§ 14. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у ІХ — сярэдзіне ХІІІ ст.

3. Старажытныя гарады Беларусі

Аддзяленне рамяства і гандлю ад земляробства прывяло да ўзнікнення гарадоў, якія станавіліся цэнтрамі палітычнага, эканамічнага, культурнага і рэлігійнага жыцця асобных княстваў ці валасцей. Большасць гарадоў на тэрыторыі Беларусі ўтварыліся пасля прыходу славян. Аднак шляхі іх узнікнення былі рознымі.

Першы шлях утварэння гарадоў — ​гандлёва-рамесны — ​быў звязаны з развіццём гандлю. На шляху «з варагаў у грэкі» ўзнік Полацк, а таксама Віцебск і Усвяты. Гарады фарміраваліся з паселішчаў гандляроў і рамеснікаў каля суднаходных рэк.

Другі шлях утварэння гарадоў называецца абшчыннафеадальным. Ён прадугледжваў ператварэнне племяннога цэнтра ў адміністрацыйны цэнтр. Прыкладам такога горада з’яўляецца Тураў.

Трэці шлях — ​феадальны, або дзяржаўны. У час войнаў князі будавалі парубежныя крэпасці, якія з’яўляліся пунктамі абароны пры варожых нападах. Яны давалі магчымасць для далейшага падпарадкавання новых тэрыторый. Так утварыліся, напрыклад, Менск, Браслаў, Новагародак.

Пісьмовыя крыніцы фіксуюць існаванне на тэрыторыі Беларусі ў ІХ—ХІІІ стст. звыш 35 гарадоў. Самым старажытным і найбольшым з іх быў Полацк.

Знешняй адметнасцю горада былі абарончыя ўмацаванні. Яны ўключалі магут­ны земляны вал, на якім узводзіліся зрубныя сцены і драўляныя вежы. Толькі культавыя храмы (саборы) пачынаючы з ХІ ст. былі мураванымі. Тэрыторыя горада была падзелена на асобныя сядзібы, якія складаліся з жылога дома і гаспадарчых будынкаў. Шырыня вуліц дасягала чатырох метраў, іх часта масцілі бярвеннем.

Гараджане займаліся рамяством, гандлем, промысламі. Археалагічныя знаход­кі сведчаць пра высокі ўзровень развіцця рамяства ў ХІІ—ХІІІ стст. Толькі кава­­лі выраблялі з жалеза да 150 відаў роз­ных прадметаў. Яны ведалі сакрэты атрымання сталі, маглі рабіць сплавы жалеза з іншымі металамі. Рамеснікі займаліся таксама ювелірнай справай, ганчарствам, апрацоўкай дрэва, косці, каменю, скуры. 

Разгалінаваная сістэма рэк садзейнічала развіццю гандлёвых адносін. Ва ўмовах натуральнай гаспадаркі найбольшае развіццё атрымаў знешні гандаль.