§ 23-2. Жывапіс і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў ІХ — першай палове ХІІІ ст.

2. Аздабленне рукапісных кніг

Рукапісная кніга ў Еўропе ХІ—ХІІІ стст. стала своеасаблівым узорам сярэднявечнай культуры. Упрыгожаныя мініяцюрамі кнігі распаўсюджваліся пры дварах князёў, перадаваліся ў манастыры і саборы. У Візантыі ў ХІ–ХІІ стст. ужо існавала свая школа мініяцюры, у якой малюнак займаў не цэлую старонку, а толькі яе частку, з’яўляўся часткай тэксту, дапаўняў яго кампазіцыю на адной асобнай старонцы. У тэкстах ужываліся застаўкі, ініцыялы, мініяцюры. Асобнае месца займалі сімвалы евангелістаў.

Самай старажытнай рукапіснай кнігай на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца Тураўскае евангелле ХІ ст. Захавалася 10 лістоў, на якіх змешчана 11 ініцыялаў.

Цікавы помнік уяўляе сабой Полацкае евангелле ХІІ ст. Яно ўтрымлівае 170 старонак, на якіх захавалася дзве мініяцюры. Аршанскае евангелле (142 старонкі) мае мініяцюру апостала Лукі, застаўкі з раслінна-геаметрычным арнаментам і тры сотні ініцыялаў.

Нарэшце, да ХІІІ — пачатку ХIV ст. адносіцца Лаўрышаўскае евангелле, якое добра захавалася. Яно змяшчае 18 мініяцюр: выявы чатырох евангелістаў, праведнага Іова, архангела Міхаіла, 12 сюжэтаў евангельскіх гісторый. Мастацтвазнаўцы ўказваюць на выкарыстанне пры стварэнні твора традыцый германскай мініяцюры (элементы выканання малюнка) і візантыйскай мініяцюры (сюжэт).