мяжы XV—XVІ стст. элементы гатычнага стылю праніклі і ў праваслаўнае дойлідства. З’явіліся ўнікальныя цэрквы-крэпасці ў Сынкавічах і Мураванцы. Храмы былі пабудаваны з чырвонай брусковай цэглы. Вокны і дзверы ўяўляюць сабой спічастыя аркі з малой стралой уздыму. Для ўстойлівасці сцен выкарыстаны контрфорсы. Тарцы двухсхільнага даху за­крыты востраканцовымі шчытамі. Унутры храмавая прастора завяршаецца скляпеннямі рознай канфігурацыі. З каталіцкіх храмаў сваім абарончым характарам вылучаецца Фарны касцёл у Новагародку.

Такім чынам, беларуская готыка стала галоўным стылем манументальнай архітэктуры беларускіх зямель ВКЛ. Яна сумяшчала ў сабе як мясцовыя, так і заходнееўрапейскія асаблівасці. Была характэрная для храмаў розных хрысціянскіх канфесій.