§ 17. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у другой палове XVI – першай палове XVII стст.
1. Перадумовы і асаблівасці станаўлення фальваркава-паншчыннай гаспадаркі на беларускіх землях
У ХV—ХVІ стст. Заходняя Еўропа перажывала пераход ад феадальнай гаспадаркі да капіталістычнай вытворчасці, ад феадальнага грамадства да буржуазнага. Феадальныя адносіны, пры якіх залежны селянін не быў зацікаўлены ў эканамічным прагрэсе, апынуліся ў стане крызісу.
Тэхнічны прагрэс у Заходняй Еўропе, з’яўленне капіталістычнай мануфактуры, удасканаленне гандлёва-крэдытных адносін выклікалі імклівы рост гарадскога насельніцтва. Таксама ў выніку пашырэння авечкагадоўлі і вінаградарства ўзнік сталы попыт на прадукцыю сельскай гаспадаркі, найперш збожжа. Напрыклад, у Гданьску — партовым горадзе на Балтыйскім моры — кошт жыта на працягу першай паловы ХVІ ст. павялічыўся ў пяць разоў. Паколькі ў прамысловым развіцці ўсходнееўрапейскія краіны адставалі ад Заходняй Еўропы, Вялікае Княства Літоўскае пастаўляла на міжнародны рынак прадукцыю сельскай гаспадаркі і лясных промыслаў.
Гаспадарка феадалаў у ВКЛ не была прыстасавана для атрымання лішкаў збожжа, якія можна было б прадаць. Шляхецкі маёнтак задавальняў патрэбы толькі свайго ўладальніка. Магчымасць дабіцца вялікіх прыбыткаў ад продажу збожжа падштурхнула шляхціцаў да рэарганізацыі панскага двара ў фальварак. Фальварак — гэта гаспадарка феадала з комплексам будынкаў і зямлі, на якой прыгонныя сяляне адпрацоўвалі паншчыну. Падобная сістэма атрымала назву фальваркава-паншчыннай. Фальваркавая гаспадарка была скіравана на рынак і мела таварны характар. Першыя фальваркі з’явіліся ў XV ст. З правядзеннем аграрнай рэформы колькасць іх значна павялічылася на захадзе і ў цэнтры Беларусі.