§ 19.Хрысціянізацыя насельніцтва беларускіх земель

3. Уплыў хрысціянства на дзяржаваўтваральныя і культурныя працэсы

Усталяванне хрысціянства на беларускіх землях садзейнічала ўмацаванню княжац­кай улады, спрыяла развіццю феадальных адносін. У адрозненне ад язычніцтва хрысціянская вера ў адзінага Бога адпавядала ідэі адзінаўладдзя ў дзяржаве, а значыць, была ёй апорай.

Прыняцце новай веры спрыяла ўсталяванню больш цесных міжнародных сувязяў з хрысціянскімі дзяржавамі, а ўсходняе хрысціянства прадвызначыла куль­турнае збліжэнне Полаччыны з Візантыяй.

Распаўсюджанне новай веры садзейнічала пашырэнню на сярэднявечных землях Беларусі пісьменнасці і адукацыі. Пры цэрквах і манастырах перапісвалі кнігі і адчынялі школы. У гарадах вялося летапісанне.
Хрысціянская вера выпрацоўвала і прыкметна ўзмацняла ў беларусаў мяккасардэчнасць, міласэрнасць, гуманнасць.

Хрысціянізацыя, з аднаго боку, выцясняла народную культуру з паўсядзённага жыцця, але не знішчала яе. Культура беларускіх зямель Х—ХІІ стст. спалу-
чала ў сабе язычніцкую і грэка-візантыйскую традыцыі. Гэта прывяло да ўзнікнен­ня арыгінальных твораў літаратуры, архітэктуры, мастацтва. Язычніцкія традыцыі добра адлюстраваны ў вуснай народнай творчасці, каляндарна-абрадавых песнях, прысвечаных розным язычніцкім святам, сямейна-абрадавай паэзіі, казках, па­даннях, легендах, замовах і інш. З другога боку, хрысціянства садзейнічала ўключэнню беларускіх зямель у еўрапейскую культуру.

Такім чынам, увядзенне хрысціянства стала не толькі велізарнай культурна-гіс­тарычнай падзеяй, але і найважнейшым палітычным актам, які ўмацаваў духоўнае адзінства ўсходнеславянскіх зямель.