§ 20 Рэлігійнае жыццё на беларускіх землях у сярэдзіне ХIII – першай палове ХVІ ст.

3. Змяненне рэлігійнай палітыкі кіраўніцтва ВКЛ пасля заключэнне Крэўскай уніі

Паколькі кіеўскі мітрапаліт у XIV ст. зрабіў сваёй рэзідэнцыяй Маскву, Вялікае Княства Маскоўскае стала рэлігійным цэнтрам усіх праваслаўных усходнеславянскіх зямель. Гэта садзейнічала пашырэнню ўплыву Маскоўскай дзяржавы не толькі ў рэлігійных, але і ў палітычных пытаннях. Канчатковае адасабленне праваслаўнай царкоўнай арганізацыі ВКЛ ад маскоўскай адбылося ў 1458 г. З гэтага часу на ўсходнеславянскіх землях сталі дзейнічаць дзве асноўныя арганізацыі праваслаўнай царквы: мітраполія Кіеўская і ўсяе Русі, мітраполія Масквы і ўсяе Русі.

У канцы XIV — XVI ст. на беларускіх землях сталі з’яўляцца татар­скія паселішчы. Ва ўмовах рэлігійнай цярпімасці татарам удавалася даволі доўга захоўваць свае племянныя традыцыі, культуру, мову. Ім дазвалялася свабодна вызнаваць іслам, будаваць мячэці. Аснову духоўнага жыцця яшчэ адной этнічнай групы — ​яўрэяў — ​складаў іўдаізм.

Вялікае Княства заставалася апош­няй у Еўропе дзяржавай, дзе язычніц­кая меншасць дамінавала над хрысціянскай большасцю. Такая сітуацыя ставіла Княства ў ізаляванае і вельмі няпэўнае становішча. Хрысціянізацыя Літвы была непазбежнай умовай далучэння яе да еўрапейскай цывілізацыі. Выбар паміж Польшчай і Руссю азначаў для літоўскіх феадалаў не адмаўленне ад язычніцтва, а выбар паміж каталіцтвам і праваслаўем. Гэта быў не толькі палітычны, але і цывілізацыйны выбар. У такіх умовах пачаўся працэс збліжэння ВКЛ і Польшчы.

Рэлігійнае становішча змянілася пасля Крэўскай уніі 1385 г. Каталіцтва па­ступова пашырылася на беларускіх землях. Падтрымку каталіцкай царкве пачалі аказваць вялікія князі літоўскія, а каталіцтва набыло статус дзяржаўнай рэлігіі. Прывілеем 1387 г. Ягайла абавязаў усіх жыхароў-язычнікаў перайсці ў каталіцтва. Феадалы-каталікі атрымалі неабмежаваныя правы на валоданне зямлёй і былі вызвалены ад выканання шэрагу дзяржаўных павіннасцяў. На праваслаўных феа­далаў гэтыя вольнасці не распаўсюджваліся.

У сакавіку 1388 г. папа Урбан VI зацвердзіў булу, якая дазволіла заснаваць Віленскае біскупства і першыя 7 парафій. Тэрыторыя біскупства ахоплівала этнічныя літоўскія і большую частку беларускіх зямель, акрамя паўднёва-заходніх. Да канца стагоддзя ў Вялікім Княстве Літоўскім існавала 12 касцёлаў, з іх шэсць — ​на тэрыторыі Беларусі. Ужо ў 1430 г. у ВКЛ налічвалася 27 касцёлаў, у тым ліку 12 — ​у Беларусі. У XIV—XV стст. дзейнічалі чатыры каталіцкія біскупствы: Кіеўскае, Луцкае (уваходзіла Берасцейская зямля), Жамойцкае і Віленскае. Біскупствы падзяляліся на дэканаты, апошнія — ​на парафіі. Першымі біскупамі былі палякі, а ў XVI ст. пачалі з’яўляцца біскупы са шляхецкіх родаў ВКЛ, што давала ім магчымасць дадаткова ўплываць на дзяржаўныя справы.

Адно з палажэнняў Гарадзельскай уніі 1413 г. сцвярджала, што толькі каталікі валодаюць і карыстаюцца эканамічнымі прывілеямі. Праваслаўныя феадалы былі пазбаўлены права выбіраць вялікага князя. Гэта дазвалялася толькі «панам і шляхціцам зямлі літоўскай, прыхільнікам хрысціянскай рэлігіі, Рымскай царквы падуладным». Пацвярджалася забарона на шлюбы паміж каталікамі і праваслаўнымі.

Каталіцкае хрышчэнне літоўцаў пазбавіла праваслаўную царкву надзеі на ролю галоўнай канфесіі ў Княстве. Становішча праваслаўнага насельніцтва адносна пагоршылася. Ператварэнне каталіцкай царквы ў буйнога землеўласніка закранула інтарэсы беларускіх сялян, мяшчан, праваслаўных святароў і манахаў. Прыняцце каталіцтва ў якасці дзяржаўнай рэлігіі абвастрыла рэлігійныя адносіны ў ВКЛ. З іншага боку, каталіцтва прынесла на беларускія землі новыя з’явы ў культуры.