§ 22-1. Берасцейская царкоўная унія

2. Берасцейскі царкоўны сабор і яго вынікі

3 снежня 1595 г. І. Пацей і К. Цярлецкі сустрэліся ў Рыме з Кліментам VIII, які пагадзіўся з умовамі і падпісаў папскую булу аб уніі. Затым 6–9 кастрычніка 1596 г. у Берасці на царкоўным саборы, куды з’ехаліся прыхільнікі уніі. Менавіта тады ўніяцтва было канчаткова аформлена як рэлігійны кірунак. Аднак сабор адразу раскалоўся на два асобныя саборы — праваслаўны і ўніяцкі. Першы адхіліў унію, другі — абвясціў яе, прызнаў вяршэнства для ўніятаў папы рымскага і асноўных дагматаў каталіцкай царквы. Разам з тым захоўваліся праваслаўныя абрады і царкоўнаславянская мова ў набажэнстве. Уніяцкае духавенства, як і каталіцкае, вызвалялася ад падаткаў. Уніяцкая шляхта атрымала магчымасць займаць дзяржаўныя пасады нараўне з каталіцкай шляхтай, а ўніяты-мяшчане ўраўноўваліся ў правах з каталікамі-мяшчанамі.

15 кастрычніка 1596 г. каралеўскім універсалам акт уніі быў зацверджаны на дзяржаўным узроўні. Афіцыйна праваслаўная царква ў ВКЛ перастала існаваць, замест яе была створана ўніяцкая царква.