§ 19.Хрысціянізацыя насельніцтва беларускіх земель

1. Прычыны прыняцця і працэс распаўсюджання хрысціянства

Хрысціянства — ​адна з самых пашыраных і развітых сусветных рэлігій, паслядоўнікі якой пакланяюцца адзінаму Богу, які стварыў свет і чалавека «паводле вобразу і падабенства свайго» (у адрозненне ад язычніцкага мнагабожжа).

Доўгі час вучоныя лічылі, што ўвядзенне хрысціянства на землях Беларусі адбылося адначасова з Кіевам і Ноўгарадам падчас праўлення кіеўскага князя Уладзіміра, паколькі прамыя звесткі аб хрышчэнні Беларусі адсутнічаюць.

Сучасныя беларускія гісторыкі звяртаюць увагу на тое, што прыняцце хрысціянства на Беларусі адбывалася іначай, чым на тэрыторыі Кіеўскай Русі (988 г.). Хрысціянізацыя беларускіх зямель прайшла больш спакойна, чым у іншых усходне­славянскіх землях. Тут не было масавых выступленняў насельніцтва ў абарону язычніцтва. На старонках летапісаў няма звестак пра тое, як прыняла новую рэлігію Полацкая зямля. Магчыма, хрышчэнне Беларусі не было гвалтоўным, бо абмінуць такую падзею тагачасныя летапісцы не маглі. Хрысціянства пашыралася натуральным чынам на ўсім абшары княства. Прычым адбывалася гэта паступова, і пэўны час яно мірна суіснавала з язычніц­твам. Новая рэлігія патрэбная была для аб’яднання рознаэтнічных зямель вакол Полацка, каб утварыць моцную дзяржаву.

Гісторыкі мяркуюць, што хрысціянства магло быць вядомае на беларускіх землях да яго афіцыйнага прыняцця ў Кіеве, і лічаць, што хрысціянскія погляды пранікалі ў свядомасць беларусаў паступова, мірным шляхам. Гэтаму магло спрыяць тое, што князі праводзілі самастойную палітыку не толькі ў палітычным, але і ў духоўным жыцці. Яшчэ адной крыніцай знаёмства насельніцтва старажытнай Беларусі з хрысціянствам гісторыкі называюць скандынаваў (варагаў).

Разам з хрысціянізацыяй адбывалася фарміраванне царкоўнай арганізацыі. На чале духавенства стаяў мітрапаліт, які знаходзіўся ў Кіеве. Правам назначэн­ня мітрапаліта карыстаўся канстанцінопальскі патрыярх. Кіеўская мітраполія складалася з епархій (царкоўных акруг) на чале з епіскапамі. Епархіі падзяляліся на прыходы. На беларускіх землях утварыліся дзве епархіі: Полацкая ў 992 г. і Тураўская — ​у 1005 г. Першым вядомым полацкім епіскапам стаў епіскап Міна, прызначаны на кафедру ў 1105 г. Першым кіраўніком Тураўскай епархіі называюць епіскапа Фаму.

У ХІІ ст. каля Полацка ўзніклі першыя манастыры. Адзін — ​Барысаглебскі — ​быў пабудаваны на беразе ракі Бельчыца, другі — Спаскі — у Сяльцы. Па ўскосных звестках, на тэрыторыі Тураўскай зямлі таксама былі заснаваны манастыры. Так, мужчынскі манастыр у Тураве з’яўляўся рэзідэнцыяй Кірылы Тураўскага.

На беларускія землі хрысціянства пранікала не толькі паводле грэка-візантыйскага ўзору (з Візантыі). Спроба пранікнення хрысціянства з захаду (па лацін­скім (рымскім) узоры) зафіксавана напачатку ХІ ст., калі тураўскі князь Святаполк ажаніўся з дачкой польскага князя Баляслава і запрасіў у Тураў епіскапа Рэйберна, які спрабаваў стварыць заходнюю епархію ў Тураве. Але гэтая спроба скончылася няўдала.