§ 17. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у другой палове XVI – першай палове XVII стст.

1. Перадумовы і асаблівасці станаўлення фальваркава-паншчыннай гаспадаркі на беларускіх землях

У ХV—ХVІ стст. Заходняя Еўропа перажывала пераход ад феадальнай гаспадаркі да капіталістычнай вытворчасці, ад феадаль­нага грамадства да буржуазнага. Феадальныя адносіны, пры якіх залежны селянін не быў зацікаўлены ў эканамічным прагрэсе, апынуліся ў стане крызісу.

Тэхнічны прагрэс у Заходняй Еўропе, з’яўленне капіталістычнай мануфактуры, удасканаленне гандлёва-крэдытных адносін выклікалі імклівы рост гарадскога насельніцтва. Таксама ў выніку пашырэння авечкагадоўлі і вінаградарства ўзнік сталы попыт на прадукцыю сельскай гаспадаркі, найперш збожжа. Напрыклад, у Гданьску — ​партовым горадзе на Балтыйскім моры — ​кошт жыта на працягу першай паловы ХVІ ст. павялічыўся ў пяць разоў. Паколькі ў прамысловым развіцці ўсходнееўрапейскія краіны адставалі ад Заходняй Еўропы, Вялікае Княства Літоўскае пастаўляла на міжнародны рынак прадукцыю сельскай гаспадаркі і лясных промыслаў.

Гаспадарка феадалаў у ВКЛ не была прыстасавана для атрымання лішкаў збожжа, якія можна было б прадаць. Шляхецкі маёнтак задавальняў патрэбы толькі свайго ўладальніка. Магчымасць дабіцца вялікіх прыбыткаў ад продажу збожжа падштурхнула шляхціцаў да рэарганізацыі панскага двара ў фальварак. Фальварак — ​гэта гаспадарка феадала з комплексам будынкаў і зямлі, на якой прыгонныя сяляне адпрацоўвалі паншчыну. Падобная сістэма атрымала назву фальваркава-паншчыннай. Фальваркавая гаспадарка была скіравана на рынак і мела тавар­ны харак­тар. Першыя фальваркі з’яві­ліся ў XV ст. З правядзеннем аграрнай рэформы колькасць іх значна павялічылася на захадзе і ў цэнтры Беларусі.