§ 20 Рэлігійнае жыццё на беларускіх землях у сярэдзіне ХIII – першай палове ХVІ ст.

1. Поліканфесійны характар грамадства ВКЛ

У канфесійных адносінах дзяржава характарызавалася прысутнасцю трох рэлігій: хрысціянства, іўдаізму і ісламу, прычым першая была прадстаўлена дзвюма канфесіямі: праваслаўем і каталіцтвам. Пасля ўтварэння ВКЛ у краіне прадпрымаліся неаднаразовыя спробы хрышчэння ў каталіц­тва язычніцкіх балцкіх плямёнаў і распаўсюджання ўплыву каталіцкай царквы на тэрыторыі, дзе пражывала праваслаўнае славян­скае насельніцтва. Такая сітуацыя ў ВКЛ захоўвалася да канца XIV ст. Язычнікі Літвы і Жамойці слаба ўплывалі на ўнутраную палітыку дзяржавы. А першыя вялікія князі літоўскія апекавалі праваслаўную царкву. Яны разумелі, што падтрымка праваслаўнай царквы дапаможа ім аб’яднаць вакол Вільні ўсходнеславянскія землі. З другога боку, першыя князі ВКЛ выкарыстоўвалі рэлігію ў палітычных мэтах.

Захавалася інфармацыя, што князь Міндоўг на пачатку свайго кіравання прыняў «веру хрысціянскую з Усходу з многімі сваімі баярамі», г. зн. перайшоў з языч­ніцтва ў праваслаўе. Але гэтая версія не знайшла дакладнага пацвярджэння, таму не ўсе вучоныя яе прызнаюць. У 1253 г. Міндоўг прыняў каталіцтва. Хутчэй за ўсё, пераход князя ў праваслаўную веру, затым у каталіцтва з’яўляўся палітычным рашэннем з мэтай захавання ўлады.

А вось ягоны сын Войшалк, будучы язычнікам, жорстка абыходзіўся са сваімі падданымі, але затым, прыняўшы праваслаўную веру, рэзка змяніўся — ​пакінуў княжацкі пасад і пастрыгся ў манахі. Тры гады ён жыў у Палонскім манастыры (Украіна), а потым заснаваў манастыр каля Новагародка (Лаўрышаўскі манастыр). Яго вера, як сведчаць летапісы, уяўляла сабой парыў душы. Ён паставіў задачу ахрысціць язычніцкую Літву па праваслаўным абрадзе і нават у 1265 г. запрасіў святароў з Пскова. Але гэтая задума не была здзейснена, бо там княжыў Даўмонт — ​забойца яго бацькі.

Вялікія князі літоўскія спрабавалі або стварыць асобную ад Кіева мітраполію, або прызначыць кіеўскім мітрапалітам свайго стаўленіка. З часоў княжання вялікага князя Гедзіміна пачаліся спробы стварэння асобнай праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Новагародку. Са згоды канстанцінопальскага патрыярха Іаана ХІІІ Гліка была арганізавана Літоўска-Новагародская мітраполія. У яе склад увайшлі тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархій. Увогуле да Крэўскай уніі 1385 г. праваслаўе было ў ВКЛ пануючай канфесіяй.

Праваслаўная царква адыгрывала значную ролю ў грамадскім жыцці ВКЛ. Напрыклад, полацкія архіепіскапы ўваходзілі ў раду полацкага князя, прысутнічалі на з’ездах мясцовай знаці, падпісвалі дагаворы з іншымі княствамі і гарадамі. Царква разглядала традыцыйныя справы, звязаныя з парушэннем царкоўных асноў у сямейна-бытавым жыцці, — ​шлюбы не па «законе», іх скасаванне, распуста, блюзнерства.

Існуюць летапісныя звесткі аб тым, што вялікі князь Альгерд перайшоў у праваслаўную веру пры шлюбе з віцебскай княжной Марыяй, а дзеці ад шлюбу з Марыяй у сталым узросце прынялі праваслаўе. Праўда, пахавалі князя па язычніцкім абрадзе.