Абагульненне па V раздзеле

«Рэлігійнае становішча на беларускіх землях»

Насельніцтва беларускіх зямель да прыняцця хрысціянства прытрымлівалася язычніцкіх вераванняў. Хрысціянства ўсталявалася на тэрыторыі Беларусі позна і прынесла радыкальныя змены ва ўсіх сферах жыцця. Але нават пасля яго перамогі язычніцтва не знікла і з’яўлялася неад’емнай часткай штодзённага жыцця насельніцтва. Назіралася перапляценне язычніцкіх і хрысціянскіх вераванняў і звычаяў. Нават зараз існуе вялікі пласт самабытнай народнай культуры, у якой захаваліся рэшткі язычніцтва, — святы, звычаі, вусная народная творчасць і г. д.

Прыняцце хрысціянства ў Х ст. станоўча паўплывала на развіццё старажытнай культуры. Сфарміравалася духоўная і матэрыяльная культура: пісьменства, адукацыя, архітэктура, мастацтва, музыка і інш. Дзякуючы хрысціянству ўсходне­славянскія народы далучыліся да заходнееўрапейскай культуры.

З XIV ст. грамадства на тэрыторыі ВКЛ было поліканфесійным і прытрымлівалася розных рэлігійных поглядаў. Тут пражывалі беларусы, літоўцы, рускія, палякі, татары, яўрэі. Татарам у ВКЛ было дазволена вызнаваць сваю веру і будаваць мячэці. Яўрэі не змешваліся з мясцовым насельніцтвам, жылі адасоблена і вызнавалі іўдаізм.

З цягам часу хрысціянскія канфесіі (праваслаўе, каталіцтва, пратэстантызм) сталі «палітычна залежнымі» — ​ішла канкурэнтная барацьба за месца ва ўладзе краіны і за заможных вернікаў. Кожная з хрысціянскіх канфесій перажыла часы росквіту, актыўнай асветніцка-адукацыйнай дзейнасці і складаныя часы ганенняў і заняпаду. Акрамя гэтага, усе канфесіі ў Беларусі адчувалі моцны ўплыў з боку розных іншаземных рэлігійных цэнтраў, якія бралі на сябе функцыю апекі сваіх адзінаверцаў на беларускіх землях.

У падобных гістарычных абставінах апынуліся мусульмане і іўдзеі Беларусі. Урад то падтрымліваў іх, надзяляючы прывілеямі, то істотна абмяжоўваў рэлігійную і паўсядзённую дзейнасць.

Такім чынам, рэлігійная сітуацыя на беларускіх землях была дастаткова складанай і супярэчлівай, аднак міжканфесійныя адносіны на тэрыторыі Беларусі вызначаліся цярпімасцю і здольнасцю да дыялога.

Працуем з вучэбным тэкстам

Складзіце тэзісы па адным з наступных пытанняў.

1.Язычніцкія вераванні ўсходніх славян на беларускіх землях.
2. Увядзенне хрысціянства на беларускіх землях.
3. Уплыў Рэфармацыі на духоўнае развіццё беларускіх зямель у ХVІ — першай палове ХVІІ ст.
4. Усталяванне ўніяцтва ў Беларусі ў канцы ХVІ — ХVІІ ст.

Працуем з паняццямі

Дайце тлумачэнне паняццям язычніцтва, дысідэнты, пратэстантызм, Рэфар­мацыя, кальвінізм, антытрынітарызм, уніяцтва, праваслаўныя брацтвы, пантэон, ідал, свяцілішча, хрысціянства, дваяверства, Контррэфармацыя, езуіты. Падзяліце прыведзеныя паняцці па групах. Дадайце да іх імёны гістарычных дзеячаў, якія мелі дачыненне да гэтых паняццяў. Дайце агульную назву кожнай аб’яднанай групе паняццяў і гістарычных дзеячаў.

Працуем з картасхемай

1. Пры дапамозе геаінфармацыйных сэрвісаў (напрыклад, Google Maps, myHistro, Tour Builder, StoryMap JS і інш.) падрыхтуйце картасхему «Помнікі куль­тавай архітэктуры сярэдзіны ХVІ — ХVІІІ ст.». Да кожнага помніка архітэктуры дадайце яго малюнак або фотаздымак, складзіце апісанне.

2. Падрыхтуйце картасхему, на якой пазначце ўсе месцы, дзе адбыліся падзеі канфесійнай гісторыі Беларусі.

Сістэматызуем веды

1. Запоўніце сінхранічную табліцу найважнейшых падзей у рэлігійнай гісторыі Беларусі і краін Еўропы сярэдзіны ХVІ — ХVІІІ ст. Краіны і крытэрыі для сінхранізацыі вызначце самастойна.

Дайце табліцы назву.

2. Падрыхтуйце схему або ментальную карту «Перыяды канфесійнай гісторыі Беларусі». Па выніках работы складзіце «візітную картку» аднаго з перыядаў.

