Print bookPrint book

§ 23-2. Жывапіс і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў ІХ — першай палове ХІІІ ст.

 1. Якія жанры характэрныя для сярэднявечнага заходнееўрапейскага жывапісу? Што такое фрэска?
2. Які помнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі з’яўляецца шэдэўрам і хрысціянскай каштоўнасцю?

Site: Профильное обучение
Course: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Book: § 23-2. Жывапіс і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў ІХ — першай палове ХІІІ ст.
Printed by: Гость
Date: Sunday, 19 May 2024, 5:57 AM

1. Манументальны жывапіс

На тэрыторыі сучаснай Беларусі самымі старажытнымі творамі манументальнага жывапісу з’яўляюцца фрэскавыя роспісы полацкіх храмаў: Сафійскага сабора (ХІ ст.), Бельчыцкага і Спаса-Ефрасіннеўскага манастыроў (ХІІ ст.).

Мы ведаем, што ад першапачатковага Сафійскага сабора ў Полацку засталіся толькі невялікія часткі. На іх захаваліся фрагменты фрэскавага роспісу ХІ ст. У алтары адной з галоўных кампазіцый знаходхілася «Еўхарыстыя» (прычашчэнне апосталаў). Прычашчэнне — адна з таямніц хрысціянскай царквы. Яно заключалася ў тым, што ў час богаслужэння вернікі спажываюць хлеб і віно, якія ўвасабляюць цела і кроў Хрыста.

Вядома, што старажытныя роспісы былі ў трох храмах Бельчыцкага манастыра ХІІ ст. Цікавасць уяўляе фрэска «Стрэчанне». Тут паказаны момант, калі Марыя перадае немаўлятка Хрыста старцу Сімяону. Мастак асноўную ўвагу засяроджвае на выяве Марыі з дзіцем. Стройная жаночая постаць, правільныя рысы твару персанажаў — усё гэта нагадвае візантыйскія іканапісныя ўзоры.

Абапал уваходу ў алтар знаходзіліся выявы ва ўвесь рост князёў Барыса і Глеба. Пакутнікі трымаюць крыжы. На іх галовах — цёмна-карычневыя футраныя шапкі. Плашчы, накінутыя на плечы, зашпілены на правым плячы фібулай (шпількай). Барыс і Глеб былі кананізаваны праваслаўнай царквой у 1072 г. Выявы святых князёў у Пятніцкай царкве найбольш старажытныя з усіх вядомых на тэрыторыі пражывання ўсходніх славян.

Спаса-Праабражэнскі храм Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку ўнутры быў увесь распісаны фрэскамі. У купале, на самым верхнім пункце храма, змяшчалася выява Пантакратара (у перакладзе з грэчаскай мовы — Уседзяржыцеля)  творцы і кіраўніка Сусвету. Гэта была паясная выява Хрыста, які благаслаўляў правай рукой, а ў левай трымаў Евангелле.

Усе іншыя выявы святых былі прызначаны наблізіць постаць Хрыста да вернікаў, каб данесці яго вучэнне на зямлю да людзей. У галоўнай апсідзе фрэскі размешчаны ў тры ярусы. Зверху знаходзіцца выява Марыі, зямной жанчыны, маці Хрыста, якая вельмі шануецца царквой. Марыя паказана ў вобразе Аранты (малітоўніцы). Божая Маці паказана ў рост з паднятымі да ўзроўню твару рукамі. Выява Аранты атрымала значнае пашырэнне на іконах у Візантыі і на Русі ў Х—ХІІІ стст.

У царкве непасрэдна пад скляпеннем купала размяшчаліся фігуры апосталаў, вучняў Хрыста, якія распаўсюджвалі хрысціянскую веру «да краю зямлі». На частках купальнага скляпення знаходзіліся выявы чатырох евангелістаў. Лічылася, што сусветная царква заснавана на чатырох евангеллях (ад Матфея, Марка, Лукі, Іаана). І нарэшце, на вертыкальных сценах слупоў адлюстраваны хрысціянскія героі і пакутнікі, тыя, хто прапаведаваў і зацвярджаў хрысціянства на зямлі. Царква лічыла іх сапраўднымі «слупамі свету». Як бачым, сістэма роспісаў хрысціянскага храма ўяўляла сабой дэталёва прадуманае цэлае.

У малельні Ефрасінні Полацкай знаходзілася фрэска, якая называецца «Дэісус». На ёй, згодна з канонам, змешчаны Ісус Хрыстос у вопратцы старшага свяшчэнніка (архіерэя), справа ад яго — Божая Маці, злева — Іаан Прадцеча. У левай руцэ Ісус трымае Евангелле, правай збіраецца благаславіць таго, хто стаіць перад ім. 

Сістэма храмавага роспісу Спаскай царквы ў Полацку ў сваёй аснове выглядае характэрнай для праваслаўнай царквы і служыць сведчаннем сярэднявечнага ўяўлення аб Сусвеце.

