Печатать книгуПечатать книгу

§ 17. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у другой палове XVI – першай палове XVII стст.

1. Успомніце, калі ў Заходняй Еўропе зарадзіліся капіталістычныя адносіны.
2. Што такое таварная гаспадарка?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Книга: § 17. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у другой палове XVI – першай палове XVII стст.
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 7 Июль 2025, 18:35

1. Перадумовы і асаблівасці станаўлення фальваркава-паншчыннай гаспадаркі на беларускіх землях

У ХV—ХVІ стст. Заходняя Еўропа перажывала пераход ад феадальнай гаспадаркі да капіталістычнай вытворчасці, ад феадаль­нага грамадства да буржуазнага. Феадальныя адносіны, пры якіх залежны селянін не быў зацікаўлены ў эканамічным прагрэсе, апынуліся ў стане крызісу.

Тэхнічны прагрэс у Заходняй Еўропе, з’яўленне капіталістычнай мануфактуры, удасканаленне гандлёва-крэдытных адносін выклікалі імклівы рост гарадскога насельніцтва. Таксама ў выніку пашырэння авечкагадоўлі і вінаградарства ўзнік сталы попыт на прадукцыю сельскай гаспадаркі, найперш збожжа. Напрыклад, у Гданьску — ​партовым горадзе на Балтыйскім моры — ​кошт жыта на працягу першай паловы ХVІ ст. павялічыўся ў пяць разоў. Паколькі ў прамысловым развіцці ўсходнееўрапейскія краіны адставалі ад Заходняй Еўропы, Вялікае Княства Літоўскае пастаўляла на міжнародны рынак прадукцыю сельскай гаспадаркі і лясных промыслаў.

Гаспадарка феадалаў у ВКЛ не была прыстасавана для атрымання лішкаў збожжа, якія можна было б прадаць. Шляхецкі маёнтак задавальняў патрэбы толькі свайго ўладальніка. Магчымасць дабіцца вялікіх прыбыткаў ад продажу збожжа падштурхнула шляхціцаў да рэарганізацыі панскага двара ў фальварак. Фальварак — ​гэта гаспадарка феадала з комплексам будынкаў і зямлі, на якой прыгонныя сяляне адпрацоўвалі паншчыну. Падобная сістэма атрымала назву фальваркава-паншчыннай. Фальваркавая гаспадарка была скіравана на рынак і мела тавар­ны харак­тар. Першыя фальваркі з’яві­ліся ў XV ст. З правядзеннем аграрнай рэформы колькасць іх значна павялічылася на захадзе і ў цэнтры Беларусі.

2. Аграрная рэформа 1557 г.

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт ІІ Аўгуст з мэтай павышэння даходаў дзяржаўнага скарбу вырашыў стварыць фальваркі ў дзяржаўных уладаннях. Таму ён правёў першую вядомую на беларускіх землях аграрную рэформу. Прыкладам для караля стала дзейнасць яго маці — ​Боны Сфорцы. Яшчэ ў 1530-я гг. у Пінскім і Клецкім староствах яна арганізавала фальваркі. Эксперымент апынуўся ўдалым.

Валочная памера праводзілася на падставе дакумента «Устава на валокі», прынятага 1 красавіка 1557 г. Рэформа пачалася з абмеру ўсёй дзяржаўнай зямлі. Затым, улічваючы якасць глебы, яе падзялілі на валокі (1 валока = 21,36 га = 33 моргі). Самыя лепшыя землі адвялі пад фальваркі з разлікам, каб адну фальваркавую валоку апрацоўвалі сяляне з сямі валок.

Рэформа ўпарадкавала сялянскія падаткі і павіннасці. Цяпер адзінкай падаткаабкладання замест дыма стала валока. Сяляне былі падзелены на чатыры вядомыя вам групы: цяглых, асадных, слуг і агароднікаў.

