§ 14. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у ІХ — сярэдзіне ХІІІ ст.

2. Шматукладная гаспадарка ўсходніх славян.

У Кіеўскай Русі ў адрозненне ад краін Заходняй Еўропы ў ІХ—ХІ стст. яшчэ адсутнічала буйное феадальнае землеўладанне, не існавала ў развітой форме феадальная іерархія. Тут жылі свабодныя абшчын­нікі, даволі значнай была доля раб­скай працы. Працэс фарміравання класа феадалаў ішоў марудна. Гэты клас прадстаўнікоў племянной знаці і набліжаных да князя людзей — ​яго дружыннікаў. Князь за службу даваў ім не зямлю, а права збіраць даніну з пэўнай тэрыторыі. Працэс збору даніны атрымаў назву палюддзе. Першапачаткова памер даніны не быў вы­значаны. І толькі пасля забойства драўлянамі князя Ігара яго жонка княгіня Вольга (945—957) загадала арганізаваць пагосты (месцы збору даніны) і вызначыла яе памер.

Асноўную частку жыхароў складалі свабодныя абшчыннікі, але з’явілася залежнае і паўзалежнае насельніцтва, што адлюстравана ў  схеме.

У пісьмовых дакументах свабодныя абшчыннікі абазначаны назвамі «людзі», «смерды». Зборнік законаў «Руская Праўда» апавядае аб закупах — ​збяднелых сялянах, якія бралі ў феадала грашовую пазыку («купу») і павінны былі адпрацаваць яе ў яго гаспадарцы. Таксама ўпамінаюцца радовічы — ​сяляне, якія знаходзіліся ў залежнасці ад гаспадара ў адпаведнасці з дамовай («радам»).

Перажыткам родаплемянных адносін з’яўляліся ўсходнеславянская абшчына («верв»), з якой пачалі вылучацца асобныя сем’і, і так званыя «хатнія» рабы. У «Рускай Праўдзе» яны ўзгадваюцца пад назвамі «чэлядзь», «халопы». Галоўнай крыніцай павелічэння колькасці рабоў з’яўляўся палон.
Такім чынам, да ХІІ ст. ва ўсходніх славян суіснавалі тры эканамічныя ўклады: родаплемянны, які адыходзіў, рабаўладальніцкі, які не атрымаў значнага пашырэння, і феадальны, які толькі нараджаўся.

Пераважная большасць насельніцтва ў тыя часы жыла ў «весях», або вёсках — ​неўмацаваных сельскіх паселішчах. Таксама ў пісьмовых крыніцах сустракаюцца сёлы. Там жылі залежныя ад феадалаў людзі. Адсюль паходзіць слова «сяляне».