§ 23-2. Жывапіс і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў ІХ — першай палове ХІІІ ст.

1. Манументальны жывапіс

На тэрыторыі сучаснай Беларусі самымі старажытнымі творамі манументальнага жывапісу з’яўляюцца фрэскавыя роспісы полацкіх храмаў: Сафійскага сабора (ХІ ст.), Бельчыцкага і Спаса-Ефрасіннеўскага манастыроў (ХІІ ст.).

Мы ведаем, што ад першапачатковага Сафійскага сабора ў Полацку засталіся толькі невялікія часткі. На іх захаваліся фрагменты фрэскавага роспісу ХІ ст. У алтары адной з галоўных кампазіцый знаходхілася «Еўхарыстыя» (прычашчэнне апосталаў). Прычашчэнне — адна з таямніц хрысціянскай царквы. Яно заключалася ў тым, што ў час богаслужэння вернікі спажываюць хлеб і віно, якія ўвасабляюць цела і кроў Хрыста.

Вядома, што старажытныя роспісы былі ў трох храмах Бельчыцкага манастыра ХІІ ст. Цікавасць уяўляе фрэска «Стрэчанне». Тут паказаны момант, калі Марыя перадае немаўлятка Хрыста старцу Сімяону. Мастак асноўную ўвагу засяроджвае на выяве Марыі з дзіцем. Стройная жаночая постаць, правільныя рысы твару персанажаў — усё гэта нагадвае візантыйскія іканапісныя ўзоры.

Абапал уваходу ў алтар знаходзіліся выявы ва ўвесь рост князёў Барыса і Глеба. Пакутнікі трымаюць крыжы. На іх галовах — цёмна-карычневыя футраныя шапкі. Плашчы, накінутыя на плечы, зашпілены на правым плячы фібулай (шпількай). Барыс і Глеб былі кананізаваны праваслаўнай царквой у 1072 г. Выявы святых князёў у Пятніцкай царкве найбольш старажытныя з усіх вядомых на тэрыторыі пражывання ўсходніх славян.

Спаса-Праабражэнскі храм Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку ўнутры быў увесь распісаны фрэскамі. У купале, на самым верхнім пункце храма, змяшчалася выява Пантакратара (у перакладзе з грэчаскай мовы — Уседзяржыцеля)  творцы і кіраўніка Сусвету. Гэта была паясная выява Хрыста, які благаслаўляў правай рукой, а ў левай трымаў Евангелле.

Усе іншыя выявы святых былі прызначаны наблізіць постаць Хрыста да вернікаў, каб данесці яго вучэнне на зямлю да людзей. У галоўнай апсідзе фрэскі размешчаны ў тры ярусы. Зверху знаходзіцца выява Марыі, зямной жанчыны, маці Хрыста, якая вельмі шануецца царквой. Марыя паказана ў вобразе Аранты (малітоўніцы). Божая Маці паказана ў рост з паднятымі да ўзроўню твару рукамі. Выява Аранты атрымала значнае пашырэнне на іконах у Візантыі і на Русі ў Х—ХІІІ стст.

У царкве непасрэдна пад скляпеннем купала размяшчаліся фігуры апосталаў, вучняў Хрыста, якія распаўсюджвалі хрысціянскую веру «да краю зямлі». На частках купальнага скляпення знаходзіліся выявы чатырох евангелістаў. Лічылася, што сусветная царква заснавана на чатырох евангеллях (ад Матфея, Марка, Лукі, Іаана). І нарэшце, на вертыкальных сценах слупоў адлюстраваны хрысціянскія героі і пакутнікі, тыя, хто прапаведаваў і зацвярджаў хрысціянства на зямлі. Царква лічыла іх сапраўднымі «слупамі свету». Як бачым, сістэма роспісаў хрысціянскага храма ўяўляла сабой дэталёва прадуманае цэлае.

У малельні Ефрасінні Полацкай знаходзілася фрэска, якая называецца «Дэісус». На ёй, згодна з канонам, змешчаны Ісус Хрыстос у вопратцы старшага свяшчэнніка (архіерэя), справа ад яго — Божая Маці, злева — Іаан Прадцеча. У левай руцэ Ісус трымае Евангелле, правай збіраецца благаславіць таго, хто стаіць перад ім. 

Сістэма храмавага роспісу Спаскай царквы ў Полацку ў сваёй аснове выглядае характэрнай для праваслаўнай царквы і служыць сведчаннем сярэднявечнага ўяўлення аб Сусвеце.