Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

Практыкум "СТАНАЎЛЕННЕ І РАЗВІЦЦЕ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ"

  

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Падручнік: Практыкум "СТАНАЎЛЕННЕ І РАЗВІЦЦЕ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ"
Надрукаваны: Гость
Дата: Субота 18 Травень 2024 3:21

I. Работа з дакументам

Прааналізуйце тэкст дакументаў і адкажыце на пытанні.

1. Пра якія гістарычныя факты ідзе гаворка ў дакуменце?

2. Пакажыце на карце месца, дзе адбываліся апісаныя ў дакуменце падзеі.

3. Вызначце час, у які адбываліся апісваемыя падзеі, калі ён не пазначаны ў дакуменце альбо дадзены ў іншай (нехрысціянскай) сістэме летазлічэння.

4. Як аўтар тлумачыць прычыны, апісвае ход і вызначае значэнне гістарычных падзей?

5. На падставе дакумента вызначыце стаўленне аўтара да апісваемых падзей. Як пазіцыя аўтара звязана з характарам дакумента і абставінамі яго стварэння?

6. У чым пазіцыя аўтара (не) супадае з сучасным пунктам гледжання на тое, што адбывалася? Чым гэтае (не) супадзенне можна растлумачыць?

7. Ацаніце значнасць гэтага дакумента ў супастаўленні з аналагічнымі гістарычнымі творамі разглядаемага перыяду альбо прысвечанымі тым жа гістарычным падзеям.

1. Аповесць пра Усяслава Полацкага (урыўкі з «Аповесці мінулых гадоў») [1]

У год 6552 [   ]. ...У той жа год памёр Брачыслаў, сын  Ізяслава, унук Уладзімера, бацька Усяслава, і Усяслаў, сын яго, сеў на яго [княскім] стале [у Полацку]. Маці ж яго нарадзіла ад чарадзейства. Калі маці яго нарадзіла, на галаве яго была сарочка. I сказалі вешчуны яго маці: «Гэтую сарочку навяжы на яго, хай носіць яе да смерці». I носіць яе на сабе Усяслаў і сёння, таму і нялітасцівы ён на кровапраліццё.

У год 6574 [    ]. Прыйшоў Усяслаў і ўзяў Ноўгарад, з жанчынамі і дзецьмі, і званы зняў са святой Сафіі. О, вялікая бяда была ў той час!

У год 6575 [    ]. Узняў раць у Полацку Усяслаў, сын Брачыслава, і заняў Ноўгарад. Трое ж Яраславічаў, Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад, сабраўшы вояў, пайшлі на Усяслава ў люты мароз. I падышлі [яны] да Менска. I зачыніліся мяняне ў горадзе. Браты ж узялі Менск, перабілі ўсіх мужчын, а жанчын і  дзяцей узялі ў палон і пайшлі да Нямігі. I пайшоў Усяслаў супраць іх. I сустрэліся праціўнікі на Нямізе месяца сакавіка ў 3-і дзень, быў снег вялікі, і пайшлі адзін на аднаго. I была лютая сеча, і многія палеглі ў ёй, і перамаглі Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад, Усяслаў жа ўцёк.

Пасля гэтага месяца ліпеня ў 10-ы дзень Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад, пацалаваўшы крыж святы Усяславу, сказалі яму: «Прыйдзі да нас, не ўчынім табе [нічога] злога». Ён жа, спадзеючыся на іх крыжацалаванне, пераехаў да іх у лодцы праз Днепр. Калі ж Ізяслаў увайшоў першы ў шацёр, тут схапілі Усяслава, на Ршы ля Смаленска, пераступіўшы крыжацалаванне. Ізяслаў жа, прывёўшы Усяслава ў Кіеў, пасадзіў яго і двух яго сыноў у турму [«поруб»].

У год 6576 [     ]. Прыйшлі іншапляменнікі на Рускую зямлю, мноства полаўцаў. Ізяслаў жа, Святаслаў і Усевалад выйшлі супраць іх на Альту. I ноччу пайшлі адзін на аднаго. За грахі нашы наслаў Бог на нас паганых, і пабеглі рускія князі, і перамаглі полаўцы.

…Калі ж Ізяслаў з Усеваладам пабеглі ў Кіеў, а Святаслаў у Чарнігаў, тады кіеўляне прыбеглі ў Кіеў, сабралі веча на рынку і паслалі да князя сказаць: «Вось полаўцы рассяліліся па ўсёй [Рускай] зямлі, дай, княжа, зброю і коней, і мы яшчэ паваюем з імі». Аднак Ізяслаў не паслухаў гэтага. I пачалі людзі наракаць на ваяводу Каснячка, пайшлі на гару з веча і прыйшлі на двор Каснячка і, не знайшоўшы яго, сталі ля двара Брачыслава і сказалі: «Пойдзем вызвалім дружыну сваю з турмы». I падзяліліся [яны] на дзве часткі: адна палова пайшла да турмы, а другая палова пайшла па мосце і прыйшла на княскі двор. Ізяслаў жа ў гэты час на сенях раіўся з дружынай сваёю. I пачалі спрачацца з князем [людзі], стоячы ўнізе. Калі князь глядзеў з акна, а дружына стаяла ля яго, сказаў Ізяславу Тукі, брат Чудзіна: «Бачыш, княжа, людзі загулі, пайшлі, няхай Усяслава павартуюць». I пакуль ён гэта казаў, другая палова людзей прыйшла ад турмы, адкрыўшы яе. I сказала дружына князю: «Злое ўчынілася, пайшлі да Усяслава, няхай, паклікаўшы падманам да акна, праткнуць яго мечам». I не паслухаў гэтага князь. Людзі ж закрычалі і пайшлі да турмы Усяслава. Ізяслаў жа, убачыўшы гэта, пабег з Усеваладам з двара. Людзі ж вызвалілі Усяслава з турмы ў 15-ы дзень верасня і праславілі яго пасярод княскага двара. Двор жа княскі разрабавалі, безліч золата і срэбра, у манетах і злітках. Ізяслаў жа ўцёк да ляхаў.

Усяслаў жа сеў у Кіеве. Гэтым Бог паказаў сілу крыжа, таму што Ізяслаў цалаваў крыж, а пасля схапіў яго [Усяслава], з-за гэтага і наслаў Бог паганых. Усяслава ж яўна выратаваў святы крыж, бо ў дзень Узвіжання Усяслаў, уздыхнуўшы, сказаў: «О святы крыжу! Я верыў у цябе, таму ты і выбавіў мяне з турмы». Бог жа паказаў сілу крыжа дзеля навукі зямлі Рускай, каб не пераступалі святога крыжа, пацалаваўшы яго; калі ж хто пераступіць, то і тут [на зямлі] будзе пакараны, і ў будучым прыме кару вечную. Вялікая сіла святога крыжа: крыжам бываюць пераможаны сілы д'ябальскія, крыж князям у бітвах дапамагае, крыж аберагае ў бітвах, веруючыя перамагаюць супастатаў, крыж хутка ратуе ад напасцяў тых, хто просіць яго дапамогі веруючы. Нічога не баяцца чэрці, толькі крыжа. Калі з'яўляюцца д'ябальскія прывіды, то, перахрысціўшыся, іх праганяюць. Усяслаў жа сядзеў у Кіеве сем месяцаў.

У год 6577 [    ]. Пайшоў Ізяслаў з Баляславам на Усяслава, Усяслаў жа выступіў насустрач. I прыйшоў Усяслаў да Белгарада, ноччу ж ён патаемна ад кіеўлян уцёк з Белгарада ў Полацк…

Ізяслаў жа выгнаў Усяслава з Полацка і пасадзіў свайго сына Мсціслава, ён жа неўзабаве памёр там. I пасадзіў [Ізяслаў у Полацку] на яго месца яго брата Святаполка, Усяслаў жа ўцёк.

У год 6579 [     ]. …У той жа год выгнаў Усяслаў Святаполка з Полацка. У той жа год перамог Яраполк Усяслава ля Галацічаска.

У год 6609 [      ]. Памёр Усяслаў, князь полацкі, месяца красавіка ў 14-ы дзень, у дзевяць гадзін дня, у сераду.        

1. Аднавіце даты, якія павінны стаяць у квадратных дужках, пры неабходнасці выкарыстайце дадатковыя крыніцы інфармацыі.
         2. Дайце назву кожнай з падзей, пра якія распавядае летапіс (адзін абзац – адна падзея).

[1]Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VІ–ХV стст.): дапам. для вучняў і настаўнікаў / Склад. С. К. Ганцова, В. А. Чамярыцкі, Г. В. Штыхаў. Мінск: Нар. асвета, 1998. С. 37–43. 

