Печатать книгуПечатать книгу

§ 19.Хрысціянізацыя насельніцтва беларускіх земель

1. Што такое рэлігія?
2. Якімі былі вераванні старажытных індаеўрапейцаў?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Книга: § 19.Хрысціянізацыя насельніцтва беларускіх земель
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 18 Май 2024, 23:07

1. Прычыны прыняцця і працэс распаўсюджання хрысціянства

Хрысціянства — ​адна з самых пашыраных і развітых сусветных рэлігій, паслядоўнікі якой пакланяюцца адзінаму Богу, які стварыў свет і чалавека «паводле вобразу і падабенства свайго» (у адрозненне ад язычніцкага мнагабожжа).

Доўгі час вучоныя лічылі, што ўвядзенне хрысціянства на землях Беларусі адбылося адначасова з Кіевам і Ноўгарадам падчас праўлення кіеўскага князя Уладзіміра, паколькі прамыя звесткі аб хрышчэнні Беларусі адсутнічаюць.

Сучасныя беларускія гісторыкі звяртаюць увагу на тое, што прыняцце хрысціянства на Беларусі адбывалася іначай, чым на тэрыторыі Кіеўскай Русі (988 г.). Хрысціянізацыя беларускіх зямель прайшла больш спакойна, чым у іншых усходне­славянскіх землях. Тут не было масавых выступленняў насельніцтва ў абарону язычніцтва. На старонках летапісаў няма звестак пра тое, як прыняла новую рэлігію Полацкая зямля. Магчыма, хрышчэнне Беларусі не было гвалтоўным, бо абмінуць такую падзею тагачасныя летапісцы не маглі. Хрысціянства пашыралася натуральным чынам на ўсім абшары княства. Прычым адбывалася гэта паступова, і пэўны час яно мірна суіснавала з язычніц­твам. Новая рэлігія патрэбная была для аб’яднання рознаэтнічных зямель вакол Полацка, каб утварыць моцную дзяржаву.

Гісторыкі мяркуюць, што хрысціянства магло быць вядомае на беларускіх землях да яго афіцыйнага прыняцця ў Кіеве, і лічаць, што хрысціянскія погляды пранікалі ў свядомасць беларусаў паступова, мірным шляхам. Гэтаму магло спрыяць тое, што князі праводзілі самастойную палітыку не толькі ў палітычным, але і ў духоўным жыцці. Яшчэ адной крыніцай знаёмства насельніцтва старажытнай Беларусі з хрысціянствам гісторыкі называюць скандынаваў (варагаў).

Разам з хрысціянізацыяй адбывалася фарміраванне царкоўнай арганізацыі. На чале духавенства стаяў мітрапаліт, які знаходзіўся ў Кіеве. Правам назначэн­ня мітрапаліта карыстаўся канстанцінопальскі патрыярх. Кіеўская мітраполія складалася з епархій (царкоўных акруг) на чале з епіскапамі. Епархіі падзяляліся на прыходы. На беларускіх землях утварыліся дзве епархіі: Полацкая ў 992 г. і Тураўская — ​у 1005 г. Першым вядомым полацкім епіскапам стаў епіскап Міна, прызначаны на кафедру ў 1105 г. Першым кіраўніком Тураўскай епархіі называюць епіскапа Фаму.

У ХІІ ст. каля Полацка ўзніклі першыя манастыры. Адзін — ​Барысаглебскі — ​быў пабудаваны на беразе ракі Бельчыца, другі — Спаскі — у Сяльцы. Па ўскосных звестках, на тэрыторыі Тураўскай зямлі таксама былі заснаваны манастыры. Так, мужчынскі манастыр у Тураве з’яўляўся рэзідэнцыяй Кірылы Тураўскага.

На беларускія землі хрысціянства пранікала не толькі паводле грэка-візантыйскага ўзору (з Візантыі). Спроба пранікнення хрысціянства з захаду (па лацін­скім (рымскім) узоры) зафіксавана напачатку ХІ ст., калі тураўскі князь Святаполк ажаніўся з дачкой польскага князя Баляслава і запрасіў у Тураў епіскапа Рэйберна, які спрабаваў стварыць заходнюю епархію ў Тураве. Але гэтая спроба скончылася няўдала.

2. Дваяверства

Разглядаючы пытанне аб распаўсюджванні хрысціянства ва ўсходніх славян, гісторыкі выкарыстоўваюць тэрмін «дваяверства». Яно выяўлялася ў тым, што частка людзей пасля прыняцця хрысціянства працягвала ўшаноўваць язычнiцкiх багоў. З тым, што на Русі існавала дваяверства, пагаджаліся нават гісторыкі праваслаўнай царквы. Некаторыя даследчыкі лічаць, што неабходна разглядаць гэтую з’яву як спалучэнне хрысціянства і язычніцтва.
Хрысціянства адносна хутка распаўсюдзілася сярод знатных людзей і гараджан. У сельскай мясцовасці гэты працэс ішоў марудна. Там язычніцтва глыбока ўкаранілася ў побыт сялян, было звязана з іх ладам жыцця, натуральнай гаспадар­кай, залежнасцю ад прыроды.

