§ 22-1. Берасцейская царкоўная унія

3. Усталяванне ўніяцкай царквы на беларускіх землях

У працэсе станаўлення ўніяцкай царквы ў ВКЛ вылучаюць некалькі асноўных перыядаў. Першы — ​канец XVI — ​пачатак XVII ст. — ​перыяд жорсткага і гвалтоўнага навязвання уніі, што выклікала вострае супрацьдзеянне праваслаўнага насель­ніцтва. Назіралася супраціўленне з боку сялян, мяшчан, членаў праваслаўных брацтваў. Не прынялі унію многія шляхціцы праваслаўнага веравызнан­ня і пратэстанты. Справа даходзіла да адкрытых выступленняў. У 1623 г. у Віцебску ў час хваляванняў праваслаўнага насельніцтва быў забіты полацкі ўніяцкі архіепіскап Іасафат Кунцэвіч.

Прымусовае насаджэнне ўніяцтва не прывяло да кансалідацыі грамадства. Вынікі аказаліся адваротнымі. Супярэчнасці на рэлігійнай глебе набылі небяспечны для дзяржавы характар.
Другі перыяд у станаўленні ўніяцкай царквы ў ВКЛ адносіцца да 30-х гг. XVII ст. Паколькі унія выклікала раскол сярод насельніцтва, кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV Ваза ў 1632 г. аднавіў праваслаўную царкву ў Княстве. У гэты час пачалася рэформа ўніяцкай царквы — ​з’явіўся манаскі ордэн базыльян. Былі арганізаваны брацкія і базыльянскія школы.

Такое хуткае распаўсюджанне ўніяцкай царквы ў Беларусі можна патлумачыць тым, што яна мела дзейсную падтрымку з боку ўлады. Істотным было і тое, што ўніяцкае духавенства прыклала вялікія намаганні, каб новая царква па сваёй абраднасці не вельмі адрознівалася ад праваслаўнай і была цесна звязана з паўсядзённым жыццём простага народа. У літургічнай храмавай службе ўніяцкія святары карысталіся польскай, царкоўнаславянскай, беларускай і нават лацінскай мовамі. А ў звычайных зносінах з сялянамі і мяшчанамі, у пазацаркоўнай абраднасці яны размаўлялі з народам на беларускай «гаворцы».

Пасля войнаў другой паловы XVII ст. у рэлігійнай палітыцы Рэчы Паспалітай пачалі прасочвацца праявы нецярпімасці, абмежавання правоў праваслаўных. Вернікі пачалі пераходзіць ва ўніяцтва. Так, напрыканцы ХVІІІ ст. на тэрыторыі Беларусі засталася толькі адна праваслаўная епархія — ​Магілёўская. У гэты ж час уніяцкая царква на беларускіх землях ахоплівала больш за 1000 прыходаў, а па ўсёй Рэчы Паспалітай — ​больш за 9 тысяч.

Такім чынам, да канца ХVІІ ст. насельніцтва Беларусі амаль цалкам стала прытрымлівацца ўніяцтва.