2. Падзеі ў Полацкай зямлі ў XII ст. (урыўкі з Кіеўскага летапісу (паводле Іпацьеўскага спіса)) [2]

   <...> У год 6624 (1116). Прыходзіў Уладзімер (Манамах) на Глеба (Усяславіча), бо Глеб ваяваў дрыгавічоў і Слуцк папаліў і не каяўся аб учыненым, не скарыўся, а (яшчэ) болей на Уладзімера гаварыў, дакараючы яго. Уладзімер жа, спадзеючыся на Бога і на праўду, пайшоў к Смаленску са сваімі сынамі і з Давыдам Святаславічам і з Ольгавічамі. I ўзяў Вячаслаў Оршу і Копысь, а Давыд з Яраполкам здабылі Друцк. Сам жа Уладзімер пайшоў к Менску. I зачыніўся Глеб у горадзе. Уладзімер жа пачаў ставіць хату ў сваім лагеры насупраць горада. Калі Глеб убачыў (гэта), то яго апанаваў страх. I пачаў ѐн прасіць літасці ва Уладзімера, пасылаючы (да яго) сваіх паслоў. Уладзімер жа зжаліўся, што кроў пральецца ў дні вялікага посту і даў яму мір. Глеб жа выйшаў з горада з дзецьмі і з дружынаю пакланіцца Уладзімеру, і гаварылі яны прамовы пра мір. I абяцаў Глеб ва ўсім слухацца Уладзімера. Уладзімер жа, супакоіўшы і строга папярэдзіўшы Глеба, даў яму Менск, а сам вярнуўся ў Кіеў. Яраполк жа пабудаваў горад Жэлдзі для дручан, якіх паланіў.

   У год 6627 (1119). Уладзімер узяў Менск у Глеба Усяславіча, а яго самога прывѐў у Кіеў.

   У той жа год памѐр у Кіеве Глеб Усяславіч 13 верасня. У год 6636 (1128) (фактычна 1127).

  У той жа год паслаў князь Мсціслаў сваіх братоў на крывічоў чатырма шляхамі: Вячаслава з Турава, Андрэя з Уладзіміра, Усевалада з Гародні, Вячаслава Яраславіча з Клецка — гэтым загадаў ісці к Ізяслаўлю, а Усеваладу Ольгавічу загадаў ісці са сваімі братамі на Стрэжаў к Барысаву, Івана Вайцішыча паслаў з торкамі, сына ж свайго Ізяслава з Курска са сваім атрадам паслаў на Лагожск (узята з Лаўрэнцьеўскага спіса), а (другога) сына свайго Расціслава паслаў са смалянамі на Друцк. I сказаў (ѐн) ім у адзін і той жа дзень, 11 жніўня (у Лаўрэнцьеўскім спісе — 4 жніўня), усім пачаць напад. Ізяслаў жа пачаў на дзень раней, чым браты, пераняў людзей ад горада, яны спалохаліся і здаліся (яму). Ізяслаўцы ж пачалі біцца з Вячаславам і Андрэем. Ізяслаў, пачакаўшы два дні ля Лагожска, пайшоў к Ізяслаўлю да свайго дзядзькі, ведучы з сабой і Брачыслава, зяця свайго, які пайшоў да свайго бацькі, але на паўдарозе збаяўся і не мог ісці ні наперад, ні назад, і прыйшоў да свайго швагра і лагажан прывѐў, што быў вывеў з Лагожска. Ізяслаўцы, убачыўшы князя свайго і лагажан, якіх без шкоды захапілі, здаліся Вячаславу, сказаўшы (яму): «Пакляніся Богам, што не аддасі нас на разрабаванне». Вечарам Вараціслаў, Андрэеў тысяцкі, і Іванка Вячаславіч паслалі сваіх отракаў у горад, і так на світанні, увѐўшы сваіх вояў, здабылі (Ізяслаўль), ледзьве Мсціслаўны набытак збераглі, з вялікай цяжкасцю б'ючыся. I так вярнуліся дамоў з багатым палонам. Пасля і наўгародцы прыйшлі з Усеваладам Мсціславічам к Неключу. I тады палачане, змовіўшыся, выгналі Давыда з сынамі, узялі Рагвалода (Усяславіча) і пайшлі з ім да Мсціслава, просячы ўзяць яго за князя. I выканаў іх волю Мсціслаў. Узялі яны Рагвалода і павялі ў Полацк.

   <...> У год 6659 (1151) У той жа год схапілі палачане Рагвалода Барысавіча, князя свайго, і паслалі ў Менск і там трымалі (яго) у цяжкай няволі, а (Расціслава) Глебавіча прывялі да сябе (у Полацк). I прыслалі палачане (сваіх паслоў) да Святаслава Ольгавіча, выказваючы сваю дружалюбнасць, і абяцалі слухацца яго, як бацьку, і на гэтым цалавалі яму крыж.

    У год 6667 (1159) (фактычна 1158). У той жа год ідзе Рагвалод Барысавіч ад Святаслава Ольгавіча (князя чарнігаўскага) шукаць сабе воласці, узяўшы (на падмогу) полк Святаславаў, бо не літасцівыя былі браты яго: (яны) адабралі ў яго воласць і ўвесь набытак. Прыехаўшы к Слуцку, ѐн паслаў (сваіх пасланцоў) да дручан. Дручане ж былі рады яму і, прыязджаючы да яго, вабілі да сябе (у Друцк), гаворачы: «Прыязджай, княжа, не марудзь, (вельмі) рады мы табе: нават калі нам з дзецьмі (сваімі давядзецца) біцца за цябе, з радасцю будзем біцца». I выехалі насустрач яму больш як 300 дручан і палачан, і ўвайшоў (Рагвалод) у горад (Друцк) з вялікай пашанаю, і рады былі яму людзі. Глеба ж Расціславіча выгналі і двор яго разрабавалі, і дружыну яго, і прыйшоў Глеб да (свайго) бацькі (у Полацк). Вялікі мяцеж быў (тады) у горадзе сярод палачан, бо многія хацелі Рагвалода. Ледзьве супакоіў іх Расціслаў, адарыў многіх падарункамі, прыводзіў іх да крыжа (цалаваць), а сам пайшоў з Усеваладам і Валадаром і з усімі братамі на Рагвалода к Друцку. Рагвалод ж закрыўся ў горадзе. I моцна біліся, і шмат з абодвух бакоў палегла. Дручане ж шмат дакаралі (братоў). I ўчыніў мір Расціслаў з Рагвалодам, і цалавалі яны крыж адзін аднаму, і аддалі воласці Рагвалоду. I вярнуўся Расціслаў з братамі дамоў. У тое ж лета ўчынілі змову палачане супраць князя свайго Расціслава Глебавіча і пераступілі крыжацалаванне <...>. 

   І так адступілі (ад прысягі на крыжы), як я казаў, і паслалі патаемна да Рагвалода Барысавіча ў Друцк, гаворачы яму: «Княжа наш, саграшылі мы перад Богам і перад табою, што выступілі супраць цябе без прычыны, набытак твой увесь і тваѐй дружыны разрабавалі, а цябе самога, схапіўшы, выдалі Глебавічам на вялікія пакуты. Калі ж ты не прыпомніш нам усѐ тое, што мы, неразумныя, табе ўчынілі, і крыж нам пацалуеш, то мы людзі твае, а ты наш князь. Расціслава ж, схапіўшы, аддамо табе ў рукі, і што ты захочаш, тое і зробіш з ім». I Рагвалод прысягнуў (палачанам) на крыжы, што ѐн не прыпомніць ім усѐ тое (дрэннае, што яны яму ўчынілі), і адпусціў іх назад. Сярод палачан былі прыхільнікі Расціслава, (яны паведамілі яму), што яго хочуць схапіць. I пачалі (палачане) лісліва клікаць Расціслава на братчыну да старой (царквы) святон Багародзіцы на Пятроў дзень, каб там яго схапіць. Ён жа паехаў да іх, схаваўшы зброю пад адзенне, і не пасмелі (змоўшчыкі) напасці на яго. Назаўтра пачалі яго (зноў) вабіць да сябе, гаворачы: «Княжа, прыедзь да нас, ѐсць у нас да цябе (важная) справа, прыедзь жа да нас у горад» (тады князь быў у Бельчыцах). I сказаў Расціслаў паслам: «Я ж учора ў вас быў, чаму (нічога) не гаварылі мне, што ў вас была да мяне справа?» I, нічога не падазраючы, паехаў у горад. I тут памчаў з горада яму насустрач дзецкі (слуга): «Не едзь, княжа, веча (сабралася) супраць цябе ў горадзе і дружыну тваю збіваюць, а цябе (самога) хочуць схапіць». I тады вярнуўся (Расціслаў) назад у Бельчыцы, сабраў усю сваю дружыну і адтуль пайшоў да брата (свайго) Валадара ў Менск. I шмат шкоды ўчыніў (ѐн) Полацкай воласці, ваюючы, (забіраючы) скаціну і чэлядзь. I паслалі палачане па Рагвалода ў Друцк. I ўвайшоў Рагвалод у Полацк месяца ліпеня (8-га дня) і сеў на (княжацкім) стале дзеда свайго (Усяслава) і бацькі свайго (Барыса) з вялікай пашанаю, і так былі рады палачане. <...>.

   У год 6667 (1159) У той жа год Глебавічы Валодшу і Брачыслава паланілі ў Ізяслаўлі, і пасадзілі Валодшу ў цямніцу, а Брачыслава закавалі (у ланцугі). 