3. Вызначце, якую ролю адыгрывала рэлігія ў грамадстве на тэрыторыі Беларусі ў IX—XVIII стст. Якую палітыку праводзілі вялікія князі літоўскія ў дачынен­ні да праваслаўнай і каталіцкай канфесій?

4. Ахарактарызуйце ролю езуітаў у ажыццяўленні Контррэфармацыі.

Аналізуем і разважаем

Пацвердзіце гістарычнымі фактамі высновы.

1. Язычніцтва захоўвалася ў свядомасці крывічоў-палачан нават у ХІ ст., калі афіцыйнай рэлігіяй стала хрысціянства.

2. Рэфармацыя пакінула глыбокі след у гісторыі як заходнееўрапейскіх дзяржаў, так і Вялікага Княства Літоўскага.

3. У Рэчы Паспалітай з сярэдзіны XVII ст. нарастала рэлігійная нецярпімасць да некаталікоў.

Працуем з гістарычнымі крыніцамі

Прачытайце ўрывак з дакумента, адкажыце на пытанні і зрабіце выснову.

Урыўкі з ліста канцлера ВКЛ Льва Сапегі
ад 12 сакавіка 1622 г. уніяцкаму біскупу
Іасафату Кунцэвічу

Вялебны ў Бозе айцец біскуп Полацкі!

Мне не дае вялікага задавальнення ўступаць з Вашай міласцю ў спрэчку, аднак бачу, што Ваша міласць працягвае з упартасцю стаяць на сваім…

…Гэта праўда, што я з’яўляюся аўтарам уніі, я ад гэтага не адмаўляюся, але я не змог уявіць, што Ваша міласць будзе звяртаць ва унію людзей гвалтоўнымі дзеяннямі, між тым як сам Гасподзь Бог запрашае да сябе ўсіх наступным чынам: прыйдзіце да мяне ўсе і г. д.

Зусім па-іншаму складваецца справа з Вашай міласцю: поўныя земскія суды, поўныя гарадскія суды, поўныя трыбуналы, поўныя ратушы, поўныя канцылярыі позваў [павесткі], скаргаў, нараканняў, у якіх сказана, што зацвярджаецца не унія, а зацвярджаюцца сваркі, парываецца і знішчаецца любоў, якая звязвае чалавечую супольнасць. На сойміках і ў кожным кутку краіны досыць сумятні і ўзаемных сварак…

…Яўрэям, татарам не забаронена ў дзяржавах яго Вялікасці караля спраўляць сваю рэлігію, у той час як хрысціянам забаронена гэта рабіць, адсюль і нараджаюцца словы, што лепш аддацца пад уладу паганцаў турак, чым цярпець такі гвалт над сваім сумленнем…

…Што ж тычыцца палачан і іншых бунтуючых супраць Вашай міласці, то скажу: магчыма, яны і бунтаўшчыкі. Але Ваша міласць сама дала ім падставу для бунту і зрабіла іх бунтаўшчыкамі. Бо яны былі паслухмяныя Вашай міласці, хадзілі ў царкву Вашай міласці. Чаму ж тады Ваша міласць іх адкінула ад сябе?.. Вось чаму мы не жадаем, каб гэта бескарысная унія прынесла і чыніла шкоду грамадству і дзяржаве…

Гісторыя Беларусі XVI—XVIII стст.: хрэстаматыя. 
С. 65—66

1. Вызначце, з чым быў не згодны канцлер Леў Сапега.

2. Выкажыце ваша асабістае меркаванне па пытанні ўвядзення ўніяцтва ў ВКЛ.

3. Растлумачце прычыны рэлігійных канфліктаў пасля заключэння Берасцейскай уніі.

4. Вызначце мэты стварэння ўніяцкай царквы з боку праваслаўных і каталікоў.

5. Вызначце, якія знешнепалітычныя абставіны ў 70—80-я гг. XVI ст. сталі перадумовай для выспявання думкі аб утварэнні на тэрыторыі ВКЛ уніяцкай царквы.

Даследуем

Правядзіце краязнаўчыя даследаванні па адной з наступных тэм.
1. Роля культавых камянёў у светапоглядзе беларусаў (на прыкладзе края­знаўчага матэрыялу вашай мясцовасці).

2.Спалучэнне хрысціянскіх і язычніцкіх вераванняў у этнічнай свядомасці беларусаў, традыцыях і абрадах.

3. Народны каляндар беларускай народнасці.

4. Праваслаўныя брацтвы і іх дзейнасць у канцы XVI — першай палове XVII ст.

Творчыя заданні

Язычніцкія перажыткі ў культуры беларусаў.

Вандроўка па рэлігійных святынях Беларусі.

Праваслаўныя манастыры ХІІ—ХVІІІ стст. у Беларусі.

Ілюстраваны каталог «Каталіцкія манастыры ХІV—ХVІІІ стст. у Беларусі».