§ 24. Культура беларускіх зямель у другой палове ХІV—ХVI ст.

2. Архітэктура

Знешняя пагроза, якая зыходзіла ад крыжакоў, садзейнічала развіццю абарончага дойлідства. У ВКЛ сталі будаваць каменныя замкі і княжацкія рэзідэнцыі. На тэрыторыі краіны з’явілася лінія замкаў для аховы, найперш ад паходаў нямецкіх рыцараў. Сярод іх можна вылучыць замкі ў Новагародку, Гарод­ні, Лідзе, Крэве.

Для ўзвядзення сцен і вежаў дойліды выкарыстоўвалі «пальчатку» — буйнапамерную, т. зв. «літоўскую», цэглу і бут — ​неапрацаваны прыродны камень. Муроўка сцен, якія мелі таўшчыню да 3 м, была трохслаёвай або «лусковай»: вонкавая частка выкладвалася з цэглы, а прастора паміж цаглінамі напаўнялася бутам і вап­навай рошчынай з дамешкамі дробнага камення і бітай цэглы. Верхняя частка сцен, вуглы, скляпенні і адкосы выкладаліся з цэглы.

У XIV—XV стст. замкі будавалі на цяжкадаступных для ворага месцах, пагорках, узвышшах, у сутоках рэк. Часта выкарыстоўвалі месцы ранейшых старажытна­рускіх умацаванняў, таму яны мелі нерэгулярную планіроўку. Узвядзенне дадатковых перашкод — ​валоў і равоў — ​павялічвала непрыступнасць новага замка. Адным з самых буйны́х ваенных комплексаў падобнага роду з’яўляецца Новагародскі замак, створаны на месцы драўлянага ўмацавання ХІ ст. Замак меў сем вежаў. З паўднёва-заходняга боку яго атачала сістэма равоў і валоў. За сценамі знаходзіліся шэраг жылых і гаспадарчых пабудоў, храм і княжацкі палац. Даследчыкі лічаць, што комплекс выкарыстоўваўся як рэзідэнцыя.

На месцы драўлянага Гарадзенскага замка ХІ ст. пасля пажару 1398 г. па загадзе князя Вітаўта быў узведзены мураваны. Замак складаўся з пяці вежаў і палаца, што размяшчаліся па перыметры Замкавай гары, якая з’яўлялася натураль­ным умацаваннем. Паступова яго абарончая роля паменшылася, і ў XVI ст. ён быў перабудаваны ў каралеўскую рэзідэнцыю Стафана Баторыя ў стылі рэнесанс.

Таксама замкі будавалі на штучных узвышшах да 5—10 м. Яны мелі рэгулярную форму, часцей квадрата, і масіўныя вежы па вуглах. Такія замкі-кастэлі на тэрыторыі Беларусі былі ўзведзены ў Лідзе (Гродзенская вобласць) і Крэве (Смаргон­скі раён Гродзенскай вобласці).

З XVI ст. многія замкі сталі выконваць прадстаўнічыя функцыі, бо зрабіліся ўласнымі рэзідэнцыямі магнатаў. Замкі павінны былі паказаць моц роду. Так, былі закладзены рэзідэнцыі Іллінічаў у Міры (Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці), Гаштаўтаў у Геранёнах (Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці).

З распаўсюджаннем каталіцкай царквы былі закладзены новыя храмы. Пер­шыя касцёлы будавалі мясцовыя дойліды пераважна з дрэва. Касцёлы і манастыры размяшчаліся ў прасторы горада не ізаляванымі комплексамі, як у Заходняй Еўропе, а бліжэй да адміністрацыйнага і гандлёвага цэнтра. Са старэйшых мураваных каталіцкіх храмаў вылучаецца Троіцкі касцёл у в. Ішкалдзь (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці), закладзены ў 1472 г. Касцёл з’яўляецца храмам зальнага тыпу з 5-граннай алтарнай апсідай. Хаця храм не мае ўзнёслай вертыкальнай кампазіцыі, багатага скульптурнага афармлення, яго масіўныя сцены, паўцыркульныя аконныя праёмы, стрэльчаты ўваход сведчаць аб гатычным культавым дойлідстве.

Змены ў эканамічнай палітыцы дзяржавы абумовілі перанясенне на землі ВКЛ нямецкага гарадскога права на самакіраванне. А разам з ім з’явіліся спецыяльныя адміністрацыйныя будынкі магістратаў — ​ратушы. Яны павінны былі адлюстроўваць статус горада, быць дастаткова прасторнымі для размяшчэння скарбу, мець залы для пасяджэнняў рады і суда.

У архітэктуры ХVI ст. набіраў моц стыль рэнесанс. Ён вылучаўся кампакт­насцю аб’ёмаў і сціпласцю дэкору. Прыкладам з’яўляецца кальвінская царква ў Смаргоні, пабудаваная на сродкі шляхецкага роду Зяновічаў. Рэнесансавыя будынкі часта захоўвалі ранейшыя абарончыя элементы. У прыватнасці, заслаўская кальвінская царква (збор) размешчана на месцы старажытнага замка — на высокім узгорку, акружаным ровам і валам з чатырма землянымі бастыёнамі. У гэтым стылі ў канцы ХVI ст. пад кіраўніцтвам архітэктара Марціна Забароўскага быў перабудаваны замак у мястэчку Мір. Таксама рэнесансавым характарам вызначаўся палацава-замкавы комплекс у Смалянах (Аршанскі раён Віцебскай вобл.). Яго называлі «Белы Ковель», таму што ён быў узведзены з белай цэглы і невялікіх камянёў.