§ 17. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у другой палове XVI – першай палове XVII стст.

2. Аграрная рэформа 1557 г.

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт ІІ Аўгуст з мэтай павышэння даходаў дзяржаўнага скарбу вырашыў стварыць фальваркі ў дзяржаўных уладаннях. Таму ён правёў першую вядомую на беларускіх землях аграрную рэформу. Прыкладам для караля стала дзейнасць яго маці — ​Боны Сфорцы. Яшчэ ў 1530-я гг. у Пінскім і Клецкім староствах яна арганізавала фальваркі. Эксперымент апынуўся ўдалым.

Валочная памера праводзілася на падставе дакумента «Устава на валокі», прынятага 1 красавіка 1557 г. Рэформа пачалася з абмеру ўсёй дзяржаўнай зямлі. Затым, улічваючы якасць глебы, яе падзялілі на валокі (1 валока = 21,36 га = 33 моргі). Самыя лепшыя землі адвялі пад фальваркі з разлікам, каб адну фальваркавую валоку апрацоўвалі сяляне з сямі валок.

Рэформа ўпарадкавала сялянскія падаткі і павіннасці. Цяпер адзінкай падаткаабкладання замест дыма стала валока. Сяляне былі падзелены на чатыры вядомыя вам групы: цяглых, асадных, слуг і агароднікаў.

Валочная памера першапачаткова ахапіла дзяржаўныя маёнткі, а затым прыватныя. На ўсходзе Беларусі, у Падняпроўі, фальваркава-паншчынная сістэма не атрымала пашырэння з-за прыродных умоў — ​малаўрадлівай глебы. Не спрыялі ажыццяўленню рэформы ваенныя дзеянні Лівонскай вайны і памежныя канфлік­ты з Расійскай дзяржавай у Падзвінні.

Вынікам рэформы сталі ўзрастанне прыбытковасці дзяржаўных уладанняў і ўзмацненне прыгоннага права. Яна заканадаўча прымацавала да зямлі ўсіх сялян, якія мелі асобны надзел.