Практыкум "СТАНАЎЛЕННЕ І РАЗВІЦЦЕ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ"

6. З «Дзённіка Люблінскага сойма 1569 года», выдадзенага М. В. Каяловічам [6]

19 студзеня. Серада. Літоўцы абвяшчаюць, што не ўступяць з палякамі ні ў якія перамовы, пакуль кароль не зацвердзіць іх новага статута. Польскія паслы просяць сенатараў настойваць, каб кароль загадаў літоўцам з'явіцца на сойм. Кароль абяцае загадаць.

20 студзеня. Чацвер. Польскія паслы просяць сваіх сенатараў дабіцца ў караля, каб літоўцы з'явіліся на сойм. Сенатары ходзяць па гэтай справе да караля. Кароль і сенатары пасылаюць да літоўцаў запрашэнні — з'явіцца на сойм. Літоўцы абяцаюць даць адказ. Рускі ваявода і гетман Сяняўскі [з прычыны ўласнай стараці] просіць прызначыць яму польнага гетмана з яго згоды. Польскія сенатары пастанаўляюць, каб з гэтага часу кароль адзін [самастойна] не раіўся з літоўцамі. Паслы просяць караля сваёю ўладай загадаць літоўцам з'явіцца на сойм.

21 студзеня. Пятніца. Літоўцы прыходзяць на пасяджэнне сойма і займаюць асобную залу. Польскія сенатары пытаюцца ў караля, як ім весці перамовы з літоўцамі. Кароль раіць даць гэта на волю літоўцаў. Размова польскіх сенатараў з літоўцамі [калі яны шлі] ад караля ў сенат аб рашотцы, якая падзяляе на сойме літоўцаў і палякаў. Літоўскія сенатары дасылаюць да польскіх сенатараў дэпутатаў з просьбай прабачыць іх за тое, што яны яшчэ не могуць пачаць перамовы аб уніі. Выбіраюцца з боку палякаў дэпутаты, якія пытаюцца літоўцаў, ці яны хочуць весці [перамовы аб] уніі. Перамовы з гэтай нагоды паміж палякамі і літоўцамі. Літоўцы згаджаюцца ўступіць з палякамі ў перамовы аб уніі, але з умовай, каб раней гэтага кароль зацвердзіў новы статут іх…

 1. Прааналізуйце тэкст дзённіка з дапамогай памяткі «Як працаваць з дакументамі гістарычнага характару».
           2. Пра якую «рашотку», што падзяляла ВКЛ і Карону, ішла размова паміж польскімі пасламі і прадстаўнікамі ВКЛ?
           3. На якіх умовах дэлегацыя ад ВКЛ пагаджалася падпісаць унію?
           4. Аб якім «новым статуце» ідзе размова ў дакуменце?
           5. Якім чынам зацверджанне «новага статута» магло паўплываць на рашэнне прадстаўнікоў ВКЛ?

[6] Дневник Люблинского сейма 1569 года: Соединение Великого Княжества Литовского с Королевством Польским / Изд. М. Коялович. СПб., 1869.