Практыкум "СТАНАЎЛЕННЕ І РАЗВІЦЦЕ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ"

5. Урыўкі з «Летапісу вялікіх князёў літоўскіх» [5]

…Калі быў [вялікі князь Вітаўт] у немцаў [у Прусіі], у Мар’інградзе ў магістра, прыехала да яго шмат князёў і баяраў літоўскіх, і пачаў ён з дапамогаю нямецкаю ваяваць Літоўскую зямлю. Князь жа вялікі Ягайла са сваёю маці, вялікаю княгіняю Ульянаю, [знаходзіўся тады] ў Віцебску, а брат яго князь Скіргайла ў Літве ў Троках. I немагчыма стала змагацца вялікаму князю Ягайлу і Скіргайлу супраць князя вялікага Вітаўта, які часта ваяваў Літоўскую зямлю, бо ў яго сабралася вялікая сіла. Тады князь вялікі Ягайла выклікаў яго з Прусіі і даў яму Луцк з усёй зямлёю Валынскаю, а ў Літоўскай зямлі — яго бацькаўшчыну.

Памёр кароль Казімер Кракаўскі, і не было ў яго сыноў, толькі адна дачка Ядвіга. I пачалі ляхі з Кракава слаць да вялікага князя Ягайлы [прапановы], каб ён прыняў хрышчэнне старога Рыма і ўзяў бы ў іх каралеўну Ядвігу сабе за жонку, і стаў бы ў іх каралём у Кракаве і ва ўсёй Ляшскай зямлі. Ён жа, вялікі князь Ягайла, параіўшыся са сваёю маці, княгіняю Ульянаю, і з усімі князямі і баярамі Літоўскай зямлі, паехаў у Ляшскую зямлю, у Кракаў. Там ён хрысціўся і браты яго, і князі, і баяры літоўскія, і ўзяў [Ягайла] каралеўну Ядвігу сабе за жонку, і быў каранаваны таго каралеўства каронаю. I ад таго часу пачалі хрысціць Літву ў лацінскую веру, і прыслаў архібіскуп біскупа ў Вільню для Літоўскай зямлі, і тады пачалі касцёлы ставіць па ўсёй зямлі Літоўскай.

Той жа зімы, калі кароль быў у Кракаве з усімі князямі і баярамі літоўскімі, князь Андрэй Полацкі прыйшоў з немцамі лівонскімі і з усімі латгаламі на Літоўскую зямлю і шмат паваяваў, папаліў гарадоў і сёлаў, замкам жа ў Літоўскай зямлі нічога не ўчыніў і затым вярнуўся назад. Той жа зімы князь Святаслаў Смаленскі ўчыніў змову з князем Андрэем Полацкім. Ен [пайшоў] у Літву, а князь Святаслаў да Оршы, і шмат бяды [яны] нарабілі людзям. Так бязлітасна, не па-хрысціянску мучылі хрысціян, што мы не чулі, каб нават у час нападаў няверных так мучылі, так катавалі хрысціян: збіралі іх, закрывалі ў хатах і падпальвалі, у вялікіх харомах бэлькі прыпаднімалі, палонных пад сцены галовамі клалі і заціскалі, жанчын і дзяцей на вастраколле натыкалі, іншыя ж здзекі над хрысціянамі брыдка і апісваць. Ні Антыёх Сірыйскі, ні Юліян Злачынец так не мучылі хрысціян. Замку ж Оршы нічога не ўчынілі і затым вярнуліся назад.

Той жа зімы пад весну ў вялікі пост пачаў думаць [князь] Святаслаў са смаленскімі баярамі, быццам лютае звяр'ё, бы не хрысціяне, [як бы зноў учыніць] кровапраліцце хрысціянам. I пайшоў к гораду Мсціславу, і аблажыў яго, і пачаў здабываць замак, парокамі біць [сцены], а ў зямлю Мсціслаўскую вояў паслаў. I шмат крыві хрысціянскай пралілося [тады]. Нават Богу было агідна глядзець, як так званыя хрысціяне сваіх братоў-хрысціян не па-чалавечы, не па-хрысціянску катуюць.

Князь жа вялікі Скіргайла і князь вялікі Вітаўт, прыехаўшы з Польшчы ад брата свайго, караля [Ягайлы], уведалі, што князь Святаслаў Смаленскі раней пад Віцебскам быў, потым к Оршы прыходзіў, а цяпер каля Мсціслава стаіць і замак парокамі б'е. I вельмі засмуціўся князь вялікі Скіргайла, і пайшоў са сваімі братамі, з вялікім князем Вітаўтам і з Канстанцінам, і з Карыбутам, і з Сямёнам Лугвенам. I ўспомнілі [яны] слова божае: «Якою мераю чалавек мерае, так і яму адмераецца, а што пасее, тое і пажне». «Мы ж, — казалі яны, — не ўчынілі яму нічога злога, а ён, будучы з намі ў міры, парушыў прысягу і дагавор, нашу зямлю ваюе і кроў хрысціянскую пралівае. Мы ж ідзём на яго, спадзеючыся на Бога і на сілу крыжа». I прышлі [яны] к гораду Мсціславу.

