§ 20 Рэлігійнае жыццё на беларускіх землях у сярэдзіне ХIII – першай палове ХVІ ст.

2. Літоўская праваслаўная мітраполія

Захаваліся фрагментарныя звесткі пра існаванне ў часы праўлення Гедзіміна асобнай Літоўскай мітраполіі з асноўным цэнтрам у Новагародку. Менавіта вялікі князь Гедзімін у 1317 г. дабіўся ад канстанцінопальскага патрыярха згоды на стварэнне «Новагародска-Літоўскай мітраполіі». Яе ўзначаліў мітрапаліт Феафіл. Даследчыкі разыходзяцца ў меркаваннях, дзе знаходзілася рэзідэнцыя літоўскага мітрапаліта ў Новагародку. Некаторыя сцвярджаюць, што яна была ў Барысаглебскай царкве, пабудаванай яшчэ ў ХІІ ст. Літоўскія мітрапаліты прысутнічалі на канстанцінопальскіх патрыяршых саборах 1317, 1327, 1329 гг. Па сутнасці, гэта сведчыла пра першыя спробы стварэння асобнай царкоўнай арганізацыі на землях Кіеўскай мітраполіі, якія ў той час ужо ўваходзілі ў склад ВКЛ.

Упартае саперніцтва паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай вялося за пасаду кіеўскага мітрапаліта, паколькі той з пачатку XIV ст. знаходзіўся ў Маскве. Значную актыўнасць у гэтай барацьбе праявілі вялікія князі Альгерд і Вітаўт. Пры Альгердзе ў 1355 г. у Новагародак канстанцінопальскім патрыярхам быў прызначаны мітрапаліт Раман, асобны ад мітрапаліта ў Маскве. Яму падначальваліся 7 епархій на тэрыторыі Беларусі і Украіны: Турава-Пінская, Полацкая, Галіцкая, Уладзіміра-Валынская, Луцкая, Холмская, Перамышльская. Пасля смерці Рамана асобныя мітрапаліты на землі ВКЛ не прызначаліся. Толькі ў 1415 г. па ініцыятыве вялікага князя Вітаўта ў Новагародку адбыўся царкоўны сабор, які прызнаў новым мітрапалітам Рыгора Цамблака і абвясціў незалежнасць праваслаўнай царквы ВКЛ ад мітрапаліта ў Маскве. Аднак у 1420 г. літоўска-новагародскі мітрапаліт не атрымаў прызнання ў праваслаўным свеце і страціў падтрымку Вітаўта. Кіраўніком праваслаўнай царквы ВКЛ пасля смерці Цамблака стаў кіеўскі мітрапаліт у Маскве Фоцій.

Канчатковае адасабленне праваслаўнай царквы ВКЛ ад маскоўскай адбылося ў 1458 г. З гэтага часу на ўсходнеславянскіх землях сталі дзейнічаць дзве асноўныя арганізацыі праваслаўнай царквы, з якіх адна захоўвала традыцыйную назву — мітраполія Кіеўская і ўсяе Русі, а другая з 1461 г. стала называцца мітраполіяй Масквы і ўсяе Русі. Першымі мітрапалітамі ў ВКЛ былі грэкі і балгары. Пазней мітрапалітамі станавіліся пераважна ўраджэнцы Беларусі. Так, з 12 мітрапалітаў, якія ўзначальвалі праваслаўную царкву ў ВКЛ да сярэдзіны XVI ст., 9 мелі родавыя маёнткі ў Беларусі або раней былі полацкімі ці пінска-тураўскімі епіскапамі. Мясцовымі ўраджэнцамі з сярэдзіны XV ст. былі, як правіла, епіскапы, не гаворачы ўжо пра звычайных прыходскіх святароў.