  У год 6668 (1159) У той жа год хадзіў Рагвалод з палачанамі на Расціслава Глебавіча к Менску. Паслаў Рагвалоду Расціслаў (Мсціславіч) з Кіева дапамогу — 600 торкаў (на чале) з Жыраславам Нажыравічам, але яны, знясіленыя голадам, вярнуліся пешшу назад, не дачакаўшыся міру. Рагвалод жа прастаяў каля горада 6 тыдняў і ўчыніў мір з Расціславам па сваѐй волі, вызваліў Валодшу з цямніцы, а Брачыслава з аковаў, і цалавалі (яны) крыж адзін аднаму. У год 6669 (1161) (фактычна 1160). У той год хадзіў Рагвалод к Менску на Расціслава Глебавіча і ўчыніў з ім мір і вярнуўся дамоў. <...>

   У год 6675 (1167) У той жа самы год хадзіў Валадар Глебавіч (з войскам) к Полацку ваяваць. Васількавіч жа Усяслаў пайшоў супраць яго з палачанамі. Валадар жа, уведаўшы, што ідуць супраць яго, не даў ім злучыцца і ўдарыў на іх знянацку і шмат іх пабіў, а іншых рукамі палавіў. Усяслаў жа ўцѐк у Віцебск. Валадар жа ўвайшоў у Полацк, цалаваў крыж з палачанамі і пайшоў к Віцебску на Давыда (Расціславіча) і на Усяслава. Прыйшоўшы, (ѐн) спыніўся ля ракі, і пачалі біцца праз раку. Давыд жа не ўступіў з ім у бойку, бо чакаў брата свайго Рамана са смалянамі. I тут дзіва здарылася апоўначы: моцны гул пачуўся, быццам бы воі пераходзяць раку. I страх напаў на вояў Валадаравых, і сказала яму (яго) дружына: «Што стаіш, княжа, не ідзеш прэч, вось тут Раман пераходзіць раку, а там Давыд». I пабег Валадар з-пад Віцебска. Назаўтра Давыд, убачыўшы, што Валадар уцѐк, пусціў за ім пагоню, і не дагналі іх, але па лесе шмат палавілі; Усяслава ж паслаў у Полацк. <...>

Пераклад са старажытнарускай мовы В. Чамярыцкага

1. Перавядзіце інфармацыю дакумента ў тэзіснае апісанне падзей.

             2. Падрыхтуйце пытанні па зместу дакумента.

[2]Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VІ–ХV стст.): дапам. для вучняў і настаўнікаў / Склад. С. К. Ганцова, В. А. Чамярыцкі, Г. В. Штыхаў. Мінск: Нар. асвета, 1998. С. 37–43. 

3. Аповесць пра Міндоўга і Войшалка (урыўкі з Галіцка-Валынскага летапісу XIII ст. (паводле Іпацьеўскага спіса)) [3]

     У год 6760 [1252]. …У той жа год выгнаў Міндоўг сваіх пляменнікаў Таўцівіла і Эдзівіда. Ен паслаў іх разам з іх дзядзькам Выкінтам на Русь ваяваць, к Смаленску, і сказаў: «Хто што захопіць, хай тым і валодае». Сам жа ён, варагуючы з імі, вераломна завалодаў Літвою, захапіў усю зямлю Літоўскую і шматлікае дабро іх і прысвоіў іх набытак. I паслаў Міндоўг услед за імі сваіх вояў, каб забіць іх. Уведаўшы пра гэта, яны ўцяклі да [князёў] Данілы і Васількі і прыехалі ва Уладзімір. Міндоўг жа прыслаў сваіх паслоў, кажучы: «Не чыні ім літасці». Але Даніла і Васілька не паслухалі яго, бо іх сястра была замужам за Данілам. Пасля Даніла дамовіўся з братам сваім [Васількам] і паслаў у Ляшскую зямлю да князёў ляшскіх, кажучы: «Надышоў час і ісці хрысціянам на язычнікаў, бо яны ваююць паміж сабою». І ляхі абяцалі, але не стрымалі сваё слова. Даніла і Васілька паслалі Выкінта да яцвягаў, да жамойтаў і да немцаў у Рыгу, і ён падкупіў срэбрам і шматлікімі дарункамі яцвягаў і палову жамойтаў. Немцы ж адказалі Данілу так: «Дзеля цябе ўчынілі мір з Выкінтам, хоць ён шмат нашых загубіў». Нямецкія рыцары абяцалі прыйсці на дапамогу Таўцівілу. Даніла ж і Васілька пайшлі да Наваграда [Наваградка]. Параіўшыся з братам сваім Васількам і са сваім сынам, Даніла паслаў брата свайго на Ваўкавыск, сына на Слонім, а сам пайшоў да Здзітава. Яны захапілі шмат гарадоў і вярнуліся дамоў. Пасля прыслаў пасла Выкінт, паведамляючы, што немцы хочуць прыйсці на дапамогу Таўцівілу. I паслаў Даніла Таўцівіла [ў паход] і даў яму ў дапамогу русаў і полаўцаў, і доўга яны ваявалі. Адтуль Таўцівіл пайшоў з палоннымі Данілы ў Рыгу, і прынялі яго рыжане з вялікаю пашанаю і хрысцілі яго. Калі ўведаў Міндоўг, што Таўцівілу хочуць дапамагаць божыя дваране, і біскуп, і ўсе рыжскія воі, ён спалохаўся і таемна паслаў да Андрэя, рыжскага магістра, і пераканаў яго з дапамогаю багатых дарункаў, улітасцівіў яго, паслаўшы шмат золата і срэбра, і прыгожых срэбных і залатых сасудаў, і шмат коней. I сказаў ён [магістру]: «Калі ты заб’еш або выжанеш Таўцівіла, атрымаеш яшчэ больш». Магістр жа адказаў: «Не пазбавішся ты ад гэтага, пакуль не пашлеш да папы і не прымеш хрышчэнне — не адолееш ворага. Я жа да цябе дружалюбнасць маю». О, горай зла! Золатам асляпіў ён [магістр] вочы свае, і цяпер зноў з-за іх бяды набярэцца. Міндоўг прыслаў да папы і прыняў хрышчэнне. Аднак хрышчэнне яго было няшчырае, ён таемна прыносіў ахвяры сваім багам… Таўцівіла ж падтрымлівалі біскуп і пробашч Віржан, якія шкадавалі аб ім, бо ведалі, што калі б Таўцівіла не выгналі, то Літоўская зямля была б у іх руках і паняволі прыняла б хрышчэнне. А што літоўцы не хрысціліся, вінаваты Андрэй. За гэта Ордэн пазбавіў яго сана. Таўцівіл жа прыбег у Жамойць да свайго дзядзькі Выкінта, прыхапіўшы яцвягаў, жамойтаў і дапамогу Данілаву, якую раней князь даў яму, і пайшоў на Міндоўга. Міндоўг жа падрыхтаваўся, але вырашыў не біцца з ім, а ўвайшоў у горад Варута. Ноччу ён выслаў свайго швагра, але прагналі яго русы і яцвягі. Раніцай выехалі немцы з самастрэламі, і паехалі супраць іх русы і полаўцы з [лукамі і] стрэламі і яцвягі з суліцамі, і ганяліся яны па полі, быццам у час гульні. Адтуль вярнуліся ў Жамойць. Прыйшоў Міндоўг, сабраўшы вялікую сілу, на горад Выкінта, названы Цвірамет. Таўцівіл выехаў з горада, а з ім русы і полаўцы Данілавы, і жамойты з імі, і шмат пешых вояў. У пагоні з ім палаўчанін трапіў стралою ў сцягно каня Міндоўгавага, і вярнуўся Міндоўг у сваю зямлю. I шмат бітваў было паміж імі. Пад тым горадам [Цвіраметам] забілі Вісімота.

     …У год 6763 [1254/55]. Учыніў Войшалк мір з Данілам і выдаў дачку Міндоўгаву, сястру сваю, за Шварна. I прыйшрў ён у Холм да Данілы, пакінуўшы сваё княжанне, і пастрыгся ў манахі. Ён аддаў Раману, сыну караля [Данілы], Новагарадок [Наваградак] ад Міндоўга, а ад сябе Слонім і Ваўкавыск і ўсе гарады, сам жа прасіўся ісці да Святой гары. I знайшоў яму кароль [Даніла] дарогу праз [землі] караля Угорскага. Але не змог [Войшалк] дайсці да Святой гары і вярнуўся назад праз Балгарыю.

