§ 19.Хрысціянізацыя насельніцтва беларускіх земель

2. Дваяверства

Разглядаючы пытанне аб распаўсюджванні хрысціянства ва ўсходніх славян, гісторыкі выкарыстоўваюць тэрмін «дваяверства». Яно выяўлялася ў тым, што частка людзей пасля прыняцця хрысціянства працягвала ўшаноўваць язычнiцкiх багоў. З тым, што на Русі існавала дваяверства, пагаджаліся нават гісторыкі праваслаўнай царквы. Некаторыя даследчыкі лічаць, што неабходна разглядаць гэтую з’яву як спалучэнне хрысціянства і язычніцтва.
Хрысціянства адносна хутка распаўсюдзілася сярод знатных людзей і гараджан. У сельскай мясцовасці гэты працэс ішоў марудна. Там язычніцтва глыбока ўкаранілася ў побыт сялян, было звязана з іх ладам жыцця, натуральнай гаспадар­кай, залежнасцю ад прыроды.

З пашырэннем уплыву царквы ў жыцці людзей стала адбывацца своеасаблiвае спалучэнне язычнiцтва i хрысцiянства. Да некаторых старажытных народных святаў (Каляды, Вялiкдзень, Сёмуха, Купалле) царква прымеркавала свае рэлiгiйныя святы (адпаведна Нараджэнне Хрыстова, Уваскрэсенне Хрыстова, Святая Тройца, Іаан Хрысціцель). Узаемаўплыў дзвюх рэлігій прасочваўся ў адначасовым існаван­ні ў духоўнай культуры беларусаў вобразаў язычніцкіх багоў і хрысціянскіх святых — ​напрыклад, Пярун і Ілля, Ярыла і Юр’я. У беларускіх фальклорных творах (песнях, казках, паданнях, легендах) таксама адначасова прысутнічаюць язычніц­кія і хрысціянскія героі.

Народная свядомасць паступова мянялася. Старыя багі, абрады або цалкам ліквідаваліся, або паступова «раствараліся» ў хрысціянстве. Тыя абрады, звычаі і персанажы, якіх хрысціянства не перамагло, былі прыстасаваны да Бібліі. Святары і прапаведнікі добра разумелі сілу таго ці іншага язычніцкага звычаю або абраду, таму імкнуліся дапасаваць іх да хрысціянскіх.

З другога боку, святары вялі жорсткую барацьбу са старажытнай верай, што праяўлялася ў разбурэнні свяцілішчаў і забароне язычніцкіх абрадаў. Князі былі зацікаўлены ў развіцці сваіх дзяржаў паводле еўрапейскага ўзору. Такая падтрым­ка з боку ўлады скончылася паступовай перамогай хрысціянства як афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіі.