§ 23-2. Жывапіс і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў ІХ — першай палове ХІІІ ст.

3. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва

Старажытнае ўсходнеславянскае прыкладное мастацтва прадстаўлена рознымі па форме і па змесце помнікамі — ад пярсцёнкаў і бранзалетаў да вельмі каштоўных узораў ювелірнага рамяства. Першапачаткова пасля прыняцця хрысціянства прыкладное мастацтва развівалася пад уплывам Візантыі. Шырокае распаўсюджанне мелі вырабы хрысціянскага культу — напрыклад, каменныя абразкі (іконкі), якія насілі на грудзях, часам у мяшэчках, і асабліва шанавалі. Праўда, па ўзорах іконак, знойдзеных пры раскопках гарадоў Беларусі, не заўсёды можна высветліць, дзе яны былі выраблены: у Візантыі, Кіеве, Ноўгарадзе, Полацку ці ў іншых месцах.

Унікальныя абразкі ХІІ—ХІІІ стст. з выявамі святых былі знойдзены ў Полацку, Менску, Тураве, Пінску. На каменным абразку з Полацка змешчана рэльефная выява святых Канстанціна і Алены, якія трымаюць перад сабой вялікі васьміканцовы крыж. Гэта іконка  сведчанне таго, як на мясцовай глебе ішла творчая перапрацоўка візантыйскіх узораў.

У старажытныя гарады Беларусі з Усходу траплялі фігуры для гульні ў шахматы, якая не заахвочвалася царквой, але была распаўсюджана на тэрыторыі Беларусі ў ХІІ—ХІІІ стст. Шахматныя фігуры выраблялі і беларускія майстры. Кожная з іх  гэта па-майстэрску выкананая мініяцюрная скульптура: выява караля, які сядзіць на троне (знойдзена ў Слуцку), баявая ладдзя таго тыпу, што быў ва ўжытку на Нёмане (знаходкі з Гародні і Ваўкавыска), пешка ў выглядзе барабаншчыка, які падае сігнал да бою (знойдзена ў Ваўкавыску).

На вырабах прыкладнога мастацтва сустракаюцца выявы музыкантаў і іх інструментаў, што дае пэўныя ўяўленні пра музычную культуру таго часу. У Новагародку, напрыклад, сярод рэштак пабудовы ХІІ ст. быў знойдзены касцяны выраб, на верхняй частцы якога змешчана выява музыканта. Ён іграе на струнным шчыпковым інструменце.

Можна сцвярджаць, што многія старажытныя работы прыкладнога мастацтва і жывапісу  гэта сапраўдныя шэдэўры, зробленыя вельмі таленавітымі майстрамі. Таму ўсё тое, што засталося ад мастацкіх скарбаў, якія стварылі на працягу стагоддзяў нашы продкі, мае для нас велізарную каштоўнасць.