Валочная памера першапачаткова ахапіла дзяржаўныя маёнткі, а затым прыватныя. На ўсходзе Беларусі, у Падняпроўі, фальваркава-паншчынная сістэма не атрымала пашырэння з-за прыродных умоў — ​малаўрадлівай глебы. Не спрыялі ажыццяўленню рэформы ваенныя дзеянні Лівонскай вайны і памежныя канфлік­ты з Расійскай дзяржавай у Падзвінні.

Вынікам рэформы сталі ўзрастанне прыбытковасці дзяржаўных уладанняў і ўзмацненне прыгоннага права. Яна заканадаўча прымацавала да зямлі ўсіх сялян, якія мелі асобны надзел.

3. Гарады ў сярэдзіне ХVІ — першай палове ХVІІ ст.

На беларускіх землях значна павялічылася колькасць гарадоў і гарадскога насельніцтва. Калі ў сярэдзіне ХVІ ст. на тэрыторыі Беларусі было 382 гарады, то ў сярэдзіне ХVІІ ст. — 462. Па-ранейшаму яны падзяляліся на буйны́я, сярэднія і малыя (мястэчкі). У гэты перыяд адным з буйнейшых гарадоў Беларусі стаў Магілёў. У пачатку ХVІІ ст. у ім налічвалася больш за 10 тыс. жыхароў, 2121 дом і 240 гандлёвых крам.

Змяніўся знешні выгляд гарадскіх паселішчаў. Цяпер цэнтрам горада быў не замак, а гандлёвая плошча. Да яе сыходзіліся галоўныя вуліцы, тут узводзіліся мураваныя будынкі. Але жылая забудова заставалася пераважна драўлянай. Замеж­ныя вандроўнікі адзначалі, што ў Беларусі «шмат умацаваных гарадоў і замкаў, пабудаваных з дрэва».

Уладальнікі прыватных гарадоў імкнуліся перабудаваць іх у адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Для гэтага яны запрашалі замежных майстроў. У прыват­насці, Нясвіж, Слуцк, Быхаў набылі рэгулярную сетку вуліц, геаметрычна правіль­ны цэнтр, абарончыя збудаванні бастыённага тыпу. Гародня мела тры плошчы: Старадаўнюю, Нямецкую і Занёманскую, 32 вуліцы, 5 трактаў. Грамад­скі цэнтр з замка быў перанесены на новую плошчу, якая прымала 7 вуліц і мела замкнёную форму. На плошчы знаходзіліся мураваны касцёл, ратуша, прыход­ская царква, гандлёвыя рады, карчма, дамы заможных гараджан. Вуліцы ў горадзе брукавалі.

У гарадах Беларусі хутка развівалася рамесная вытворчасць. З’яўляліся новыя прафесіі і спецыяльнасці. Згодна з падлікамі навукоўцаў, у дзяржаўных гарадах існавала каля 200 прафесій і спецыяльнасцяў, а ў прыватнаўласніцкіх — ​120. Найбольшае распаўсюджанне мелі кавальства, ганчарства, кравецтва, шавецтва, цяслярства, бондарства. Акрамя рамёстваў жыхары гарадоў і мястэчак займаліся промысламі, аб чым сведчаць млыны, рудні, цагельні, піваварні. У буйных гарадах рамеснікі складалі каля паловы жыхароў, у сярэдніх — ​40 %, у мястэчках — 20 %.

4. Развіццё гандлю

Асаблівасцю горада быў торг, для правядзення якога адводзіўся рынак. Так, рынак у Магілёве займаў плошчу больш чым 2 гектары, на якіх размяшчалася 400 лавак гандляроў. У буйны́х гарадах таргі збіраліся 1—2 разы на тыдзень, а ў сярэдніх гарадах і мястэчках — ​штотыдзень. Найбольш значныя кірмашы праходзілі ў Менску, Шклове, Бешанковічах, Зэльве. Паступова ў ХVІІІ ст. унутраны гандаль набыў пастаянны характар.