     У год 6770 [1262]. Пайшлі літоўцы ад Міндоўга ваяваць супраць ляхаў, і Астап Канстанцінавіч з імі, пракляты і беззаконны, які калісьці ўцёк з Разані. Літоўцы разбурылі [горад] Ездаў напярэдадні Іванавага дня, на самае Купалле. Там забілі і князя Семавіта, а сына яго Кандрата паланілі, і шмат палонных узялі. I так вярнуліся дамоў. Успомніў Міндоўг, што князь Васілька з батырам [Бурундаем] ваяваў зямлю Літоўскую, і паслаў раць супраць Васількі, і ваявалі літоўцы каля Камянца. Князь Васілька не пайшоў на іх, чакаючы другой раці. Ён паслаў на іх Жаліслава і Сцяпана Мядушніка, і яны гналіся за імі [літоўцамі] аж да самай Ясельды, і не дагналі іх, бо войска было невялікае. [Літоўцы] ўзялі толькі палонных і таму хутка пайшлі. Другая [літоўская] раць ваявала ў той жа тыдзень каля Мельніка. Быў з імі ваявода Каўдзіжад Тудзіямінавіч. Узялі яны шмат палонных. Князь жа Васілька паехаў за імі з сынам сваім Уладзімерам, з баярамі і слугамі, спадзеючыся на Бога і на прачыстую яго маці, і на сілу святога крыжа, і дагнаў іх ля горада Небля. Літоўцы ўжо стаялі ля возера і, убачыўшы войска, гатовае да бою, селі, як звычайна, у тры рады за шчытамі. Васілька ж, падрыхтаваўшы свае палкі, пайшоў супраць іх, і пачалася бітва. Літоўцы не вытрымалі і кінуліся наўцёкі, але нельга было ўцячы, бо побач было возера. I пачалі іх секчы, а іншыя ў возеры патапіліся. I так усіх іх перабілі, ні адзін з іх не выратаваўся. Уведаўшы пра гэта, пінскія князі Фёдар, Дзямід і Юрый прыехалі да Васількі з напоямі і пачалі весяліцца, бо ўбачылі сваіх ворагаў разбітымі, а ўсю дружыну цэлаю. Толькі адзін быў забіты ў войску Васількі — Прайбор, сын Сцяпана Радзівіча. Пасля князі пінскія паехалі дамоў, а Васілька паехаў ва Уладзімір з перамогаю і пашанаю вялікаю, славячы і хвалячы Бога, які стварыў цуд — пакарыў ворагаў князю Васільку.

    …Прайшоў год, і восенню [1263 г.] быў забіты вялікі князь літоўскі Міндоўг, самаўладца ўсёй зямлі Літоўскай. Пра яго забойства так раскажам. Калі ён княжыў у Літоўскай зямлі, пачаў забіваць сваіх братоў і пляменнікаў, а іншых выгнаў з краіны і стаў княжыць адзін ва ўсёй зямлі Літоўскай. I пачаў ён вельмі ганарыцца і пышыцца, лічачы, што няма яму роўнага. Былі ў яго сын Войшалк і дачка. Дачку ёы аддаў замуж за Шварна Данілавіча ў Холм. Войшалк жа пачаў княжыць у Новагародку, будучы язычнікам, і стаў праліваць шмат крыві. Кожны дзень ён забіваў па тры-чатыры чалавекі. Калі ж у які дзень не забіваў нікога, то вельмі смуткаваў, а калі забіваў — тады радаваўся. Пасля ўвайшоў страх божы ў яго сэрца, і задумаўся ён, і захацеў прыняць святое хрышчэнне. I хрысціўся там жа, у Наваградку, стаў хрысціянінам. Пасля гэтага пайшоў Войшалк у Галіч да князя Данілы і Васількі, жадаючы пастрыгчыся ў манахі. Тады Войшалк хрысціў Юрыя Львовіча. Пасля ён пайшоў у Паланіну ў манастыр да Грыгорыя і там пастрыгся ў манахі. У манастыры [Войшалк] прабыў тры гады, а адтуль пайшоў на Святую гару, прыняўшы благаславенне ў Грыгорыя. Грыгорый быў святы чалавек, якога перад ім не было і пасля яго не будзе. Войшалк не змог дайсці да Святой гары, бо тады ў тых землях быў мяцеж вялікі. I вярнуўся ён зноў у Наваградак, заснаваў сабе манастыр на рацэ Нёман, паміж Літвою і Наваградкам, і там жыў. Бацька ж яго Міндоўг дакараў яго за такое жыццё. А ён бацьку свайго вельмі не любіў. У той час памерла княгіня Міндоўгава, і пачаў ён аплакваць яе. Сястра ж была замужам за Даўмонтам, князем нальшанскім. I паслаў Міндоўг у Нальшаны па сваю швагерку і так сказаў: «Гэта твая сястра памерла, прыязджай аплакваць сястру сваю». Калі ж яна прыехала аплакваць, Міндоўг захацеў ажаніцца з ёю. I пачаў гаварыць ёй: «Сястра твая, паміраючы, наказвала мне ўзяць цябе за жонку. Яна сказала так: няхай чужая дзяцей не крыўдзіць». I ўзяў яе за жонку. Даўмонт, дачуўшыся пра гэта, вельмі засмуціўся і стаў думаць, як бы яму забіць Міндоўга. I знайшоў сабе Траняту, пляменніка Міндоўга, і разам з ім вырашыў забіць Міндоўга. Транята ж быў тады ў Жамойці.

     У год 6771 [1263]. Паслаў Міндоўг усё сваё войска за Дняпро супраць Рамана, князя бранскага. Даўмонт пайшоў разам з імі на вайну, але, выбраўшы зручны час, вярнуўся назад, кажучы: «Варажба паказвае, што мне не трэба ісці разам з вамі». Вярнуўшыся назад, ён шпарка паскакаў, дагнаў Міндоўга і забіў яго і двух сыноў яго, Рукля і Рапекя. Так учынілася забойства Міндоўга. Пасля забойства Міндоўга Войшалк, баючыся такога ж [лёсу], ўцёк у Пінск і там жыў, а Транята пачаў княжыць па ўсёй зямлі Літоўскай і ў Жамойці. I паслаў ён у Полацк па брата свайго Таўцівіла, сказаўшы так: «Брат, прыедзь сюды, падзелім зямлю і набытак Міндоўга». Калі Таўцівіл прыехаў да яго, пачаў думаць Таўцівіл, як бы забіць Траняту, а Транята стаў думаць, як забіць Таўцівіла. Задуму Таўцівіла раскрыў яго баярын Пракоп, палачанін. Транята ж апярэдзіў Таўцівіла і забіў яго і стаў княжыць адзін. Пасля гэтага конюхі Міндоўга, чатыры парабкі, сталі думаць, як бы ім забіць Траняту. Калі Транята ішоў у лазню, яны выбралі зручны момант і забілі яго. Так учынілася забойства Траняты. Дачуўшыся пра гэта, Войшалк пайшоў з пінянамі к Наваградку, а адтуль, узяўшы з сабою наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць. Усе літоўцы прынялі яго з радасцю, сына свайго гаспадара.

     У год 6772 [1264]. Войшалк стаў княжыць па ўсёй зямлі Літоўскай, і пачаў ён вынішчаць сваіх ворагаў, і перабіў іх безліч, а іншыя разбегліся хто куды…

    У год 6776 [1268]. Пасля Войшалк аддаў сваё княжанне швагру свайму Шварну, а сам зноў захацеў стаць манахам. Шварн яго вельмі ўпрошваў, каб ён яшчэ княжыў з ім у Літве, але Войшалк не хацеў, так кажучы: «Я шмат саграшыў перад Богам і людзьмі. Ты ж княж, і зямля будзе ў бяспецы». Шварн не змог яго ўгаварыць і стаў княжыць у Літве, а Войшалк пайшоў ва Уграўск, у манастыр святога Данілы, і апрануўся ён у манаскае адзенне, і стаў жыць у манастыры, і так сказаў: «Тут паблізу ад мяне сын мой Шварн, а другі — мой пан і бацька, князь Васілька, і гэтым суцяшаюся». Грыгорый жа Паланінскі, яго настаўнік, тады быў яшчэ жывы. Войшалк распытаў, ці жывы ён, узрадаваўся і паслаў яму сказаць: «Там мой бацька, прыедзь сюды». I той прыехаў да яго і накіраваў яго на шлях манаскі. …Пасля Войшалка княжыў у Літоўскай зямлі Шварн, княжыў ён нядоўга і памёр, і пахавалі яго ў царкве святой Багародзіцы [г. Холм] каля труны яго бацькі.

Пераклад са старажытнарускай мовы В. А. Чамярыцкага

1. Вызначце, ці адрозніваюцца звесткі, пададзеныя ў гістарычнай крыніцы і ў тэксце вашага вучэбнага дапаможніка.

           2. Выкажыце ваша меркаванне пра тое, ці могуць назірацца адрозненні ў дадзеных гістарычнай крыніцы і яе апрацоўцы навукоўцамі.

         3. Уявіце, што вы навуковец, якому патрэбна вылучыць і апісаць падзеі з дакумента. Складзіце храналагчную табліцу або стужку часу па падзеях, якія апісаны ў гістарычнай крыніцы. Дайце ім сваё апісанне.

[3]Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VІ–ХV стст.): дапам. для вучняў і настаўнікаў / Склад. С. К. Ганцова, В. А. Чамярыцкі, Г. В. Штыхаў. Мінск: Нар. асвета, 1998. С. 83–89. 

4. З літоўска-інфлянцкага мірнага дагавору 1338 г. (1 лістапада 1338 г.) [4]

    Гэта мір, які заключылі магістр Інфлянтаў [Эберхард фон Маннгейм, магістр Інфлянцкага ордэна (1328–1340)] і кароль Літвы [Гедзімін] і выказалі ў наступных словах:

… (2) Далей, мір[ная мяжа] павінен [павінна] ісці ад Эвясты ўверх да самай рэчкі, што называецца Педэнэ, а далей ад рэчкі па [межах] старому [старога] міру [міра] да Адзелле.

(3) Пад час міру ці па-за ім ніякае войска не павінна ўварвацца ні адсюль, ні сюды; або ніякія пастухі.