…Дапамог Бог вялікаму князю Скіргайлу і князю вялікаму Вітаўту, а князь Святаслаў кінуўся наўцёкі са сваімі князямі, і з баярамі смаленскімі, і з усім сваім войскам. Божаю сілаю тут немалое дзіва учынілася: было пабіта шмат вояў, князёў і баяраў [смаленскіх], і самога вялікага князя Святаслава забілі. Сына ж яго, князя Юрыя, вялікі князь Скіргайла знайшоў сярод трупаў моцна параненага, ледзь жывога, узяў яго і пачаў лячыць рознямі лекамі, і галаву яму абстрыг, бо шмат было ран, і ўжо страціў надзею, што ён выжыве. Князь жа вялікі Скіргайла залячыў яму раны і прывёз да яго маці, вялікай княгіні Святаслававай, і пасадзіў яго на вялікімі княжанні ў Смаленску, бо за князем Юрыем была замужам дачка старэйшай сястры Скіргайлавай. Адышоў ад горада Смаленска вялікі князь Скіргайла і пайшоў у сваю зямлю Літоўскую, і стаў жыць у Троках, а ў Вільню кароль [Ягайла] прыслаў старасту свайго ляшскага.

Князь жа вялікі Вітаўт валодаў тады Луцкам і ўсёю замлёю Валынскаю, а ў Літоўскай зямлі сваёю бацькаўшчынаю. I было яму вельмі цяжка, што вялікім княжаннем валодае чужы, чаго раней не бывала ў Літоўскай зямлі. Тады ён учыніў раду з усімі князямі і баярамі Літоўскай зямлі, і калі Скіргайла ад'ехаў быў у Полацк, князь вялікі Вітаўт прыйшоў к Вільні, каб ёю завалодаць. Княгіня ж вялікая Ганца была тады ў Гародні. Вільняне не паддаліся тады яму, бо далі прысягу каралю [Ягайлу] і [князю] Скіргайлу, і не ўзяў ён Вільні. I пайшоў [князь вялікі Вітаўт] са сваёю княгіняю, сваімі князямі і баярамі да магістра [у Прусію] і адтуль пачаў ваяваць Літоўскую зямлю з нямецкаю дапамогаю. I ўжо заваяваў быў [палову] Літоўскай зямлі па раку Вілію, і Полацк падраўся яму. I ўбачыў кароль [Ягайла] і князь вялікі Скіргайла, што ўжо не могуць яны ўтрымаць Літоўскую зямлю перад [націскам] вялікага князя Вітаўта.

Князь жа вялікі Вітаўт разам з нямецкімі сіламі пайшоў к Вільні. I сустрэў яго князь Скіргайла з братам сваім Вігантам і з літоўскім войскам на рацэ Віліі каля гарадка пад назваю Вейкшышкі. I дапамог Бог вялікаму князю Вітаўту, і пераможаны былі літоўскія воі, і кінуліся наўцёкі. I шмат іх пабілі, а іншых князёў і баяраў у палон пабралі.

…Таго ж лета да вялікага князя Вітаўта ў Прусію ў Мар'інград прыйшлі паслы з горада Масквы ад вялікага князя Васіля Дзімітравіча і прасілі ў князя вялікага Вітаўта аддаць дачку замуж за вялікага князя Васіля Дзімітравіча. Князь жа вялікі Вітаўт аддаў дачку сваю, князёўну Соф'ю, і адпусціў яе з Мар'інаграда, а з ёю паслаў князя Івана Альгімонтавіча [Гальшанскага]. 3 горада Гданска яны паплылі на карблі па моры і прыехалі да горада Пскова. Псковічы ж выказалі ім вялікі гонар і з пашанаю праводзілі іх да Вялікага Ноўгарада. Ноўгарадцы таксама іх ушанавалі і праводзілі з пашанаю да горада Масквы да вялікага князя Васіля Дзімітравіча. Князь жа вялікі Васіль выслаў насустрач ім з пашанаю братоў сваіх, князя Уладзімера Андрэевіча і князя Андрэя Дзімітравіча, і шмат іншых князёў і баяраў, і сустрэлі вялікую князёўну Соф'ю з вялікаю пашанаю. Тады быў найсвяцейшы мітрапаліт Кіпрыян з архіепіскапамі і епіскапамі, з архімандрытамі, ігуменамі і з усім святарствам, і сустрэлі яе пачэсна з крыжамі перад горадам Масквою. I ўчынілі шлюб пачэсны і павянчалі вялікага князя Васіля Дзімітравіча з вялікаю князёўнаю Соф'яю, і было вяселле выдатнае, пашаны годнае, і павесяліліся раскошна. Мы ж да папярэдняга вернемся.

Князь вялікі Вітаўт жыў у магістра ў Мар'інградзе, і прыслаў да яго кароль [Ягайла] пасла з братам сваім Скіргайлам, так кажучы: «Не губляй больш, браце, зямлі Літоўскай нашай і сваёй бацькаўшчыны, пайдзі, браце, з намі на мір, будзь з намі ў вялікай брацкай любові і вазьмі сабе вялікае княжанне ў Вільні, пасад дзядзькі свайго, вялікага князя Альгерда, і бацькі свайго, вялікага князя Кейстута». Князь вялікі Вітаўт, параіўшыся са сваімі князямі, з князем Юрыем Нарымонтавічам Бельскім і з князем Іванам Альгімонтавічам [Гальшанскім], пайшоў у Літву і сеў у Вільні на вялікім княжанні на пасадзе дзядзькі свайго, вялікага князя Альгерда, і бацькі свайго, вялікага князя Кейстута, і рада была яму ўся зямля Літоўская і Руская.

…Князь жа вялікі Вітаўт сабраў сваё войска і сам пайшоў к Ноўгарадку, і аблажыў горад, і ўзяў Ноўгарадак, а князя Карыбута і княгіню, і дзяцей узяў у палон.

Потым памерла княгіня [Ульяна], жонка Альгерда, і кароль [Ягайла] аддаў горад Віцебск свайму сакальнічаму Фёдару Вясне. Князь жа Свідрыгайла быў тады яшчэ малады. I стаў Фёдар Вясна валодаць горадам Віцебскам і ўсёю Віцебскаю зямлёю паводле парады і загада караля Ягайлы. Князь жа Свідрыгайла не мог таго вынесці, што Фёдар Вясна горадам валодае, а яму не падначальваецца. I забіў ён Фёдара, і ўзяў горад Віцебск. I вельмі. шкадаваў кароль Ягайла, што такое здарылася, і пісаў грамату брату свайму, вялікаму князю Вітаўту, каб ён помсту ўчыніў за тую крыўду.

Князь жа вялікі Вітаўт, узяўшы з сабою князя Скіргайлу і сабраўшы вялікае войска, пайшоў к гораду Віцебску на князя Свідрыгайлу… I стаў вялікі князь Вітаўт здабываць замак. Тут і вялікі князь смаленскі Юрый Святаславіч прыйшоў на дапамогу з усімі смаленскімі сіламі і аддаўся вялікаму князю Вітаўту на службу. I пачалі яны моцна здабываць Віцебскі замак і пушкі паставілі. Віцябляне не вытрымалі і пачалі паддавацца вялікаму князю Вітаўту. Князь жа Свідрыгайла выйшаў з замка і здаўся на волю вялікага князя Вітаўта. Князь жа вялікі Вітаўт узяў горад Віцебск і пайшоў затым у Вільню. Той жа зімы на весну вялікі князь Вітаўт пайшоў у зямлю Падольскую, а князь Уладзімер Альгердавіч, які тады быў у Кіеве, не захацеў пакланіцца і пакарыцца вялікаму князю Вітаўту. Той жа вясны князь вялікі Вітаўт пайшоў і ўзяў гарады Жытомір і Оўруч, і прыехаў да яго князь Уладзімер. Таго ж лета на восень князь вялікі Вітаўт вывеў яго з Кіева і даў яму Капыль, а ў Кіеве пасадзіў князя Скіргайлу. Сам жа князь вялікі Вітаўт пайшоў на Падольскую зямлю, а князю Скіргайлу загадаў ісці з Кіева к Чаркасам і Звянігараду. Князь жа Скіргайла з божаю дапамогаю і воляю вялікага князя Вітаўта ўзяў Чаркасы і Звянігарад і вярнуўся затым у Кіеў.

…Калі вярнуўся князь вялікі Вітаўт з Прусіі на вялікае княжанне, ён адпусціў свайго палоннага князя Глеба Святаславіча ў Смаленск на вялікае княжанне, а князю Юрыю Святаславічу даў горад Раслаўль. Князь Глеб, знаходзячыся ў Смаленску, пачаў выказваць непаслушэнства вялікаму князю Вітаўту… Тады князь вялікі Вітаўт з усімі сваімі сіламі пайшоў к гораду Смаленску на князя Глеба Святаславіча, і калі прыйшоў к Смаленску — здаўся яму [князь] Глеб з горадам Смаленскам…

 1. Прааналізуйце летапісны тэкст з дапамогай памяткі «Як працаваць з дакументамі гістарычнага характару».
           2. Складзіце тэзісны план артыкула, прысвечанага падзеям з гісторыі ВКЛ.
           3. Дайце назву артыкулу.
           4. Падрыхтуйце артыкул, які можна змясціць у энцыклапедыі для школьнікаў.

[5] История Беларуси в документах и материалах /Авт-сост. И. Н. Кузнецов, В. Г. Мазец. Минск: Амалфея, 2000. С. 37–42.