§ 22-1. Берасцейская царкоўная унія

1. Прычыны заключэння Берасцейскай царкоўнай уніі

Вялікае Княства Літоўскае геапалітычна знаходзілася на мяжы дзвюх канфесій, прадстаўнікі якіх дамінавалі ў дзяржаве. Гэта давала падставы Маскве і Рыму ўмешвацца ва ўнутраныя справы Княства. Каб абараніць незалежнасць ВКЛ, трэба было нешта іншае — і не каталіцтва, і не праваслаўе.

Да XVI ст. выразна праступілі рысы крызісу праваслаўя. Канстанцінопаль быў захоплены туркамі, а епархіі не здолелі стварыць сістэму школ для шляхты, падрыхтоўкі кадраў ніжэйшага духавенства. Езуіт Пётр Скарга, характарызуючы стан праваслаўя ў ВКЛ, пісаў: «Папы схалопелі, навука ўпала».

У пачатку 90-х гг. XVI ст. на сустрэчах з прадстаўнікамі Ватыкана праваслаўныя епіскапы ВКЛ прапаноўвалі ўмовы аб’яднання цэркваў у Княстве. Ініцыятарамі уніі выступілі епіскап берасцейскі і ўладзімірскі Іпаці Пацей і епіскап луцкі Кірыла Цярлецкі. Іх падтрымалі кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза, кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ Ваза і канцлер ВКЛ Леў Сапега. Вясной 1595 г. на царкоўным саборы амаль усе праваслаўныя епіскапы, акрамя львоўскага, пагадзіліся заключыць царкоўную унію. Яны падрыхтавалі «33 артыкулы» — умовы пераўтварэння праваслаўнай царквы ВКЛ ва ўніяцкую.

Умовы аб'яднання цэркваў