(4) Далей, Дзвіна павінна быць свабоднай для кожнага купца, ці будзе ён хрысціянін або паганін, для паездак уверх або ўніз так высока, як Дзвіна цячэ, і ўсе рэчкі, што ўпадаюць у яе вышэй Эвясты.

(5) Далей, нямецкі купец павінен ездзіць бяспечна для жыцця і маёмасці так далёка, на колькі пашыраецца ўлада караля Літвы на літвінаў і русінаў…

(7) Калі здарыцца, што які-небудзь нямірны чалавек прыйдзе ў мір[ную зямлю], ён павінен быць свабодны; ці [і] жыве ён ў міры ці парушыць мір… і будзе пабіты, ніякая са старонаў не будзе вінаватая за гэта, ні магістр, ні кароль.

… (10) Далей, калі ў якога-небудзь нямецкага купца ў Літве або ў Рускай зямлі будзе што-небудзь скрадзена, гэта належыць судзіць там, дзе гэта адбудзецца; калі здарыцца, што немец скрадзе што-небудзь у русіна або літвіна, аднолькава належыць гэта судзіць там, дзе адбылося. Калі ж нямецкія купцы пасварацца паміж сабою ў Літве ці ў Рускай зямлі, то яны павінны адкласці [разгляд справы] да Рыгі і там гэта належьшь судзіць; аднолькава, калі русіны ці літвіны пасварацца паміж сабой у зямлі магістра, то яны павінны адкласці [разгляд справы] да сваіх вышэйшых. Далей, калі нямецкі купец пасварыцца з літвінам ці з русінам абс русін ці літвін з немцам, неабходна судзіць [там], дзе гэта здарыцца.

(11) Калі літвін ці русін бяжыць праз мірную зямлю ў хрысціянскую зямлю і прынясе з сабой маёмасць і кароль захоча прынесці клятву на тым, што маёмасць належыць іншаму, то маёмасць неабходна вярнуць. Тое самае аднолькава [належыць вярнуць], калі бяжыць чалавек з хрысціянскай зямлі праз мірную зямлю ў Літву ці ў Рускую зямлю і прынясе з сабой маёмасць, і магістр ці лайдмаршалак пажадаюць прынесці клятву ў тым, што маёмасць належыць іншаму, то трэба гэта вярнуць.

… (13) Далей не трэба ні з якога боку затрымліваць купцоў, але калі літвін ці русін пажадае абвінаваціць немца па старой справе, ён павінен пайсці [і звярнуцца] да тых, кім ён быў затрыманы; тое самае павінен рабіць немец [у адносінах да] літвіну [-а] або русіну [-а]…

Пераклад на беларускую мову А. А. Радамана паводле перакладу тэкста гэтага дагавора са старажытнанямецкай мовы на рускую, змешчанага ў выданні: Полоцкие грамоты  XIII – начала XVI в. / Сост. А. Л. Хорошкевич. Ч. 3. М., 1980. Приложение. С.102–107.

 1. Прааналізуйце тэкст дагавору, выкарыстоўваючы памятку «Як працаваць з гістарычным дакументам».
          2. Пакажыце на карце дзяржавы, якія склалі гэты дакумент.

          3. Ахарактарызуйце гістарычныя ўмовы з’яўлення дакумента.

          4.  Назавіце асноўныя палажэнні дакумента. Ацаніце іх станоўчыя ці адмоўныя бакі для кожнай з падпісаўшых яго краін, іншых краін, міжнароднай сітуацыі ў цэлым.

          5. Растлумачце, у чым і чаму дакумент складзены на такіх умовах (на карысць адных і на шкоду інтарэсам іншых дзяржаў, на парытэтных пачатках).

          6. Якія змены ў палітычным, эканамічным плане адбыліся альбо меркаваліся адбыцца ў адпаведнасці з гэтым дакументам?

         7. Які характар насіў гэты дакументы: адкрыты ці сакрэтны – і чаму?

         8. Дайце абагульняючую ацэначную характарыстыку гэтага дакумента.

         9. Распрацуйце правілы ўзаемаадносін літоўцаў з Інфлянтамі ў рэчышчы сучаснага заканадаўства (перакладзіце гэты дагавар на сучасную мову).

[4]Вішнеўскі А. Ф.,  Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах (Са старажытных часоў да нашых дзён): вучэб. дапам. Мінск: Акадэмія МУС РБ, 1998. С. 31–33. 

5. Урыўкі з «Летапісу вялікіх князёў літоўскіх» [5]

…Калі быў [вялікі князь Вітаўт] у немцаў [у Прусіі], у Мар’інградзе ў магістра, прыехала да яго шмат князёў і баяраў літоўскіх, і пачаў ён з дапамогаю нямецкаю ваяваць Літоўскую зямлю. Князь жа вялікі Ягайла са сваёю маці, вялікаю княгіняю Ульянаю, [знаходзіўся тады] ў Віцебску, а брат яго князь Скіргайла ў Літве ў Троках. I немагчыма стала змагацца вялікаму князю Ягайлу і Скіргайлу супраць князя вялікага Вітаўта, які часта ваяваў Літоўскую зямлю, бо ў яго сабралася вялікая сіла. Тады князь вялікі Ягайла выклікаў яго з Прусіі і даў яму Луцк з усёй зямлёю Валынскаю, а ў Літоўскай зямлі — яго бацькаўшчыну.

Памёр кароль Казімер Кракаўскі, і не было ў яго сыноў, толькі адна дачка Ядвіга. I пачалі ляхі з Кракава слаць да вялікага князя Ягайлы [прапановы], каб ён прыняў хрышчэнне старога Рыма і ўзяў бы ў іх каралеўну Ядвігу сабе за жонку, і стаў бы ў іх каралём у Кракаве і ва ўсёй Ляшскай зямлі. Ён жа, вялікі князь Ягайла, параіўшыся са сваёю маці, княгіняю Ульянаю, і з усімі князямі і баярамі Літоўскай зямлі, паехаў у Ляшскую зямлю, у Кракаў. Там ён хрысціўся і браты яго, і князі, і баяры літоўскія, і ўзяў [Ягайла] каралеўну Ядвігу сабе за жонку, і быў каранаваны таго каралеўства каронаю. I ад таго часу пачалі хрысціць Літву ў лацінскую веру, і прыслаў архібіскуп біскупа ў Вільню для Літоўскай зямлі, і тады пачалі касцёлы ставіць па ўсёй зямлі Літоўскай.

Той жа зімы, калі кароль быў у Кракаве з усімі князямі і баярамі літоўскімі, князь Андрэй Полацкі прыйшоў з немцамі лівонскімі і з усімі латгаламі на Літоўскую зямлю і шмат паваяваў, папаліў гарадоў і сёлаў, замкам жа ў Літоўскай зямлі нічога не ўчыніў і затым вярнуўся назад. Той жа зімы князь Святаслаў Смаленскі ўчыніў змову з князем Андрэем Полацкім. Ен [пайшоў] у Літву, а князь Святаслаў да Оршы, і шмат бяды [яны] нарабілі людзям. Так бязлітасна, не па-хрысціянску мучылі хрысціян, што мы не чулі, каб нават у час нападаў няверных так мучылі, так катавалі хрысціян: збіралі іх, закрывалі ў хатах і падпальвалі, у вялікіх харомах бэлькі прыпаднімалі, палонных пад сцены галовамі клалі і заціскалі, жанчын і дзяцей на вастраколле натыкалі, іншыя ж здзекі над хрысціянамі брыдка і апісваць. Ні Антыёх Сірыйскі, ні Юліян Злачынец так не мучылі хрысціян. Замку ж Оршы нічога не ўчынілі і затым вярнуліся назад.

Той жа зімы пад весну ў вялікі пост пачаў думаць [князь] Святаслаў са смаленскімі баярамі, быццам лютае звяр'ё, бы не хрысціяне, [як бы зноў учыніць] кровапраліцце хрысціянам. I пайшоў к гораду Мсціславу, і аблажыў яго, і пачаў здабываць замак, парокамі біць [сцены], а ў зямлю Мсціслаўскую вояў паслаў. I шмат крыві хрысціянскай пралілося [тады]. Нават Богу было агідна глядзець, як так званыя хрысціяне сваіх братоў-хрысціян не па-чалавечы, не па-хрысціянску катуюць.

Князь жа вялікі Скіргайла і князь вялікі Вітаўт, прыехаўшы з Польшчы ад брата свайго, караля [Ягайлы], уведалі, што князь Святаслаў Смаленскі раней пад Віцебскам быў, потым к Оршы прыходзіў, а цяпер каля Мсціслава стаіць і замак парокамі б'е. I вельмі засмуціўся князь вялікі Скіргайла, і пайшоў са сваімі братамі, з вялікім князем Вітаўтам і з Канстанцінам, і з Карыбутам, і з Сямёнам Лугвенам. I ўспомнілі [яны] слова божае: «Якою мераю чалавек мерае, так і яму адмераецца, а што пасее, тое і пажне». «Мы ж, — казалі яны, — не ўчынілі яму нічога злога, а ён, будучы з намі ў міры, парушыў прысягу і дагавор, нашу зямлю ваюе і кроў хрысціянскую пралівае. Мы ж ідзём на яго, спадзеючыся на Бога і на сілу крыжа». I прышлі [яны] к гораду Мсціславу.

