Печатать книгуПечатать книгу

§ 14. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у ІХ — сярэдзіне ХІІІ ст.

1. Успомніце асноўныя заняткі ўсходніх славян.
2. Што такое «натуральная гаспадарка»?
3. Як узніклі сярэднявечныя гарады?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Книга: § 14. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у ІХ — сярэдзіне ХІІІ ст.
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 22 Май 2024, 05:02

1. Станаўленне феадальных адносін

У VІІІ—ХІІІ стст. у Заходняй Еўропе замацаваліся феадальныя адносіны. Яны прадугледжвалі пазямельную і асабістую залежнасць паміж феадаламі, калі сеньёр перадаваў васалу феод. Васал прысягаў на вернасць сеньёру. Таксама феадальныя адносіны складаліся з пазямельнай і асабістай залежнасці сялян ад феадалаў. Эканамічная залежнасць сялян праяўлялася ў выплаце або выкананні рэнты.

Ва Усходняй Еўропе фарміраванне феадалізму адбывалася без істотнага ўплыву рымскага рабаўладальніцтва. Для ўсходнеславянскіх плямёнаў быў характэрны паступовы пераход ад родаплемянных да феадальных адносін.

Ва Усходняй Еўропе фарміраванне феадалізму адбывалася без істотнага ўплыву рымскага рабаўладальніцтва. Для ўсходнеславянскіх плямёнаў быў характэрны паступовы пераход ад родаплемянных да феадальных адносін.

2. Шматукладная гаспадарка ўсходніх славян.

У Кіеўскай Русі ў адрозненне ад краін Заходняй Еўропы ў ІХ—ХІ стст. яшчэ адсутнічала буйное феадальнае землеўладанне, не існавала ў развітой форме феадальная іерархія. Тут жылі свабодныя абшчын­нікі, даволі значнай была доля раб­скай працы. Працэс фарміравання класа феадалаў ішоў марудна. Гэты клас прадстаўнікоў племянной знаці і набліжаных да князя людзей — ​яго дружыннікаў. Князь за службу даваў ім не зямлю, а права збіраць даніну з пэўнай тэрыторыі. Працэс збору даніны атрымаў назву палюддзе. Першапачаткова памер даніны не быў вы­значаны. І толькі пасля забойства драўлянамі князя Ігара яго жонка княгіня Вольга (945—957) загадала арганізаваць пагосты (месцы збору даніны) і вызначыла яе памер.

Асноўную частку жыхароў складалі свабодныя абшчыннікі, але з’явілася залежнае і паўзалежнае насельніцтва, што адлюстравана ў  схеме.

У пісьмовых дакументах свабодныя абшчыннікі абазначаны назвамі «людзі», «смерды». Зборнік законаў «Руская Праўда» апавядае аб закупах — ​збяднелых сялянах, якія бралі ў феадала грашовую пазыку («купу») і павінны былі адпрацаваць яе ў яго гаспадарцы. Таксама ўпамінаюцца радовічы — ​сяляне, якія знаходзіліся ў залежнасці ад гаспадара ў адпаведнасці з дамовай («радам»).

Перажыткам родаплемянных адносін з’яўляліся ўсходнеславянская абшчына («верв»), з якой пачалі вылучацца асобныя сем’і, і так званыя «хатнія» рабы. У «Рускай Праўдзе» яны ўзгадваюцца пад назвамі «чэлядзь», «халопы». Галоўнай крыніцай павелічэння колькасці рабоў з’яўляўся палон.
Такім чынам, да ХІІ ст. ва ўсходніх славян суіснавалі тры эканамічныя ўклады: родаплемянны, які адыходзіў, рабаўладальніцкі, які не атрымаў значнага пашырэння, і феадальны, які толькі нараджаўся.

Пераважная большасць насельніцтва ў тыя часы жыла ў «весях», або вёсках — ​неўмацаваных сельскіх паселішчах. Таксама ў пісьмовых крыніцах сустракаюцца сёлы. Там жылі залежныя ад феадалаў людзі. Адсюль паходзіць слова «сяляне».

3. Старажытныя гарады Беларусі

Аддзяленне рамяства і гандлю ад земляробства прывяло да ўзнікнення гарадоў, якія станавіліся цэнтрамі палітычнага, эканамічнага, культурнага і рэлігійнага жыцця асобных княстваў ці валасцей. Большасць гарадоў на тэрыторыі Беларусі ўтварыліся пасля прыходу славян. Аднак шляхі іх узнікнення былі рознымі.

Першы шлях утварэння гарадоў — ​гандлёва-рамесны — ​быў звязаны з развіццём гандлю. На шляху «з варагаў у грэкі» ўзнік Полацк, а таксама Віцебск і Усвяты. Гарады фарміраваліся з паселішчаў гандляроў і рамеснікаў каля суднаходных рэк.

Другі шлях утварэння гарадоў называецца абшчыннафеадальным. Ён прадугледжваў ператварэнне племяннога цэнтра ў адміністрацыйны цэнтр. Прыкладам такога горада з’яўляецца Тураў.

