§ 20 Рэлігійнае жыццё на беларускіх землях у сярэдзіне ХIII – першай палове ХVІ ст.

4. Ідэя і спробы заключэння царкоўна-рэлігійнай уніі ў канцы XIV – пачатку XVI ст.

Ідэя аб’яднання праваслаўя і каталіцтва ў адзіную хрысціянскую царкву выношвалася ў Еўропе на працягу некалькіх стагоддзяў, пачынаючы ад царкоўнага расколу 1054 г. Рым неаднойчы прапаноўваў імператару Візантыі ўмовы аб’яднання з праваслаўнай царквой пад сваім вяршэнствам. У ВКЛ ідэя царкоўнай уніі ўзнікла ў канцы XIV ст., пасля хрышчэння Літвы. Вялікія князі літоўскія, вышэйшае каталіцкае духавенства выступілі з ідэяй царкоўнай уніі, разлічваючы ліквідаваць раскол сярод феадалаў, умацаваць дзяржаўнае адзінства, пашырыць сувязі з каталіцкімі краінамі Заходняй Еўропы.

Першыя спробы ажыццявіць царкоўную унію ў ВКЛ былі зроблены ў 1396 г. вялікім князем Ягайлам і мітрапалітам Кіпрыянам. Яны выступілі з прапановай склікаць уніяцкі сабор у землях ВКЛ са славянскім насельніцтвам. Пазней прайшлі перамовы Ягайлы і Вітаўта аб уніі з прадстаўнікамі каталіцкай царквы. У 1418 г. пасольства ВКЛ, якое ўзначальваў кіеўскі мітрапаліт Рыгор Цамблак, наведала Канстанцу (Германія). Аднак усе гэтыя намаганні ажыццявіць ідэю уніі не мелі поспеху. Яе не ўдалося рэалізаваць і на Фларэнтыйскім саборы (1439 г.). Царкоўная унія была абвешчана, але яе не падтрымала праваслаўнае насельніцтва ВКЛ. А пасля краху Візантыйскай імперыі (1453 г.) многія аўтакефальныя (самастойныя) праваслаўныя цэрквы адмовіліся ад аб’яднання з каталіцкай.

Наступная спроба заключыць царкоўную унію ў ВКЛ была зроблена ўжо ў кан­цы XV — ​пачатку XVI ст. вялікім князем Аляксандрам і мітрапалітам Іосіфам Балгарыновічам. Аднак ва ўмовах няўдалай вайны з Маскоўскай дзяржавай (1500—1503 гг.) яна выклікала абвастрэнне сацыяльных і рэлігійных адносін у Княстве. Гэтым скарыстаўся Міхаіл Глінскі, які арганізаваў мяцеж супраць вялікага князя Жыгімонта І Старога. Пасля пытанне аб царкоўнай уніі доўгі час не ўзнімалася.