…Дапамог Бог вялікаму князю Скіргайлу і князю вялікаму Вітаўту, а князь Святаслаў кінуўся наўцёкі са сваімі князямі, і з баярамі смаленскімі, і з усім сваім войскам. Божаю сілаю тут немалое дзіва учынілася: было пабіта шмат вояў, князёў і баяраў [смаленскіх], і самога вялікага князя Святаслава забілі. Сына ж яго, князя Юрыя, вялікі князь Скіргайла знайшоў сярод трупаў моцна параненага, ледзь жывога, узяў яго і пачаў лячыць рознямі лекамі, і галаву яму абстрыг, бо шмат было ран, і ўжо страціў надзею, што ён выжыве. Князь жа вялікі Скіргайла залячыў яму раны і прывёз да яго маці, вялікай княгіні Святаслававай, і пасадзіў яго на вялікімі княжанні ў Смаленску, бо за князем Юрыем была замужам дачка старэйшай сястры Скіргайлавай. Адышоў ад горада Смаленска вялікі князь Скіргайла і пайшоў у сваю зямлю Літоўскую, і стаў жыць у Троках, а ў Вільню кароль [Ягайла] прыслаў старасту свайго ляшскага.

Князь жа вялікі Вітаўт валодаў тады Луцкам і ўсёю замлёю Валынскаю, а ў Літоўскай зямлі сваёю бацькаўшчынаю. I было яму вельмі цяжка, што вялікім княжаннем валодае чужы, чаго раней не бывала ў Літоўскай зямлі. Тады ён учыніў раду з усімі князямі і баярамі Літоўскай зямлі, і калі Скіргайла ад'ехаў быў у Полацк, князь вялікі Вітаўт прыйшоў к Вільні, каб ёю завалодаць. Княгіня ж вялікая Ганца была тады ў Гародні. Вільняне не паддаліся тады яму, бо далі прысягу каралю [Ягайлу] і [князю] Скіргайлу, і не ўзяў ён Вільні. I пайшоў [князь вялікі Вітаўт] са сваёю княгіняю, сваімі князямі і баярамі да магістра [у Прусію] і адтуль пачаў ваяваць Літоўскую зямлю з нямецкаю дапамогаю. I ўжо заваяваў быў [палову] Літоўскай зямлі па раку Вілію, і Полацк падраўся яму. I ўбачыў кароль [Ягайла] і князь вялікі Скіргайла, што ўжо не могуць яны ўтрымаць Літоўскую зямлю перад [націскам] вялікага князя Вітаўта.

Князь жа вялікі Вітаўт разам з нямецкімі сіламі пайшоў к Вільні. I сустрэў яго князь Скіргайла з братам сваім Вігантам і з літоўскім войскам на рацэ Віліі каля гарадка пад назваю Вейкшышкі. I дапамог Бог вялікаму князю Вітаўту, і пераможаны былі літоўскія воі, і кінуліся наўцёкі. I шмат іх пабілі, а іншых князёў і баяраў у палон пабралі.

…Таго ж лета да вялікага князя Вітаўта ў Прусію ў Мар'інград прыйшлі паслы з горада Масквы ад вялікага князя Васіля Дзімітравіча і прасілі ў князя вялікага Вітаўта аддаць дачку замуж за вялікага князя Васіля Дзімітравіча. Князь жа вялікі Вітаўт аддаў дачку сваю, князёўну Соф'ю, і адпусціў яе з Мар'інаграда, а з ёю паслаў князя Івана Альгімонтавіча [Гальшанскага]. 3 горада Гданска яны паплылі на карблі па моры і прыехалі да горада Пскова. Псковічы ж выказалі ім вялікі гонар і з пашанаю праводзілі іх да Вялікага Ноўгарада. Ноўгарадцы таксама іх ушанавалі і праводзілі з пашанаю да горада Масквы да вялікага князя Васіля Дзімітравіча. Князь жа вялікі Васіль выслаў насустрач ім з пашанаю братоў сваіх, князя Уладзімера Андрэевіча і князя Андрэя Дзімітравіча, і шмат іншых князёў і баяраў, і сустрэлі вялікую князёўну Соф'ю з вялікаю пашанаю. Тады быў найсвяцейшы мітрапаліт Кіпрыян з архіепіскапамі і епіскапамі, з архімандрытамі, ігуменамі і з усім святарствам, і сустрэлі яе пачэсна з крыжамі перад горадам Масквою. I ўчынілі шлюб пачэсны і павянчалі вялікага князя Васіля Дзімітравіча з вялікаю князёўнаю Соф'яю, і было вяселле выдатнае, пашаны годнае, і павесяліліся раскошна. Мы ж да папярэдняга вернемся.

Князь вялікі Вітаўт жыў у магістра ў Мар'інградзе, і прыслаў да яго кароль [Ягайла] пасла з братам сваім Скіргайлам, так кажучы: «Не губляй больш, браце, зямлі Літоўскай нашай і сваёй бацькаўшчыны, пайдзі, браце, з намі на мір, будзь з намі ў вялікай брацкай любові і вазьмі сабе вялікае княжанне ў Вільні, пасад дзядзькі свайго, вялікага князя Альгерда, і бацькі свайго, вялікага князя Кейстута». Князь вялікі Вітаўт, параіўшыся са сваімі князямі, з князем Юрыем Нарымонтавічам Бельскім і з князем Іванам Альгімонтавічам [Гальшанскім], пайшоў у Літву і сеў у Вільні на вялікім княжанні на пасадзе дзядзькі свайго, вялікага князя Альгерда, і бацькі свайго, вялікага князя Кейстута, і рада была яму ўся зямля Літоўская і Руская.

…Князь жа вялікі Вітаўт сабраў сваё войска і сам пайшоў к Ноўгарадку, і аблажыў горад, і ўзяў Ноўгарадак, а князя Карыбута і княгіню, і дзяцей узяў у палон.

Потым памерла княгіня [Ульяна], жонка Альгерда, і кароль [Ягайла] аддаў горад Віцебск свайму сакальнічаму Фёдару Вясне. Князь жа Свідрыгайла быў тады яшчэ малады. I стаў Фёдар Вясна валодаць горадам Віцебскам і ўсёю Віцебскаю зямлёю паводле парады і загада караля Ягайлы. Князь жа Свідрыгайла не мог таго вынесці, што Фёдар Вясна горадам валодае, а яму не падначальваецца. I забіў ён Фёдара, і ўзяў горад Віцебск. I вельмі. шкадаваў кароль Ягайла, што такое здарылася, і пісаў грамату брату свайму, вялікаму князю Вітаўту, каб ён помсту ўчыніў за тую крыўду.

Князь жа вялікі Вітаўт, узяўшы з сабою князя Скіргайлу і сабраўшы вялікае войска, пайшоў к гораду Віцебску на князя Свідрыгайлу… I стаў вялікі князь Вітаўт здабываць замак. Тут і вялікі князь смаленскі Юрый Святаславіч прыйшоў на дапамогу з усімі смаленскімі сіламі і аддаўся вялікаму князю Вітаўту на службу. I пачалі яны моцна здабываць Віцебскі замак і пушкі паставілі. Віцябляне не вытрымалі і пачалі паддавацца вялікаму князю Вітаўту. Князь жа Свідрыгайла выйшаў з замка і здаўся на волю вялікага князя Вітаўта. Князь жа вялікі Вітаўт узяў горад Віцебск і пайшоў затым у Вільню. Той жа зімы на весну вялікі князь Вітаўт пайшоў у зямлю Падольскую, а князь Уладзімер Альгердавіч, які тады быў у Кіеве, не захацеў пакланіцца і пакарыцца вялікаму князю Вітаўту. Той жа вясны князь вялікі Вітаўт пайшоў і ўзяў гарады Жытомір і Оўруч, і прыехаў да яго князь Уладзімер. Таго ж лета на восень князь вялікі Вітаўт вывеў яго з Кіева і даў яму Капыль, а ў Кіеве пасадзіў князя Скіргайлу. Сам жа князь вялікі Вітаўт пайшоў на Падольскую зямлю, а князю Скіргайлу загадаў ісці з Кіева к Чаркасам і Звянігараду. Князь жа Скіргайла з божаю дапамогаю і воляю вялікага князя Вітаўта ўзяў Чаркасы і Звянігарад і вярнуўся затым у Кіеў.

…Калі вярнуўся князь вялікі Вітаўт з Прусіі на вялікае княжанне, ён адпусціў свайго палоннага князя Глеба Святаславіча ў Смаленск на вялікае княжанне, а князю Юрыю Святаславічу даў горад Раслаўль. Князь Глеб, знаходзячыся ў Смаленску, пачаў выказваць непаслушэнства вялікаму князю Вітаўту… Тады князь вялікі Вітаўт з усімі сваімі сіламі пайшоў к гораду Смаленску на князя Глеба Святаславіча, і калі прыйшоў к Смаленску — здаўся яму [князь] Глеб з горадам Смаленскам…

 1. Прааналізуйце летапісны тэкст з дапамогай памяткі «Як працаваць з дакументамі гістарычнага характару».
           2. Складзіце тэзісны план артыкула, прысвечанага падзеям з гісторыі ВКЛ.
           3. Дайце назву артыкулу.
           4. Падрыхтуйце артыкул, які можна змясціць у энцыклапедыі для школьнікаў.