Трэці шлях — ​феадальны, або дзяржаўны. У час войнаў князі будавалі парубежныя крэпасці, якія з’яўляліся пунктамі абароны пры варожых нападах. Яны давалі магчымасць для далейшага падпарадкавання новых тэрыторый. Так утварыліся, напрыклад, Менск, Браслаў, Новагародак.

Пісьмовыя крыніцы фіксуюць існаванне на тэрыторыі Беларусі ў ІХ—ХІІІ стст. звыш 35 гарадоў. Самым старажытным і найбольшым з іх быў Полацк.

Знешняй адметнасцю горада былі абарончыя ўмацаванні. Яны ўключалі магут­ны земляны вал, на якім узводзіліся зрубныя сцены і драўляныя вежы. Толькі культавыя храмы (саборы) пачынаючы з ХІ ст. былі мураванымі. Тэрыторыя горада была падзелена на асобныя сядзібы, якія складаліся з жылога дома і гаспадарчых будынкаў. Шырыня вуліц дасягала чатырох метраў, іх часта масцілі бярвеннем.

Гараджане займаліся рамяством, гандлем, промысламі. Археалагічныя знаход­кі сведчаць пра высокі ўзровень развіцця рамяства ў ХІІ—ХІІІ стст. Толькі кава­­лі выраблялі з жалеза да 150 відаў роз­ных прадметаў. Яны ведалі сакрэты атрымання сталі, маглі рабіць сплавы жалеза з іншымі металамі. Рамеснікі займаліся таксама ювелірнай справай, ганчарствам, апрацоўкай дрэва, косці, каменю, скуры. 

Разгалінаваная сістэма рэк садзейнічала развіццю гандлёвых адносін. Ва ўмовах натуральнай гаспадаркі найбольшае развіццё атрымаў знешні гандаль.

4. Значэнне гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі”

Гандлёвы шлях «з варагаў у грэкі» ў IX—XII стст. звязваў Скандынавію з Візантыяй. Гісторыкі лічаць, што асноўны рух ішоў ад Балтыйскага мора ў Заходнюю Дзвіну, затым праз волакі — на Днепр і далей у Чорнае мора. У летапісе «Аповесць мінулых гадоў» гэты шлях апісаны ў адваротным парадку — ​«з грэкаў у варагі». Магчыма, летапісец жадаў паказаць, што варагі маглі даплыць да Канстанцінопаля праз Міжземнае мора, а вярталіся назад, у Скандынавію, праз рускія землі. Існуе меркаванне, што аўтар дэманстраваў кірунак хрысціянізацыі рускіх зямель.

Са Скандынавіі везлі жалеза, канаты, зброю, мастацкія вырабы. З Візантыйскай імперыі — ​віно, прыправы, ювелірныя і шкляныя вырабы, кнігі. З Усходняй Прыбалтыкі вывозілі бурштын, а з беларускіх зямель і Ноўгарада — «мяккае золата» (футра), ільняныя тканіны, лес, мёд, воск, скуры, смалу. Важным таварам з’яўляліся рабы. Гандляры звычайна абменьвалі футра і рабоў на арабскае срэбра.

Шлях «з варагаў у грэкі», які на працягу ІХ—ХІ стст. складаўся з некалькіх адгалінаванняў, што праходзілі праз тэрыторыю Беларусі, паступова стаў важным міжнародным гандлёвым маршрутам паміж Паўночнай Еўропай і Усходам. Варагі рассяляліся на прылеглых да суднаходных рэк землях і змешваліся з мясцовым славянскім, балцкім і фіна-ўгорскім насельніцтвам. Гэты шлях стаў адным з асноўных фактараў утварэння дзяржаўных структур Усходняй Еўропы.

Пытанні і заданні

1. Канкрэтызуйце паняцці феадалізм, пагост, палюддзе, закупы, радовічы, верв, чэлядзь, халопы, весь гістарычнымі з’явамі або фактамі і растлумачце сувязі паміж імі.
2. Ахарактарызуйце шляхі фарміравання феадальных адносін.
3. Дакажыце пры дапамозе вучэбнага тэксту, што ва ўсходніх славян у ІХ—​ХІ стст. пачалі фарміравацца феадальныя адносіны.
4. Якія віды рамяства найбольш паспяхова развіваліся ў гарадах у ХІ—ХІІІ стст.?
5. Раскажыце аб развіцці гандлю ў ІХ—ХІІ стст. Якую ролю ў жыцці насельніцтва Беларусі адыгрываў шлях «з варагаў у грэкі»?
6. Апішыце знешні выгляд старажытнага горада на тэрыторыі Беларусі. Выкарыстайце відэастужку «Археалагічны музей „Берасце“» (праект «1000 музеяў Беларусі»).
7. Правядзіце міні-даследаванне. Падрыхтуйце прэзентацыю выступлення, прысвечанага гарадам ІХ—ХІІ стст. у вашым раёне (вобласці), у любым зручным вам фармаце і прадстаўце яе аднакласнікам.