§ 17. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у другой палове XVI – першай палове XVII стст.

4. Развіццё гандлю

Асаблівасцю горада быў торг, для правядзення якога адводзіўся рынак. Так, рынак у Магілёве займаў плошчу больш чым 2 гектары, на якіх размяшчалася 400 лавак гандляроў. У буйны́х гарадах таргі збіраліся 1—2 разы на тыдзень, а ў сярэдніх гарадах і мястэчках — ​штотыдзень. Найбольш значныя кірмашы праходзілі ў Менску, Шклове, Бешанковічах, Зэльве. Паступова ў ХVІІІ ст. унутраны гандаль набыў пастаянны характар.

Гандлем займаліся купцы. Замежны гандаль вялі вярхі купецтва — ​госці. Амаль 900 купцоў звязвалі каля 70 гарадоў Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі. Напрыклад, тыя ж магілёўскія купцы наладзілі кантакты з 32 беларускімі гарадамі. Клецк быў звязаны гандлёвымі сувязямі з Ляхавічамі, Мірам, Сталовічамі, Мышшу, Слуцкам, Слонімам. Мясцовыя купцы, якія ездзілі гандляваць не далей чым за 10 вёрстаў ад горада, называліся прасаламі.

Купцы, як і рамеснікі, стваралі свае аб’яднанні — ​брацтвы, або гільдыі. Членам іх мог стаць чалавек, які прысягнуў гораду, быў унесены ў спіс купцоў і выплаціў грашовы ўзнос. У статуце Магілёўскага купецкага брацтва 1636 г. адзначалася, што «купцом лічыцца той, хто ездзіць з рознымі іншаземнымі і вырабленымі ў Кароне ці Вялікім Княстве Літоўскім таварамі, купленымі ў розных гарадах зямель… на кірмашы ў розныя гарады… а таксама прывозіць з чужых мясцін купленыя там тавары і прадае іх…».

Купцы набывалі за мяжой сукно, тканіны, жалеза, свінец, волава, паперу, цвікі, косы, сярпы, нажы, галантарэю, віно, селядцы, соль, залатыя і сярэбраныя «яхімкі» і іншыя тавары.

Яхімкамі ў Расійскай дзяржаве называлі талер — ​сярэбраную манету, якую выпускалі ў Чэхіі. Відавочна, што ў асноўным з беларускіх зямель вывозілі прадукты сельскай і лясной гаспадарак, а ўвозілі прамысловую прадукцыю. Сялянская гаспадарка і рамяство ў гэты час забяспечвалі ў асноўным унутраныя па­трэбы ў сельскагаспадарчай прадукцыі, прыладах працы, таварах штодзённага попыту, а фальварак працаваў галоўным чынам на рынак.

Паміж гарадамі склаліся шляхі зносін — ​гасцінцы, якія звязвалі ў адзінае цэлае рынкі гарадоў Рэчы Паспалітай. Дакумент 1619 г. «Вялікім галоўным гасцінцам» называе шлях ад Оршы да Брэста праз Коханава, Талачын, Бобр, Начу, Барысаў, Менск, Койданава, Мікалаеўшчыну, Нясвіж, Мір, Цырын, Моўчадзь, Слонім, Ружаны, Новы Двор, Шарашова, Камянец. «Гасцінцам вялікім» лічылася дарога Полацк — ​Ві­цебск — ​Орша — ​Шклоў — ​Магілёў.

Тавары перавозілі фурманкамі, вазамі па сухапутных дарогах, рачнымі суднамі і плытамі па рэках. Хуткасць руху залежала ад якасці дарогі: у ХVІІ ст. для абозаў яна складала 20—30 км за суткі, для асобных экіпажаў — ​40—50 км, для верхавых — ​да 70—80 км за суткі. У 1688 г. з Варшавы да Магілёва можна было даехаць за 13 дзён.