2. Аздабленне рукапісных кніг

Рукапісная кніга ў Еўропе ХІ—ХІІІ стст. стала своеасаблівым узорам сярэднявечнай культуры. Упрыгожаныя мініяцюрамі кнігі распаўсюджваліся пры дварах князёў, перадаваліся ў манастыры і саборы. У Візантыі ў ХІ–ХІІ стст. ужо існавала свая школа мініяцюры, у якой малюнак займаў не цэлую старонку, а толькі яе частку, з’яўляўся часткай тэксту, дапаўняў яго кампазіцыю на адной асобнай старонцы. У тэкстах ужываліся застаўкі, ініцыялы, мініяцюры. Асобнае месца займалі сімвалы евангелістаў.

Самай старажытнай рукапіснай кнігай на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца Тураўскае евангелле ХІ ст. Захавалася 10 лістоў, на якіх змешчана 11 ініцыялаў.

Цікавы помнік уяўляе сабой Полацкае евангелле ХІІ ст. Яно ўтрымлівае 170 старонак, на якіх захавалася дзве мініяцюры. Аршанскае евангелле (142 старонкі) мае мініяцюру апостала Лукі, застаўкі з раслінна-геаметрычным арнаментам і тры сотні ініцыялаў.

Нарэшце, да ХІІІ — пачатку ХIV ст. адносіцца Лаўрышаўскае евангелле, якое добра захавалася. Яно змяшчае 18 мініяцюр: выявы чатырох евангелістаў, праведнага Іова, архангела Міхаіла, 12 сюжэтаў евангельскіх гісторый. Мастацтвазнаўцы ўказваюць на выкарыстанне пры стварэнні твора традыцый германскай мініяцюры (элементы выканання малюнка) і візантыйскай мініяцюры (сюжэт).

3. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва

Старажытнае ўсходнеславянскае прыкладное мастацтва прадстаўлена рознымі па форме і па змесце помнікамі — ад пярсцёнкаў і бранзалетаў да вельмі каштоўных узораў ювелірнага рамяства. Першапачаткова пасля прыняцця хрысціянства прыкладное мастацтва развівалася пад уплывам Візантыі. Шырокае распаўсюджанне мелі вырабы хрысціянскага культу — напрыклад, каменныя абразкі (іконкі), якія насілі на грудзях, часам у мяшэчках, і асабліва шанавалі. Праўда, па ўзорах іконак, знойдзеных пры раскопках гарадоў Беларусі, не заўсёды можна высветліць, дзе яны былі выраблены: у Візантыі, Кіеве, Ноўгарадзе, Полацку ці ў іншых месцах.

Унікальныя абразкі ХІІ—ХІІІ стст. з выявамі святых былі знойдзены ў Полацку, Менску, Тураве, Пінску. На каменным абразку з Полацка змешчана рэльефная выява святых Канстанціна і Алены, якія трымаюць перад сабой вялікі васьміканцовы крыж. Гэта іконка  сведчанне таго, як на мясцовай глебе ішла творчая перапрацоўка візантыйскіх узораў.

У старажытныя гарады Беларусі з Усходу траплялі фігуры для гульні ў шахматы, якая не заахвочвалася царквой, але была распаўсюджана на тэрыторыі Беларусі ў ХІІ—ХІІІ стст. Шахматныя фігуры выраблялі і беларускія майстры. Кожная з іх  гэта па-майстэрску выкананая мініяцюрная скульптура: выява караля, які сядзіць на троне (знойдзена ў Слуцку), баявая ладдзя таго тыпу, што быў ва ўжытку на Нёмане (знаходкі з Гародні і Ваўкавыска), пешка ў выглядзе барабаншчыка, які падае сігнал да бою (знойдзена ў Ваўкавыску).

На вырабах прыкладнога мастацтва сустракаюцца выявы музыкантаў і іх інструментаў, што дае пэўныя ўяўленні пра музычную культуру таго часу. У Новагародку, напрыклад, сярод рэштак пабудовы ХІІ ст. быў знойдзены касцяны выраб, на верхняй частцы якога змешчана выява музыканта. Ён іграе на струнным шчыпковым інструменце.

Можна сцвярджаць, што многія старажытныя работы прыкладнога мастацтва і жывапісу  гэта сапраўдныя шэдэўры, зробленыя вельмі таленавітымі майстрамі. Таму ўсё тое, што засталося ад мастацкіх скарбаў, якія стварылі на працягу стагоддзяў нашы продкі, мае для нас велізарную каштоўнасць.

Пытанні і заданні

 1. Вызначце фактары, якія ўплывалі на станаўленне і развіццё манументальнага жывапісу на тэрыторыі Беларусі ў ХІ — першай палове ХІІІ ст.
2. Дакажыце, што сістэма роспісаў хрысціянскага храма дэталёва прадумвалася служыцелямі царквы, якія яе стваралі.
3. Якім чынам роспісы ў храме ХІІ ст. сведчаць пра сярэднявечныя ўяўленні аб Сусвеце?
4. Якія меркаванні выказваюць даследчыкі пра тое, хто рабіў фрэскавыя роспісы ў Полацку?
5. Ахарактарызуйце развіццё дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на беларускіх землях у ІХ — першай палове ХІІІ ст. Прывядзіце прыклады. У якіх беларускіх гарадах знойдзены згаданыя вамі творы? Па якіх прыкметах можна вызначыць, адкуль яны трапілі на беларускія землі?