§ 17. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у другой палове XVI – першай палове XVII стст.

3. Гарады ў сярэдзіне ХVІ — першай палове ХVІІ ст.

На беларускіх землях значна павялічылася колькасць гарадоў і гарадскога насельніцтва. Калі ў сярэдзіне ХVІ ст. на тэрыторыі Беларусі было 382 гарады, то ў сярэдзіне ХVІІ ст. — 462. Па-ранейшаму яны падзяляліся на буйны́я, сярэднія і малыя (мястэчкі). У гэты перыяд адным з буйнейшых гарадоў Беларусі стаў Магілёў. У пачатку ХVІІ ст. у ім налічвалася больш за 10 тыс. жыхароў, 2121 дом і 240 гандлёвых крам.

Змяніўся знешні выгляд гарадскіх паселішчаў. Цяпер цэнтрам горада быў не замак, а гандлёвая плошча. Да яе сыходзіліся галоўныя вуліцы, тут узводзіліся мураваныя будынкі. Але жылая забудова заставалася пераважна драўлянай. Замеж­ныя вандроўнікі адзначалі, што ў Беларусі «шмат умацаваных гарадоў і замкаў, пабудаваных з дрэва».

Уладальнікі прыватных гарадоў імкнуліся перабудаваць іх у адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Для гэтага яны запрашалі замежных майстроў. У прыват­насці, Нясвіж, Слуцк, Быхаў набылі рэгулярную сетку вуліц, геаметрычна правіль­ны цэнтр, абарончыя збудаванні бастыённага тыпу. Гародня мела тры плошчы: Старадаўнюю, Нямецкую і Занёманскую, 32 вуліцы, 5 трактаў. Грамад­скі цэнтр з замка быў перанесены на новую плошчу, якая прымала 7 вуліц і мела замкнёную форму. На плошчы знаходзіліся мураваны касцёл, ратуша, прыход­ская царква, гандлёвыя рады, карчма, дамы заможных гараджан. Вуліцы ў горадзе брукавалі.

У гарадах Беларусі хутка развівалася рамесная вытворчасць. З’яўляліся новыя прафесіі і спецыяльнасці. Згодна з падлікамі навукоўцаў, у дзяржаўных гарадах існавала каля 200 прафесій і спецыяльнасцяў, а ў прыватнаўласніцкіх — ​120. Найбольшае распаўсюджанне мелі кавальства, ганчарства, кравецтва, шавецтва, цяслярства, бондарства. Акрамя рамёстваў жыхары гарадоў і мястэчак займаліся промысламі, аб чым сведчаць млыны, рудні, цагельні, піваварні. У буйных гарадах рамеснікі складалі каля паловы жыхароў, у сярэдніх — ​40 %, у мястэчках — 20 %.