[5] История Беларуси в документах и материалах /Авт-сост. И. Н. Кузнецов, В. Г. Мазец. Минск: Амалфея, 2000. С. 37–42. 

6. З «Дзённіка Люблінскага сойма 1569 года», выдадзенага М. В. Каяловічам [6]

19 студзеня. Серада. Літоўцы абвяшчаюць, што не ўступяць з палякамі ні ў якія перамовы, пакуль кароль не зацвердзіць іх новага статута. Польскія паслы просяць сенатараў настойваць, каб кароль загадаў літоўцам з'явіцца на сойм. Кароль абяцае загадаць.

20 студзеня. Чацвер. Польскія паслы просяць сваіх сенатараў дабіцца ў караля, каб літоўцы з'явіліся на сойм. Сенатары ходзяць па гэтай справе да караля. Кароль і сенатары пасылаюць да літоўцаў запрашэнні — з'явіцца на сойм. Літоўцы абяцаюць даць адказ. Рускі ваявода і гетман Сяняўскі [з прычыны ўласнай стараці] просіць прызначыць яму польнага гетмана з яго згоды. Польскія сенатары пастанаўляюць, каб з гэтага часу кароль адзін [самастойна] не раіўся з літоўцамі. Паслы просяць караля сваёю ўладай загадаць літоўцам з'явіцца на сойм.

21 студзеня. Пятніца. Літоўцы прыходзяць на пасяджэнне сойма і займаюць асобную залу. Польскія сенатары пытаюцца ў караля, як ім весці перамовы з літоўцамі. Кароль раіць даць гэта на волю літоўцаў. Размова польскіх сенатараў з літоўцамі [калі яны шлі] ад караля ў сенат аб рашотцы, якая падзяляе на сойме літоўцаў і палякаў. Літоўскія сенатары дасылаюць да польскіх сенатараў дэпутатаў з просьбай прабачыць іх за тое, што яны яшчэ не могуць пачаць перамовы аб уніі. Выбіраюцца з боку палякаў дэпутаты, якія пытаюцца літоўцаў, ці яны хочуць весці [перамовы аб] уніі. Перамовы з гэтай нагоды паміж палякамі і літоўцамі. Літоўцы згаджаюцца ўступіць з палякамі ў перамовы аб уніі, але з умовай, каб раней гэтага кароль зацвердзіў новы статут іх…

 1. Прааналізуйце тэкст дзённіка з дапамогай памяткі «Як працаваць з дакументамі гістарычнага характару».
           2. Пра якую «рашотку», што падзяляла ВКЛ і Карону, ішла размова паміж польскімі пасламі і прадстаўнікамі ВКЛ?
           3. На якіх умовах дэлегацыя ад ВКЛ пагаджалася падпісаць унію?
           4. Аб якім «новым статуце» ідзе размова ў дакуменце?
           5. Якім чынам зацверджанне «новага статута» магло паўплываць на рашэнне прадстаўнікоў ВКЛ?

[6] Дневник Люблинского сейма 1569 года: Соединение Великого Княжества Литовского с Королевством Польским / Изд. М. Коялович. СПб., 1869.

7. «Немое» заседание Гродненского сейма 1793 г. (отрывок из монографии Н. И. Костомарова «Старый спор: Последние годы Речи Посполитой») [7]

   Так окончил Гродненский сейм половину своей работы – дело с Россией. После этого началось дело с Пруссией, которое было гораздо труднее, и посланникам пришлось помучиться с упрямством и с уловками целых два месяца…

   В продолжение трех дней толковали о несправедливости притязаний Пруссии…

   Ввиду этого Сиверс опять вынужден был прибегнуть к крайним мерам. Узнав, что некоторые послы хотят убежать, приказал никого не выпускать из города, арестовал четырех послов и 12 сентября опять окружил замок двумя батальонами гренадер. Послы съехались в залу около 8 часов вечера и ужаснулись, увидя, что с ними намерены поступить решительно. Раздались крики негодования патриотов. Один посол (Гославский) предложил всем выйти из избы, но он вышел только один, за ним никто не последовал. Наконец, решили не открывать заседания пока не освобождены будут арестованные послы. Начались [переговоры] с Сиверсом, но тот не соглашался ни на какие уступки и прислал сейму проект трактата. Это вызвало еще больший протест патриотов. Попытки некоторых послов объявить заседание открытым и прочитать проект не имели никакого успеха. Между тем русский генерал Раутенфельд побуждал сейм [завершить] дело, угрожая суровыми мерами, которые ему предписано принять.

   Было уже около 4 часов утра… «Изба в страдательном положении, – сказал сандомирский посол Рачинский, – на кого ни обращу взоры: на сенат, на короля, на все собрание послов – вижу невольников. Деятельное лицо здесь один г. Раутенфельд, российский генерал <…> И мы, щадя здоровье его величества, изрекши, что ничего не можем делать, и по закону изба остается в страдательном положении, приблизим дело к концу таким образом: запишем торжественно в книгах свидетельство утеснения нашего, составим декларацию о насилии над нами и не приступим ни к какой формальности, ни к баллотировке, ни к единогласию, но по прочтении проекта вашему королевскому величеству примем его глухим молчанием». Эта хитрая выдумка понравилась многим. После некоторых препирательств прочитан был проект трактата и декларация о насилии, составленная Анквичем, которая заканчивалась словами: «Мы объявляем, что не в силах будучи, даже с опасностью жизни, избежать последствий напряженного насилия, поручаем потомству, которое может быть будет счастливее вас, те средства спасения отечества, каких теперь нет у нас и принимаем по принуждению присланный посланником российским в избу проект, противный нашим желаниям и нашим правам». На это все согласились. Тогда секретарь прочитал поручение депутации, прежде названной для переговоров с прусским посланником. Ни один голос не раздался по прочтении этих бумаг. Члены сидели неподвижно, как статуи. Был четвертый час на исходе. Реутенфельд терял терпение. Он подошел к трону и сказал королю: «Ваше величество, прикажите начать рассмотрение прочитанных проектов». «У меня, – сказал король, – нет власти заставить членов говорить, когда они молчат». «В таком случае, – сказал Раутенфельд, – мне остается только прибегнуть к тем мерам, какие мне предписаны. Я должен ввести сюда гренадеров». И он пошел к дверям. Увидя это, сеймовой маршал сказал: «Согласна ли сеймовая изба на то, чтобы депутация подписала прусский трактат, присланный на сейм русским посланником?» Все молчали. Маршал повторил тот же вопрос. Изба молчала. Маршал в третий раз спросил теми же словами. Никто не отвечал. «Молчание – знак согласия», – сказал маршал. «Проект принять единогласно».

 1. Складзіце храналогію пасяджэння сойма Рэчы Паспалітай 12 верасня 1793 г.
          2. Чаму апісанае пасяджэнне называецца «нямым»?

[7] Костомаров Н. И. Старый спор: Последние годы Речи Посполитой: Ист. монографии и исслед. М.: Фирма «Чарли»; Смоленск: Смядынь. 763 с.

ІІ. Работа з мастацкім тэкстам

  Прачытайце мастацкі тэкст і выканайце заданні.

 З «Дзесяцігадовай аповесці пра ваенныя справы пана Крыштофа Радзівіла[8]» Андрэя Рымшы[9]
(Пераклад з польскай мовы А. Ул. Бразгунова)

Трэцяя частка аповесці

…Зноў Масква прэ навалай, зноў вайною страшыць,
Хоча ўзяці Інфлянты, кажа: землі – нашы.
Тут жа войска ў Інфлянты рушыў Князь Маскоўскі,
Пекны полк быў, што праўда, толькі не байцоўскі,
Бо пан Крыштаф насустрач выслаў сотню коней,
Гуф не дужа вялікі, – прэч Маскву пагоніць.
Нейкіх дзвесце жаўнераў – вось атрад ягоны,
Перад ім не ўстаялі маскалёў загоны.
Пыху збіў ім адразу – разбягацца мелі,
I што б’юць іх не жартам – хутка зразумелі…
…Сэрца Крыштафу раіць: з мужным хай намерам
Перш за ўсё апрабуе Дэрпта абарону,
I Кярпецкі той замак будзе ўміг ягоны.
Пэўна ведаў, што ў цвердзі люд заўсёды свежы,
Што кармленне[10] ўсіх замкаў ад яе залежыць.
I таму паляцеў ён, як арол на мяса,
Хоць пе меў, пэўна, вояў восем соцень разам.
Да таго меў ландскнехтаў[11] толькі сотню пешых,
Фальканетаў[12] меў тройку між гарматаў меншых.
Аблажыў замак войскам, падступіў пад муры,
Зразумеў: з тых гарматаў сценаў не разбурыш.
Мусіў гетман тут справу неяк ратаваці,
Гонар ворага здачай зараз жа суняці…
Гетман, войска спыніўшы, кажа так жаўнерам:
«Зараз сам маю рушыць я на самы перад.
Воі слаўныя, жыцця я не пашкадую;
Дайце веры – забаву цвёрда крэдытую».
Годна рыцары дзячаць пану за прамову,
На Кярпецкі той замак рушаць адмыслова
З мужным сэрцам. I войска неба разбудзіла;
Змоўкнуць мусіла Рэха[13] – дыху не хапіла.
Дзіды мечуць пад дахі смаляныя копы,
Ад мяча ў замку гінуць гордыя халопы.
Валіць дым там клубамі – вока не працерці,
I агню у задушшы ўсё далі пажэрці…
Гетман, пан міласэрны, тут жа і прыняў іх,
Потым рыцарству дзячыў і, па справах слаўных,
Адпачыць даў, каб кожны зноў дамоў вяртаўся
Жыў-здароў, бо пад мурам моцна спрацаваўся…

 1. Пра якую вайну ідзе размова ў гэтым літаратурным творы?
           2.  Знайдзіце прыкметы, якія пацвяджаюць, што дадзены твор быў напісаны ў перыяд гэтай вайны.