Гандлем займаліся купцы. Замежны гандаль вялі вярхі купецтва — ​госці. Амаль 900 купцоў звязвалі каля 70 гарадоў Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі. Напрыклад, тыя ж магілёўскія купцы наладзілі кантакты з 32 беларускімі гарадамі. Клецк быў звязаны гандлёвымі сувязямі з Ляхавічамі, Мірам, Сталовічамі, Мышшу, Слуцкам, Слонімам. Мясцовыя купцы, якія ездзілі гандляваць не далей чым за 10 вёрстаў ад горада, называліся прасаламі.

Купцы, як і рамеснікі, стваралі свае аб’яднанні — ​брацтвы, або гільдыі. Членам іх мог стаць чалавек, які прысягнуў гораду, быў унесены ў спіс купцоў і выплаціў грашовы ўзнос. У статуце Магілёўскага купецкага брацтва 1636 г. адзначалася, што «купцом лічыцца той, хто ездзіць з рознымі іншаземнымі і вырабленымі ў Кароне ці Вялікім Княстве Літоўскім таварамі, купленымі ў розных гарадах зямель… на кірмашы ў розныя гарады… а таксама прывозіць з чужых мясцін купленыя там тавары і прадае іх…».

Купцы набывалі за мяжой сукно, тканіны, жалеза, свінец, волава, паперу, цвікі, косы, сярпы, нажы, галантарэю, віно, селядцы, соль, залатыя і сярэбраныя «яхімкі» і іншыя тавары.

Яхімкамі ў Расійскай дзяржаве называлі талер — ​сярэбраную манету, якую выпускалі ў Чэхіі. Відавочна, што ў асноўным з беларускіх зямель вывозілі прадукты сельскай і лясной гаспадарак, а ўвозілі прамысловую прадукцыю. Сялянская гаспадарка і рамяство ў гэты час забяспечвалі ў асноўным унутраныя па­трэбы ў сельскагаспадарчай прадукцыі, прыладах працы, таварах штодзённага попыту, а фальварак працаваў галоўным чынам на рынак.

Паміж гарадамі склаліся шляхі зносін — ​гасцінцы, якія звязвалі ў адзінае цэлае рынкі гарадоў Рэчы Паспалітай. Дакумент 1619 г. «Вялікім галоўным гасцінцам» называе шлях ад Оршы да Брэста праз Коханава, Талачын, Бобр, Начу, Барысаў, Менск, Койданава, Мікалаеўшчыну, Нясвіж, Мір, Цырын, Моўчадзь, Слонім, Ружаны, Новы Двор, Шарашова, Камянец. «Гасцінцам вялікім» лічылася дарога Полацк — ​Ві­цебск — ​Орша — ​Шклоў — ​Магілёў.

Тавары перавозілі фурманкамі, вазамі па сухапутных дарогах, рачнымі суднамі і плытамі па рэках. Хуткасць руху залежала ад якасці дарогі: у ХVІІ ст. для абозаў яна складала 20—30 км за суткі, для асобных экіпажаў — ​40—50 км, для верхавых — ​да 70—80 км за суткі. У 1688 г. з Варшавы да Магілёва можна было даехаць за 13 дзён.

Пытанні і заданні

1. Канкрэтызуйце паняцці аграрны крызіс, фальварак, валочная памера, валока, цэх, партач, кірмаш, госць, гільдыя, гасцінец гістарычнымі з’явамі або фактамі і растлумачце сувязі паміж імі.
2. Назавіце галоўную прычыну ўзнікнення ў ВКЛ фальваркава-паншчыннай гаспадаркі.
3. Ахарактарызуйце аграрную рэформу сярэдзіны XVI ст. па наступным плане: прычыны — ​сутнасць — ​вынікі.
4. Вызначце, чаму феадалы былі зацікаўлены ў стварэнні фальваркаў. Выкарыстайце тэкст гістарычнай крыніцы і пункта 2.
5. Назавіце змены, якія адбыліся ў развіцці рамяства. Якую ролю адыгрывалі цэхі ў развіцці беларускіх гарадоў?
6. Раскажыце пра знешнеэканамічныя сувязі беларускіх зямель з краінамі Еўропы. Складзіце схему «Гандлёвыя шляхі ВКЛ (унутраныя і знешнія)». Адлюструйце ў ёй прадметы гандлю.