З пашырэннем уплыву царквы ў жыцці людзей стала адбывацца своеасаблiвае спалучэнне язычнiцтва i хрысцiянства. Да некаторых старажытных народных святаў (Каляды, Вялiкдзень, Сёмуха, Купалле) царква прымеркавала свае рэлiгiйныя святы (адпаведна Нараджэнне Хрыстова, Уваскрэсенне Хрыстова, Святая Тройца, Іаан Хрысціцель). Узаемаўплыў дзвюх рэлігій прасочваўся ў адначасовым існаван­ні ў духоўнай культуры беларусаў вобразаў язычніцкіх багоў і хрысціянскіх святых — ​напрыклад, Пярун і Ілля, Ярыла і Юр’я. У беларускіх фальклорных творах (песнях, казках, паданнях, легендах) таксама адначасова прысутнічаюць язычніц­кія і хрысціянскія героі.

Народная свядомасць паступова мянялася. Старыя багі, абрады або цалкам ліквідаваліся, або паступова «раствараліся» ў хрысціянстве. Тыя абрады, звычаі і персанажы, якіх хрысціянства не перамагло, былі прыстасаваны да Бібліі. Святары і прапаведнікі добра разумелі сілу таго ці іншага язычніцкага звычаю або абраду, таму імкнуліся дапасаваць іх да хрысціянскіх.

З другога боку, святары вялі жорсткую барацьбу са старажытнай верай, што праяўлялася ў разбурэнні свяцілішчаў і забароне язычніцкіх абрадаў. Князі былі зацікаўлены ў развіцці сваіх дзяржаў паводле еўрапейскага ўзору. Такая падтрым­ка з боку ўлады скончылася паступовай перамогай хрысціянства як афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіі.

3. Уплыў хрысціянства на дзяржаваўтваральныя і культурныя працэсы

Усталяванне хрысціянства на беларускіх землях садзейнічала ўмацаванню княжац­кай улады, спрыяла развіццю феадальных адносін. У адрозненне ад язычніцтва хрысціянская вера ў адзінага Бога адпавядала ідэі адзінаўладдзя ў дзяржаве, а значыць, была ёй апорай.

Прыняцце новай веры спрыяла ўсталяванню больш цесных міжнародных сувязяў з хрысціянскімі дзяржавамі, а ўсходняе хрысціянства прадвызначыла куль­турнае збліжэнне Полаччыны з Візантыяй.

Распаўсюджанне новай веры садзейнічала пашырэнню на сярэднявечных землях Беларусі пісьменнасці і адукацыі. Пры цэрквах і манастырах перапісвалі кнігі і адчынялі школы. У гарадах вялося летапісанне.
Хрысціянская вера выпрацоўвала і прыкметна ўзмацняла ў беларусаў мяккасардэчнасць, міласэрнасць, гуманнасць.

Хрысціянізацыя, з аднаго боку, выцясняла народную культуру з паўсядзённага жыцця, але не знішчала яе. Культура беларускіх зямель Х—ХІІ стст. спалу-
чала ў сабе язычніцкую і грэка-візантыйскую традыцыі. Гэта прывяло да ўзнікнен­ня арыгінальных твораў літаратуры, архітэктуры, мастацтва. Язычніцкія традыцыі добра адлюстраваны ў вуснай народнай творчасці, каляндарна-абрадавых песнях, прысвечаных розным язычніцкім святам, сямейна-абрадавай паэзіі, казках, па­даннях, легендах, замовах і інш. З другога боку, хрысціянства садзейнічала ўключэнню беларускіх зямель у еўрапейскую культуру.

Такім чынам, увядзенне хрысціянства стала не толькі велізарнай культурна-гіс­тарычнай падзеяй, але і найважнейшым палітычным актам, які ўмацаваў духоўнае адзінства ўсходнеславянскіх зямель.

Пытанні і заданні

1. Вызначце падабенства язычніцкага светапогляду насельнікаў Беларусі і старажытных індаеўрапейцаў. Якія асаблівасці язычніцкіх уяўленняў на беларускіх землях можна назваць?
2. Складзіце лагічны ланцужок ці гекс, які б адлюстроўваў прычыны прыняцця хрысціянства на беларускіх землях, шляхі яго распаўсюджвання, а таксама вынікі гэтага працэсу.
3. Якія версіі існуюць у даследчыкаў па пытанні хрысціянізацыі беларускіх зямель? Чым можна растлумачыць факт хуткага распаўсюджання хрыс­ціянства на беларускіх землях?
4. Якімі фактамі пацвярджаецца існаванне на беларускіх землях дваяверства?
5. Назавіце станоўчыя вынікі ўвядзення хрысціянства.
6. Як прыняцце хрысціянства паўплывала на лёс Беларусі?
7. Карыстаючыся гісторыка-дакументальнымі хронікамі «Памяць», падрых­туйце паведамленне ці прэзентацыю, прысвечаныя рэшткам язычніцкіх вераванняў у вашым раёне (горадзе, вёсцы), або выявіце язычніцкія рысы, характэрныя для народнага касцюма беларусаў пэўнага раёна.