           3. Пакажыце на карце раён свету, дзе адбываецца дзеянне дадзенай літаратурнай крыніцы.

           4. Якія вобразы гістарычных герояў, падзей стварае аўтар? Як вы лічыце, што ў гэтым партрэце з’яўляецца перабольшваннем, перадузятым, непраўдзівым і г. д. Як вы думаце, з якой мэтай аўтар зрабіў так?

           5. Як аўтар літаратурнага твора тлумачыць учынкі сваіх герояў? Ці згодны вы з такімі ацэнкамі і аргументамі?

           6. Да якога грамадскага слоя, групы насельніцтва належыў аўтар? Наколькі ён быў аб’ектыўны ў перадачы падзей ці аўтар не імкнуўся да аб’ектыўнасці?

[8] Костомаров Н. И. Старый спор: Последние годы Речи Посполитой: Ист. монографии и исслед. М.: Фирма «Чарли»; Смоленск: Смядынь. 763 с.

[9] Крыштоф Мікалай Радзівіл па мянушцы Пярун (1547–1603) — ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, ваявода віленскі, вялікі гетман ВКЛ.

[10] Кармленне – харчовае забеспячэнне.

[11] Ландскнехт – назва нямецкага наёмнага цяжкага пехацінца.

[12] Фальканет – сярэднявечная дробнакаліберная грамата.

[13] Рэха – німфа, увасабленне рэха.

III. Работа з ілюстрацыямі

   

Прааналізуйце палатно Я. Матэйкі «Бітва пад Грунвальдам» (1878) пры дапамозе памяткі «Як працаваць з гістарычнай карцінай».

Адкажыце на пытанні:

1. Войскі якіх дзяржаў прымалі ўдзел у бітве?

2. Чыя постаць намалявана ў цэнтры карціны?

3. Якім быў лёс Ульрыха фон Юнгінгена?

4. Якія з нябесных сіл апекавалі саюзнае войска?

 

Прааналізуйце палатно Я. Матэйкі «Канстытуцыя 3 мая 1791 года» (1891) пры дапамозе памяткі «Як працаваць з гістарычнай карцінай».

Адкажыце на пытанні

1. У якіх горадзе і краіне адбылася падзея, што выяўлена?

2. Хто ўзначальвае працэсію ў касцёл Святога Яна?

3. Што трымае ў руках Станіслаў Малахоўскі?

4. Чаму Анджэй Замойскі цягне за сабой селяніна (правая частка карціны)?

5. Аб чым сведчыць павернутая спінай да гледача постаць кароннага гетмана Францішка Ксаверыя Браніцкага (цэнтральная частка карціны)?

6. Чаму незадаволены яўрэй (ніжняя частка карціны)?

IV. Работа з картамі

Прааналізуйце карты «Першыя княствы на тэрыторыі Беларусі ў ІХ сярэдзіне ХІІ ст.» і «Беларускія землі ў ХІІ — сярэдзіне XIII ст.» у атласе «Гісторыя Беларусі са старажытных часоў да канца XVIII ст.» на с. 13—14  і адкажыце на пытанні.

1. Ахарактарызуйце геаграфічнае становішча Полацкага княства. Ці ўплывала яно на падзеі, якія пазначаны на картах?

2. Назавіце асноўныя ваенныя паходы полацкіх князёў і іх прычыны.

3. Якія землі былі далучаны або страчаны Полацкай зямлёй у час гэтых паходаў?

 

Прааналізуйце карту «Утварэнне Рэчы Паспалітай (другая палова XVI ст.).» у атласе «Гісторыя Беларусі са старажытных часоў да канца XVIII ст.» на с. 23 і адкажыце на пытанні.

1. Пералічыце ваяводствы, у склад якіх уваходзілі беларускія землі падчас заключэння Люблінскай уніі.

2. Дакажыце, што Рэч Паспалітая з’яўлялася шматнацыянальнай дзяржавай.

V. Параўнанне пунктаў гледжання

Ацэнка гісторыкамі прычын і наступстваў Крэўскай уніі

У 80-я гг. ХІV ст. існавала два шляхі развіцця ВКЛ: або саюз з Маскоўскім княствам, або саюз з Польшчай.

Першая альтэрнатыва не была рэалізавана, паколькі мангола-татары спалілі Маскву ў 1382 г. і захавалі сваё іга над Руссю яшчэ на сто гадоў. Затое склаліся ўмовы для уніі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага.

Па-першае, абедзвюм дзяржавам пагражаў Тэўтонскі ордэн.

Па-другое, польскія свецкія феадалы спадзяваліся пашырыць свае ўладанні за кошт зямель ВКЛ. А каталіцкая царква імкнулася пашырыць свой рэлігійна-палітычны ўплыў на ўсход. Польскія гісторыкі ідэалізавалі палітычную ролю Польшчы ў збліжэнні з ВКЛ. Яны і сёння бачаць у Крэўскай уніі раўнапраўны саюз дзвюх дзяржаў і вызначаюць яго станоўчыя вынікі. У літоўскай гістарычнай навуцы прымяншаецца аб’ядноўваючая роля «польска-літоўскіх» уній. Там замацавалася думка пра Крэўскую унію як вынік дынастычнай палітыкі Ягайлы. Але пытанне аб ролі ўдзельных князёў і мясцовых баяр у яе заключэнні засталося не даследаваным.

У расійскай гістарычнай навуцы ў ХІХ – пачатку ХХ ст. была распаўсюджана адмоўная ацэнка Крэўскай уніі. Даследчыкі лічылі, што унія садзейнічала пашырэнню польскага ўплыву ў Заходняй Русі, гэта значыць на рускіх землях, і «сапсавала» мясцовае насельніцтва. М. В. Каяловіч адзначаў, што «польская, езуіцкая» цывілізацыя не прынесла народам Заходняй Расіі нічога карыснага, бо палякі былі прасякнуты «духам лацінства», абсалютна не прымальнага славянамі. Збліжэнне з Польшчай, уніі дэфармавалі духоўнае жыццё у ВКЛ, апалячылі, акаталічылі значную частку шляхты, але асноўныя пласты народа нязменна цягнуліся да Расіі, бо адчувалі з ёю сваё адзінства.

Беларускія гісторыкі лічаць, што ініцыятарам Крэўскай уніі 1385 г. з’яўлялася Польскае каралеўства. Таму ўмовы уніі выклікаюць здзіўленне. Ягайла, каб ажаніцца з Ядвігай, і стаць каралём Польшчы, даў шэраг абяцанняў: «…князь Ягайла з усімі братамі, яшчэ не хрышчонымі, а таксама з крэўнымі, са шляхтай, зямянамі …, якія на землях яго жывуць, хоча … прыняць веру каталіцкую святога рымскага Касцёла. … абяцае вялікі князь Ягайла сабраць і выкарыстаць увесь свой скарб для вяртання страт, якія панеслі як Польшча, гэтак і Літва… Вялікі князь Ягайла абяцае суму, умоўленую каралевай венгерскай і князем Аўстрыі, менавіта двойчы сто тысяч фларэнаў, сабраць і выплаціць. Той жа вялікі князь Ягайла абяцае і гарантуе ўласным коштам і стараннем вярнуць каралеўству польскаму ўсе краі, кім бы яны ад яго не адарваны і забраны. Той жа вялікі князь Ягайла абяцае вярнуць першасную вольнасць усім хрысціянам, у першую чаргу людзям абодвага полу з зямлі польскай, звычаем вайсковым забраных і пераселеных… Нарэшце, той жа вялікі князь Ягайла абяцае землі свае літоўскія і рускія на вечныя часы да кароны каралеўства польскага далучыць».

Некаторыя гісторыкі выказываюць думку, што тэкст уніі быў сфальсіфікаваны палякамі. Па-першае, ён стаў вядомы пасля смерці Ягайлы, у хроніцы Яна Длугаша. Па-другое, дэлегацыя ВКЛ на Люблінскім сойме 1569 г. аспрэчвала сапраўднасць тэксту Крэўскай уніі. Па-трэцяе, акт дагавора не мае подпісаў і пячатак.

1. Выкажыце сваю думку наконт праблемы ацэнкі Крэўскай уніі. Які пункт гледжання вам бліжэй? Чаму вы абралі менавіта яго?

2. Як вы лічыце, ці могуць служыць доказам фальсіфікацыі акту Крэўскай уніі пералічаныя ў апошнім абзацы тэкста аргументы? Чаму?